Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: «Арышт Баўмгертнэра — адэкватны крок»


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ заявіў, што не падтрымлівае патрабаваньне Алеся Міхалевіча, паўла Марозава і Вольгі Карач вызваліць Уладзіслава Баўмгертнэра.

«Партыя БНФ стаяла, стаіць і заўсёды будзе стаяць за абарону нацыянальных інтарэсаў Беларусі. І любую сытуацыю мы разглядаем перадусім з пункту гледжаньня нацыянальных інтарэсаў. Таму сёньня казаць пра арышт Баўмгертнэра як пра стаўленьне да аднаго чалавека не выпадае. Мы перакананыя, што гэтую сытуацыю і гэты арышт трэба ацэньваць з гледзішча нацыянальных інтарэсаў і з улікам усёй гісторыі дачыненьняў «Беларуськалія» і «Ўралкалія».

Аляксей Янукевіч не адмаўляе, што беларускія ўлады зрабілі шмат памылак, найперш калі ўвайшлі ў пагадненьне з «Уралкаліем» і дазволілі тыя махінацыі, пра якія сёньня стала вядома.

«Аднак ва ўмовах, калі выбар стаяў паміж адмоваю ад уласнасьці і жорсткімі крокамі ў дачыненьні да мэнэджмэнту „Ўралкалія“, беларускі бок дзейнічаў тактычна адэкватна. Што да стратэгіі, то мы перакананыя, што любыя дамоўленасьці з расейцамі ў межах Мытнага зьвязу на ўзроўні прыватных дамоўленасьцяў паміж прадпрыемствамі апрыёры ставяць беларусаў у такую сытуацыю, калі трэба альбо саступаць расейцам і аддаваць нашую ўласнасьць, альбо дзейнічаць грубымі мэтадамі. Трэба выходзіць з Мытнага зьвязу і супрацоўнічаць з краінамі цывілізаванага сьвету».

3 верасьня экс-кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Алесь Міхалевіч, кіраўніца грамадзкай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач і каардынатар грамадзкага руху «Трэці шлях» з Эстоніі Павал Марозаў зьвярнуліся да беларускіх уладаў з адкрытым лістом, у якім патрабуюць «неадкладнага вызваленьня Ўладзіслава Баўмгертнэра, а таксама ўсіх палітвязьняў, усіх вязьняў, несправядліва асуджаных і тых, што сядзяць у беларускіх турмах за эканамічныя злачынствы па сфабрыкаваных крымінальных справах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG