Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу аб зьнікненьні Захаранкі могуць закрыць праз год


Юры Захаранка
Юры Захаранка

Аднак новая беларуская ўлада ў любым выпадку павінна будзе вярнуцца да расьсьледаваньня зьнікненьня Юрыя Захаранкі і іншых апанэнтаў Лукашэнкі, — перакананы праваабаронца, былы сьледчы Алег Воўчак.

Кіраўнік аб’яднаньня «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак атрымаў ліст са Сьледчага камітэту пра тое, што справа аб зьнікненьні экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі працягнутая на тры месяцы да 24 сьнежня 2014 году.
Алег Воўчак
Алег Воўчак

«Гэта стандартная працэдура, і гэта юрыдычна мае скончыцца праз год, 17 верасьня 2014 году, калі выйдзе 15-гадовы тэрмін даўнасьці, калі асоба, якая падазраецца ў злачынстве, можа быць прыцягнутая да адказнасьці. Юрыдычна, нават калі вінаватых і знойдуць, то яны ня могуць быць пакараныя. Былі такія выпадкі, што праз 15 гадоў і знаходзілі вінаватых, але адразу вызвалялі ад адказнасьці ў сувязі са сканчэньнем тэрміну даўнасьці, — патлумачыў Свабодзе Алег Воўчак. — Аднак гэта не бытавое злачынства. Новай уладзе трэба будзе прымаць нейкае палітычнае рашэньне па гэтай справе, як і па іншых справах зьніклых, таму што ў гэтым выпадку сьледчыя органы не рабілі ўсіх неабходных дзеяньняў, каб выявіць акалічнасьці справы, і тэрміны могуць быць прапушчаныя пры іх патураньні».

Апрача таго, справы Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзьмітрыя Завадзкага ня будуць зьнятыя з кантролю ў Камітэце ААН па прымусовых зьнікненьнях, пакуль ня будзе ўстаноўленая магіла альбо асоба, якая зьдзейсьніла выкраданьне, — нагадаў Воўчак.

«Беларускія ўлады павінны будуць прадставіць у ААН справаздачу, што было зроблена за 15 гадоў пошукаў. Гэта хіба адзіны орган, перад якім улады робяць справаздачы аб зьніклых. Яны ўжо прадстаўлялі туды стандартныя адпіскі. Мы таксама зьвярталіся ў Сьледчы камітэт з запытам, што было зроблена за 14 гадоў сьледзтва, але адказу так і не атрымалі. Думаю, што яны нічога і не рабілі. Фактычна справа была раскрытая яшчэ ў 2001 годзе, таму генэральнага пракурора Алега Бажэлку тады і звольнілі», — перакананы Алег Воўчак.

Цяпер фармальна справамі Юрыя Захаранкі і іншых зьніклых займаецца сьледчы Юры Вараўка, але ніякай актыўнасьці ён не выяўляе.

Юры Захаранка нарадзіўся ў 1952 годзе. Падчас выбараў першага прэзыдэнта Беларусі ўваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі. У 1994–1996 гадах кіраваў МУС.

Сышоўшы ў апазыцыю, у 1998 годзе былы міністар стаў сябрам «ценявога ўраду», дзе ўзначаліў камітэт па бясьпецы.

Вясной 1999 году актыўна ўдзельнічаў у арганізаванай апазыцыяй кампаніі выбараў прэзыдэнта. Ён увайшоў у каманду былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра, езьдзіў па краіне, арганізоўваў групы зьбіраньня подпісаў.

Захаранка стварыў альтэрнатыўны саюз афіцэраў. Паводле адной з вэрсіяў, менавіта гэта і стала асноўнай прычынай раптоўнага зьнікненьня былога міністра.

Захаранку выкралі ўвечары 7 траўня ў раёне вуліцы Магілёўскай у Менску па дарозе дадому. Неўзабаве сям’я генэрала атрымала палітычны прытулак у Нямеччыне.

Расьсьледаваньне справы па факце зьнікненьня Юрыя Захаранкі не завершанае.

Праваабаронца Алег Воўчак — давераная асоба сям’і Захаранкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG