Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец не плянуе вылучацца на прэзыдэнта ў 2015 годзе


Павал Севярынец
Павал Севярынец
«У мяне не было плянаў вылучацца кандыдатам на прэзыдэнта на выбарах 2015 года», — паведаміў сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец 20 кастрычніка журналістам.

Напярэдадні ён вызваліўся пасьля адбываньня трохгадовага пакараньня ў спэцкамэндатуры № 7 (вёска Куплін Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці).

Зараз былы палітзьняволены знаходзіцца ў статусе судзімага, на працягу двух гадоў яму трэба будзе паведамляць у выканаўча-крымінальную інспэкцыю аб зьменах месца жыхарства ці працы. «Але гэта не прэвентыўны нагляд, мяне ня будуць правяраць, дзе я знаходжуся вечарам», — зазначыў ён. Севярынец таксама паведаміў, што намесьнік начальніка спэцкамэндатуры на разьвітаньне паведаміў яму, што вылучацца кандыдатам цягам бліжэйшых двух гадоў ён ужо ня зможа. «Такіх плянаў у мяне і не было, але людзі Аляксандра Рыгоравіча падстрахаваліся», — сказаў ён.

Павал Севярынец, які падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў кіраваў выбарчым штабам кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы ад БХД Віталя Рымашэўскага, адбываў трохгадовае пакараньне за ўдзел у падзеях 19 сьнежня 2010 года. Яго арыштавалі ў ноч на 20 сьнежня на выхадзе з плошчы Незалежнасьці. Пяць месяцаў пасьля арышту Севярынец правёў у сьледчым ізалятары КДБ. У траўні 2011 года суд Заводзкага раёну Менску прызнаў яго вінаватым на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і прысудзіў да трох гадоў абмежаваньня волі ў Куплінскай спэцкамэндатуры № 7.

На волю Севярынец выйшаў 19 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG