20 верасьня расейская «Новая газета» апублікавала матэрыял, у якім дырэктар канцэрну «Белнафтахім» Ігар Жылін названы асноўным завадатарам калійнай вайны. Выданьне называе Ігара Жыліна адказным за рэалізацыю схемы «растваральнікаў-разбаўляльнікаў» і беларускім аналягам Ігара Сечына — «дзяржмэнэджэрам, які вызначае правілы гульні ў цэлым сэктары эканомікі». Журналісты «Новой газеты» сьцьвярджаюць, што паўнамоцтвы Ігара Жыліна роўныя міністэрскім.
«Жыліну такія намёкі робяць ужо даўно, — кажа расейскі аналітык Аляксей Кузьмін. — Схемы, якія ён выкарыстоўваў, цяжка назваць празрыстымі. Прычым калі вы спрабуеце выкарыстоўваць кіраўніцтва краіны «уцёмную», прыкрываючы свае сьляды, то сытуацыя выходзіць з-пад кантролю».
Кузьмін сьцвярджае, што беларускі бок з падачы Жыліна сыстэматычна спрабаваў гуляць сваю гульню на зьнешніх рынках, нягледзячы на альянс з Уралкаліем.
Эканамічны аглядальнік расейскага выданьня «Форбс» Барыс Гразоўскі лічыць, што затрыманьне намесьніка дырэктара «Белнафтахіма» Ўладзімера Волкава, пра якое стала вядома ў аўторак, можа быць часткай калійнага канфлікту.
«Гэта безумоўна важная падзея. Пасьля ўспышкі канфлікту ў жніўні сытуацыя рухаецца да «міравой». З аднаго боку, расейскія чыноўнікі вядуць працу на тое, каб ва «Ўралкалія» зьявіўся новы акцыянэр. Пакет Сулеймана Керымава дакладна будзе прададзены, але пакуль невядома, каму. Пры гэтым куплю будуць крэдытаваць расейскія дзяржбанкі. То бок зьдзелка па продажы керымаўскага пакета будзе ажыцьцяўляцца яўна з ухваленьня палітычнага кіраўніцтва краіны.
Зь іншага боку, відаць, расейскія чыноўнікі запатрабавалі ад Лукашэнкі таксама зрабіць пэўныя дзеяньні для таго, каб сытуацыя выйшла з канфліктнай фазы і са сцэны былі выведзеныя людзі, якія схапіліся ў гэтай схватцы. Мне здаецца, што ператрусы ў намесьніка старшыні «Белнафтахіму» можна менавіта ў гэтым кантэксьце разглядаць. Расея прыбірае сваіх гульцоў, дзеяньні якіх прывялі да канфлікту, а Беларусь цяпер мусіць зрабіць прыкладна тое самае».
Новыя схемы абысьці расейскі нагляд?
«Новая газета» зьвяртае ўвагу на зарэгістраваную ў Брытаніі фірму Agrofertrans, адным з партнэраў якой выступае «Гродна Азот». Ігар Жылін, зьявіўшыся ў Беларусі ў 2009 годзе, распачаў сваю кар’еру якраз дырэктарам гэтага прадпрыемства. А брытанская фірма сёлета стала прапаноўваць для продажу прадукцыю «Беларуськалія».
Беларускі эканаміст Стась Івашкевіч яшчэ да пачатку калійнага канфлікту зьвярнуў увагу на тое, што «Гродна Азот», які за студзень-май нарасьціў вытворчасьць азотных угнаеньняў толькі на 3,1 працэнта, павялічыў іх продаж за мяжу больш як у чатыры разы — да 61 млн. даляраў.
Экспарт галінаў нафтавай прамысловасьці — непасрэднай сфэры дзеяньня канцэрну «Белнафтахім» пад кіраўніцтвам Ігара Жыліна — у мінулым годзе павялічыўся з 19 млн даляраў да 84, што кампэнсавала страты ад падзеньня калійнага рынку. «Ці ня вынайшаў Менск чарговы інавацыйны спосаб абыйсьці абмежаваньні, накладзеныя на яго дамоўленасьцямі з Расеяй?» — пытаўся Івашкевіч, параўноўваючы калійна-азотную схему са схемай растваральнікаў-разбаўляльнікаў.
Справа Бароўскага
Уладзімер Волкаў, якога затрымаў Сьледчы камітэт за хабар, працуе ў канцэрне з 2002 году. У 2007-м нават выконваў абавязкі старшыні канцэрну. Адбылося гэта пасьля таго, як тагачаснага старшыню Аляксандра Бароўскага затрымалі па падазрэньні ў карупцыі.
Затрыманьне Бароўскага адбывалася на надзвычай цікавым палітычным фоне. У сьнежні 2006 году Расея прымае рашэньне абкладаць нафту, якая паступае ў Беларусь, вывазным мытам. Ад 1 сьнежня 2007 году памер мыта складзе 180 даляраў за барэль (павелічэньне на 25 даляраў). Экспэрты прагназуюць падзеньне беларускага ВУП на 10-15 працэнтаў. На перамовах у Расеі Пуцін і Лукашэнка абмяркоўваюць пытаньне перадачы «Газпрому» кантролю над АТ «Белтрансгаз» на ўмовах Расеі, падпісаньне кантракту на пастаўку газу па 200 даляраў за тысячу кубоў і разьлік акцыямі «Белтрансгазу». У выніку — 31 сьнежня 2006 году Беларусь падпісвае пагадненьне з «Газпромам» пра пастаўку 21,8 млрд кубоў газу ў 2007 годзе па цане 100 даляраў за тысячу кубоў.
Аляксандар Бароўскі публічна называе гэтае рашэньне «эканамічна няправільным» і вінаваціць у ім асабіста прэм’ера Андрэя Кабякова. «Калі Расея прапанавала падзяліць мыта на нафтапрадукты, на перамовы паехала камісія не таго ўзроўню, і ў выніку мы атрымалі нечакана ў сьнежні мыта 180 у. а. Нам не далі ў сьнежні завезьці нафту, хоць мы і дамаўляліся».
Бароўскага затрымліваюць у маі 2007 году. Прыблізна ў гэты ж час «Газпром» купляе першую палову акцыяў «Белтрансгазу». Супрацоўнікі КДБ арыштоўваюць дачку Бароўскага, на рахунку якой у кіпрскім банку знаходзяць 500 тысяч даляраў. З гэтай прычыны, сьцьвярджае Бароўскі, першыя паказаньні ён даваў у несьвядомым стане. Але Бароўскі кажа, што справа супраць яго сфабрыкаваная. Выглядае, што ён нават ведае імёны людзей, якія яго «падставілі».
На судзе, як сьведчыць журналістка «Народнай волі» Марына Коктыш, гучалі прозьвішчы бізнэсмэнаў, якія ўваходзяць у топ рэйтынгу найбольш уплывовых бізнэсмэнаў Беларусі.
На працэсе Аляксандр Бароўскі раскрывае, што такое «Белнафтахім» для беларускай эканомікі, і кажа, што ў студзені 2007-га эканамічная сытуацыя была блізкая да каляпсу.
З паказаньняў Бароўскага на судзе:
«У «Нафтана», напрыклад, увогуле не было грошай. 1 студзеня ў заводу забралі ўвесь чысты прыбытак у стабілізацыйны фонд краіны. Грошы проста ўзялі і забралі. Не папярэджваючы... Ані ў кога не было грошай. І ў Мазырскага НПЗ таксама... Я не магу распавядаць гісторыю, якая была ў нас у студзені ў Беларусі (2007 — рэд.). У нас было страшна. Спыняліся запраўкі, сельская гаспадарка, авіяцыя... На пачатку году з мытам мы нафту закупілі толькі 15 лютага... Мы былі на мяжы...»
Прысуд Бароўскаму гучыць у сакавіку 2008-га: 5 гадоў пазбаўленьня волі і 3 гады пазбаўленьня права займаць кіраўнічыя пасады. Пад канец году прэзыдэнт памілуе яго асабістым указам, а яшчэ пазьней Бароўскага прызначаць дырэктарам МАЗа. Гэтую пасаду ён будзе займаць да канца 2012 году.
Адвакатам Аляксандра Бароўскага на судзе быў той самы Дзьмітры Гарачка, які абараняе цяпер фігуранта «калійнай справы» Ўладзіслава Баўмгертнэра. А абвінаваўцам на працэсе быў Сяргей Целяжэвіч. Ягоную сястру — адвакатку Натальлю Целяжэвіч затрымалі за хабар у 10 тысяч даляраў літаральна пару тыдняў таму. Цяпер Сяргей Целяжэвіч — адвакат сваёй сястры.
Як Бароўскага здымалі з пасады пры прэсінгу Расеі, так і Ігар Жылін пры аналягічным прэсінгу прыйшоў на працу дырэктара «Белнафтахіма». У сьнежні 2010-га, за некалькі дзён да прэзыдэнцкіх выбараў, на перамовах Лукашэнкі і Мядзьведзева прымаецца рашэньне скасаваць экспартнае мыта для Беларусі. Пры гэтым Беларусь мусіць вяртаць у расейскі бюджэт мыта з нафтапрадуктаў, якія бярэ на сваёй мяжы. У лютым 2011-га канцэрн узначаліў Ігар Жылін, а яшчэ пазьней запрацавала схема з растваральнікамі-разбаўляльнікамі.
Унутраныя разборкі?
Праўда, у экспэртаў ёсьць і іншыя меркаваньні наконт падзеяў у «Белнафтахіме». Так, эканаміст Уладзімер Арцюгоў зьвяртае ўвагу на тое, што крымінальныя справы пачатыя ня толькі супраць мэнэджэра «Белнафтахіма». Таксама расьсьледаваньне вядзецца ў дачыненьні да двух кіраўнікоў «Белшыны». Аднаго зь іх падазраюць у нанясеньні матэрыяльнай шкоды прадпрыемству ў памеры 465 мільёнаў рублёў. А другога — у крадзяжы 514 мільёнаў.
«Напэўна ёсьць унутраныя супярэчнасьці паміж унутранымі групамі. Але праверкі ідуць па ўсіх арганізацыях. А гэта паказвае, што ўцягнутая ўся сыстэма, ёсьць прэтэнзія да ўсяго дырэктарскага корпусу. Гэта азначае, што яны недастаткова выконваюць галоўную задачу краіны — атрыманьне валюты. Яны могуць матываваць гэта розным чынам, але ўлада кажа: не ўпраўляецеся — сыходзьце. А каго канкрэтна затрымалі — гэта ўжо дробныя дэталі. Галоўная задача — хлопцы, ідзіце працаваць».
Камэнтароў ад прадстаўнікоў «Белнафтахіма» наконт затрыманьня Ўладзімера Волкава па-ранейшаму няма. Эканаміст Дзьмітры Балкунец кажа, што пасадкі ў канцэрне будуць працягвацца, пакуль уся сыстэма застаецца непразрыстай. Ён згадвае, што, напрыклад, з прычыны нерацыянальных дзеяньняў «нявызначаных асобаў» нафта, якую пастаўлялі ў Беларусь з Вэнэсуэлы, абышлася Беларусі ў два разы даражэй за расейскую. «Гэта сур’ёзная шкода інтарэсам Беларусі, і за гэта трэба несьці адказнасьць», — лічыць экспэрт.
Небясьпечнае паліва
У сувязі з працэсам Бароўскага гучала імя бізнэсмэна Юрыя Чыжа. Тады бізнэсмэн адмаўляў сваё дачыненьне да справы кіраўніка «Беланафтахіму». Але затрыманьне блізкага да яго бізнэсоўца, заснавальніка шэрагу прадпрыемстваў па рэалізацыі нафтапрадуктаў Аляксея Алексіна выглядае як намёк і самому Чыжу, якога заходнія мэдыі называюць “кашальком Лукашэнкі”.
Паводле парталу Firmas.lv, жыхары Беларусі Дзьмітры і Іна Алексіны, якія пражываюць у адной кватэры ў Менску, летась прыдбалі па 40% акцыяў латвійскай фірмы Mamas D, якая займаецца вытворчасьцю біяпаліва і якая раней належала беларускай фірме “Нэанафта”, падкантрольнай холдынгу “Трайпл” Юрыя Чыжа. Перадача доляў адбылася пасьля таго, як Юры Чыж трапіў у чорны сьпіс, і супраць яго і ягоных прадпрыемстваў былі ўведзеныя санкцыі Эўразьвязу.
Алексіны таксама кіруюць базай адпачынку “Сябры”, якая ўваходзіць у склад групы кампаній “Трайпл”.
Сярод сяброў сына Аляксея Алексіна, Дзьмітрыя, у сацыяльнай сетцы Вконтакте ёсьць Сяргей, Тацьцяна і Ўладзімер Чыж. Магчыма, гэта дзеці бізнэсмэна Юрыя Чыжа.
У адным са сваіх інтэрвію Юры Чыж распавядаў пра дзяцей наступнае: «У мяне трое дзяцей. Старэйшы Сяргей атрымаў добрую адукацыю і працуе ў структуры «ProStore», праходзіць усе ступені. У нас цяпер адзін цікавы праект у сфэры гатэльнага бізнэсу з сусьветным брэндам «Кемпінскі». І дачка Тацьцяна ўзяла накірунак гатэльнага бізнэсу, вучыцца ў Швэйцарыі. Ёй падабаецца. Малодшы сын Уладзімер вучыцца ў школе... Захоплены дужаньнем...»
Паводле акаўнтаў у сацыяльных сетках Сяргей Чыж скончыў Оксфард і Лёнданскі каледж. Ягонае імя і прозьвішча напісаныя ў профілі па-беларуску.
Затрыманьне намесьніка генэральнага дырэктара «Белнафтахіму» Ўладзімера Волкава і бізнэсмэна Аляксея Алексіна, блізкага да алігарха Юрыя Чыжа, наўрад ці можна лічыць проста шараговай справай у барацьбе праваахоўных органаў з карупцыяй. Прыход супрацоўнікаў Сьледчага камітэту ў «Белнафтахім» можа сьведчыць пра аб’яднаньне франтоў калійнай і нафтагазавай вайны.
Самае папулярнае
1