Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Або сьмерць


Чачэнскі герб — сапраўдны ўзор мастацтва: гэты чорны воўк запамінаецца назаўсёды. Чачэнскі герб — адзін зь нешматлікіх у сьвеце, што кажуць пра свой народ праўду: яны і праўда як ваўкі, вольныя, моцныя, няскораныя, такіх не прыручыш... Іожалла я маршо, свабода або сьмерць. Прыгадваюцца знаёмыя гамбурскія чачэнцы-выгнанцы: нязломкі, упэўненыя, іранічныя, з горнай тугой у вачах, стомленыя ад вечнай вайны, якая даганяе іх і тут — і здольныя адным рухам стрэсьці зь сябе ўсе наліплыя стэрэатыпы. Чачэнцы зь іхнымі аповедамі пра расейскія «зачысткі» і «замірэньні», пасьля якіх — напэўна, як сымбаль міру і спакою — заставаліся горы трупаў. Чачэнцы, пра якіх нехта сказаў, што яны — апошнія вольныя людзі ў сьвеце. Прыгадваюцца і іхныя «апанэнты» з расейскамоўнага лягеру — для якіх сьвет без вайны ня мае сэнсу, падазроныя да кожнага, хто хаця б барадою, хаця б позіркам, хаця б словам...

6 верасьня — ня самы кепскі дзень для таго, каб павіншаваць чачэнцаў з Днём незалежнасьці. Можна сказаць нават, што лепшага дня і не знайсьці: 6 верасьня 1991 адначалася ў Чачэнскай Рэспубліцы Ічкерыя як дзяржаўнае сьвята. Пачынаючы з 1992-га, калі ў Джахар (тады яшчэ — Грозны) прыехалі на сьвяткаваньне Гамсахурдзія і, хто б мог падумаць: Жырыноўскі.

Натуральна, можна запярэчыць, што такой дзяржавы, як Ічкерыя, больш не існуе, а хто-ніхто нават прыгадае яе непрызнанасьць і поўную маргінальнасьць. Што ж, і БНР таксама не існуе... Вось скажаш такое — і сам сябе ловіш на нейкай супярэчнасьці. Што, хіба праўда — не існуе? Не існуе настолькі, наколькі не існуе нас саміх. На шчасьце, гэткія ідэі жывуць ня толькі і ня столькі сёньняшнім днём і выключна палітычнай рэальнасьцю не вымяраюцца, інакш наўрад ці можна было б давесьці існаваньне і такіх на першы погляд ахраненна рэальных утварэньняў, як РБ, ЗША і КНДР. У тым, што Ічкерыя — гэта ідэя, большая за сваё імя, пераканаліся нават яе ворагі, а хто можа лепш пацьвердзіць жыцьцяздольнасьць ідэі?..

6 верасьня 1991 году так званы Вярхоўны Савет Чачэна-Інгушскай Аўтаномнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі быў разагнаны дудаеўскімі паўстанцамі. Выправіліся дамоў маскоўскія «дачнікі»: «дарадцы», «памочнікі», «кансультанты» і «намесьнікі»; а «прадсядацель» гарсавету Куцэнка, прысланы для нагляду за непакорнымі «дзікунамі», быў... таго, дэфэнэстраваны. Страшна гучыць, праўда? Але слова гэтае азначае зусім не зьняцьце скальпу і публічнае паяданьне парэштак ахвяры на галоўнай плошчы Грознага — яго проста выкінулі з акна. Што, калі ўспомніць гусіцкія войны і трыццацігадовую эўрапейскую сечу, падчас якіх прагрэсіўныя чэхі выкідвалі бургамістраў у вокны, як недапалкі, зусім не выглядае нейкай асаблівай азіятчынай.

Азіятчына на чачэнскай зямлі пачалася трохі пазьней... Зь вяртаньнем сюды, у Чачню, тых, хто лічыў сябе «законнымі гаспадарамі» (усе сучасныя акупанты чамусьці ня любяць, калі іх называюць акупантамі: сорамна, ці што? нацысты былі больш шчырыя). Вялікая, не па тазіку, Расея чарговы раз схапіла сябе за валасы і паспрабавала ўтапіцца ў неглыбокай, сьмярдзючай вайне. Што паробіш: некаторыя здольныя дыхаць толькі гэткім чынам — а жыць і камандаваць хочацца. І яшчэ мачыць. Мачыць. Мачыць. Харошае слова. Галоўнае слова. Русское. У ім уся праўда. І яшчэ ў ваўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG