«Разам з гітарай шчасьце забілі,
Над растралянаю песьняй ня плач...»
Прыкладна так гучалі б тыя самыя радкі колішняга савецкага гіта, калі б «Песьнярам» заманулася прасьпяваць іх па-беларуску. Да тэкстаў тады ставіліся сур’ёзна: нота, якая кропляй крыві пунсавее на мёртвай струне — цяпер гэта выглядае амаль сюррэалізмам; цяпер такое не зразумелі б. Ну, Чылі, ну, гітарыст нейкі, віктарцой сямідзясятых — а нам што з таго? Нават паржаць няма з чаго. А Піначэт наагул быў рэфарматар і «крэпкі хазяйсьцьвеньнік». І пажраць, і пажраць пры ім было — і нават зь лішкам.
...16 верасьня 1973 году на ўскраіне Сант’яга быў знойдзены, сярод іншых, труп паэта, сьпевака і рэжысэра Віктара Хары. Для народу новай уладай штодня рыхтавалася зводка навінаў — і назаўтра ў ёй зьявіліся гэтыя два радкі:
«Вядомы фальклярыст Віктар Хара загінуў у перастрэлцы з вайсковым патрулём».
Як бачым, у вядомасьці Хары не адмаўляў нават новы рэжым. А «перастрэлка» выглядала такім чынам. 12 верасьня Хару з натоўпам іншых арыштаваных прывезьлі на крыты валейбольны стадыён у цэнтры сталіцы. Увечары тут было сабрана каля пяці тысяч чалавек. Афіцэр у цёмных акулярах задаволена назіраў за тым, як запаўняецца прасторная заля. І раптам ён выцягнуў руку і паказаў кудысьці паўзьверх схіленых галоваў.
«А цябе я знаю... — прамаўляе ён радасна. — Ты Хара! Сам Хара ўганараваў нас сваім візытам!»
Усе з зайздрасьцю азіраюцца. Няўжо гэты фашыст — прыхільнік «нашага барда»? Але Хару выцягваюць з шэрагаў зьняволеных — і пачынаюць біць. Аўтаматнымі прыкладамі. Пісталетам па галаве. Валяць на зямлю і б’юць ботамі. Ламаюць рэбры. Выбіваюць вока. Камандуе той самы высокі элегантны бляндын у акулярах. Урэшце ён здымае іх — каб лепш бачыць.
«Мы цябе навучым, сука, сьпяваць чылійскія песьні».
Паводле сьведчаньняў тых, хто ацалеў у гэтым пекле на валейбольнай пляцоўцы, навокал панавала нармальная такая атмасфэра здаровага антыкамунізму. Аднаму студэнту адрэзалі вушы. Расстралялі ва ўпор падлетка, які пачаў крычаць ад страху. Праламалі прыкладам чэрап старому. Хару загадана не даваць ні ежы, ні вады. 15 верасьня ён піша цыдулку жонцы, у той дзень яго апошні раз бачаць жывым — бачаць, як Хару зьбіваюць прыкладамі вінтовак.
Віктара Хару мог чакаць той самы лёс, як і дзясяткі тысяч ягоных суайчыньнікаў, якім удалося пасьля перавароту пакінуць краіну і пасяліцца ў Мэксыцы, у Гішпаніі, у Італіі, Ангельшчыне, Нямеччыне... ды іх можна знайсьці цяпер па ўсім сьвеце. Адным зь іх быў Рабэрта Баланьё, аўтар «2666» і «Чылійскага нактурна». Дваццацігадовага Баланьё таксама арыштавалі — але афіцэрам у ягоным выпадку аказаўся хай сабе не прыхільнік, але былы аднаклясьнік. Баланьё выпусьцілі — і ён эміграваў. Кропля ніадкуль ня падала. Яна ўзьляцела — насуперак законам фізыкі, літаратуры і савецкай эстрады.
Ня верыцца ў тое, што Баланьё прыязна ставіўся да творчасьці Хары. Ён нават Нэруду не любіў, гэты дзіўны чалавек зь вечна трывожным позіркам... Але бываюць часы, калі творчыя погляды больш ня важныя, а важныя акурат трывожныя позіркі. Ці ў Беларусі часы цяпер менавіта такія? Ня ведаю.
«Новую песню, выстрадай, Чили...» Выпакутаваць для краіны новую песьню давялося тым, хто застаўся. Напрыклад, Эдвіну Дымтэру Біянчы, у наш час — пажылому чылійскаму службоўцу, сьціпламу працаўніку пэнсійнай сфэры. Як высьветлілася, біяграфія ў Эдвіна была вельмі цікавая, проста краіна ня ведала сваіх герояў. Менавіта ён, Эдвін, у 1973 годзе «забіў шчасьце» разам з гітарай. І ні пра якія мёртвыя струны думаць ня думаў. У тыя далёкія верасьнёўскія дні ён адчуваў сябе каралём. Няхай ня Чылі, а ўсяго толькі стадыёну ў цэнтры Сант’яга — затое ўлада была сапраўды неабмежаваная. Аб-са-лют-на-я. Як слых. Эдвін любіў музыку. Яны чамусьці ўсе любяць музыку. І вучаць іншых граць і сьпяваць. Прыкладам свайго патрыятызму — і націск тут мае значэньне.