Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самы нетаропкі чалавек у сьвеце


2 кастрычніка 1872 году ў 20.45 чалавек, якога звалі Філеас Фог, у суправаджэньні свайго слугі Паспарту выехаў зь Лёндану і ўзяў курс на ўсход. А 21 сьнежня 1872 году ў 20.50 чалавек, якога звалі Філеас Фог, у суправаджэньні свайго слугі Паспарту ў Лёндан вярнуўся. Між гэтымі падзеямі зьмясьціўся цэлы раман — і, па сутнасьці, сьвет зрабіўся круглы толькі пасьля ягонай апошняй кропкі. Бо калі звычайны брытанец можа давесьці гэты факт, абсалютна ім не пераймаючыся, значыць, кругласьць не аспрэчыць ужо нікому.

Бо Філеас — архетып брытанца. «Гэта быў самы нетаропкі і адначасова самы акуратны чалавек на сьвеце. Само сабою зразумела, што такі чалавек жыў самотна і, так бы мовіць, па-за ўсялякімі грамадзкімі сувязямі. Ён ведаў, што ў жыцьці міжволі даводзіцца, як той казаў, церціся між людзей — а трэньне замаруджвае рух: ну дык ён і трымаўся асобна ад усіх». Паспрабуй загані такога ў рай: у карычневым яму не спадабаецца дызайн і фіранкі, у чырвоным — кухар і ранішнія газэты. І ніякай ідэалёгіі, прашу вас: размова выключна пра джэнтэльмэнства або ягоную адсутнасьць. «Як дэндзі лёнданскі...» — гэта ж не пра адзеньне насамрэч сказана. Або толькі пра яго — не кранаючы больш важных фігураў.

Падарожжа Фога — прыгожая прыгода, аднак ён вандруе легальна, і там, дзе не хапае пашпарта, ён мае слугу з такім вось характэрным авіраўска-раўскім імем — і ўсё неяк улагоджваецца. Сам слуга ставіцца да Фога, як недалёкія розумам суседзі да эстонцаў: «Такіх жывых малойцаў, як мой гаспадар, я бачыў хіба што ў музэі мадам Цюсо!» — з захапленьнем кажа Паспарту, гэты Джыўс самага першага Вустэра, гэтыя Пляншэ, Мушкетон, Грымо і Базэн у адной не пазбаўленай гумару і мужнасьці асобе.

Шчасьлівая памылка Фога — думаючы, што прайграў заклад, ён яго выйграў, і ўсё дзякуючы недасканаласьці сьвету, які дазваляе эканоміць час, але толькі вандроўнікам! — сутыкаецца з паліцэйскай памылкай: і гэта галоўная іронія Вэрнавага твору. Спрабуючы спаборнічаць са сьветабудовай, лестрэйды заўжды церпяць паразу — а голмсы зьяжджаюць у свае райхенбахі. Васковая фігура атрымлівае кулю ў скронь, але на дзень раней, чым трэба — мадам Цюсо ганарылася б такім экспанатам. І ангельская каралева таксама.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG