Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая зямля


«Пасьля заходу сонца я зноў павярнуў на Захад. З хуткасьцю дванаццаць вузлоў мы рушылі наперад і да 2 гадзін раніцы прайшлі дзевяноста міляў. Каравэла „Пінта“ ішла хутчэй за два астатнія караблі і абагнала нас, дык на ёй першыя пабачылі зямлю і падалі ўмоўны сыгнал. Першы заўважыў сушу матрос, якога звалі Радрыга дэ Трыяна...»

Такі запіс пакінуў Хрыстафор Калюмб у бартавым журнале — а менавіта ў тым яго разьдзеле, які апісваў падзеі 12 кастрычніка 1492 году.

Першымі словамі першага эўрапейца, які ўпершыню пабачыў новы кантынэнт, былі «Зямля, зямля!» У іх была палёгка, у іх была надзея, у іх крычала рашучасьць, дрыжэла воля, пульсаваў страх. «Зямля!» Прысуд для адных, а для другіх... Магчыма, гэта можна параўнаць з пазыўнымі — або абвесткай пра тое, што наступная станцыя канцавая. З просьбай пакінуць вагоны. «Зямля, зямля!» — гэта прагучала ў цемнаце як верш, і ні Стары, ні Новы сьвет даўно ня чулі такой радаснай і трывожнай паэзіі.

Кажуць, Радрыга дэ Трыяна, ён жа Хуан Радрыгес Бэрмэха, паходзіў зь сям’і марыскаў і наняўся на Калюмбавы караблі, гнаны страхам перад інквізыцыяй. У такім разе ў слове «зямля», якое раптам хрыпата выгукнуў ягоны непаслухмяны голас, для яго было значна больш, чым для ягоных таварышаў. Гэта было нейкае такое коласаўскае прадчуваньне зямлі — якая зможа зрабіцца тваёй, толькі калі ты будзеш адчуваць яе ня толькі нагамі, але пачуеш біцьцё яе сэрца. Матросы, бадзягі і калюмбы для гэтага ня створаныя.

Дарэчы, тое, што Трыяна-Бэрмэха сапраўды пабачыў у тую ноч зямлю, аспрэчваецца. «Пінта» на той момант заставалася кілямэтраў за дзьвесьце ад выспаў, на якіх неўзабаве ўкленчыць Калюмб. Але «Зямля, зямля» пракрычаў менавіта ён. Карабельны журнал не дзяржаўны часопіс, ён ня хлусіць...

Калі б новыя кантынэнты называлі ў гонар тых, хто першы зараве з мачты: «Зямля!», дык Амэрыка была б, адпаведна, Бэрмэхіяй або Трыяніяй — так што тут Новаму сьвету пашанцавала. Трыяна наагул не атрымаў за вастрыню вачэй сваіх анічога. Напярэдадні Калюмб, ці то бачачы настрой каманды, якая ўжо тачыла на яго зубы, ці то згодна з традыцыяй, прызначыў узнагароду таму, хто першы пабачыць зямлю. Аднак Трыяна, які быў пайшоў да адмірала, пакінуў яго каюту з пустымі рукамі. «Я першы яе пабачыў, — патлумачыў будучы адкрывальнік Новага сьвету агаломшанай камандзе. — Яшчэ ўчора ўвечары. Але не крычаў як дурны...»

Каманда пабурчала і разышлася па сваіх месцах. Наперадзе была зямля — і зьвядзеньне рахункаў варта было пакінуць на потым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG