Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дабратвор асуджаны на 5 сутак арышту


Ільля Дабратвор
Ільля Дабратвор

Прадпрымальнік Ільля Дабратвор, які быў затрыманы 30 жніўня, асуджаны на 5 сутак арышту.

Суд Першамайскага раёну зьвінаваціў у дробным хуліганстве і пакараў пяцьцю суткамі арышту актывіста руху салідарнасьці «Разам» Ільлю Дабратвора. У дзень нараджэньня Лукашэнкі Ільля Дабратвор на знак пратэсту праехаў у менскім мэтро зь бел-чырвона-белым сьцягам.

У майцы з гербам «Пагоня» і з разгорнутым бел-чырвона-белым сьцягам у руках Ільля Дабратвор 30 жніўня прайшоўся па чыгуначным вакзале Менску, а потым праехаў на станцыю мэтро «Ўручча». Сваю акцыю Ільля Дабратвор патлумачыў у судовым перапынку:

«Я праехаў праз усё мэтро са сьцягам. Гэта было 30 жніўня — дзень народзінаў Рыгоравіча — каб ён ведаў, што яшчэ засталіся людзі, якім не падабаецца ягоны новы-стары сьцяг. І ў мэтро было вельмі добра: мяне падтрымлівалі, рабілі здымкі — гэта было вельмі прыемна».

Міліцыянты затрымалі Ільлю Дабратвора, толькі калі ён ужо выйшаў з мэтро, і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, не паведаміўшы пра гэта сваякам. Жонка Іна, якая разам з Ільлём гадуе пецярых непаўналетніх дзяцей, нічога ня ведала пра ягоны лёс цягам двух дзён:

«Ён у пятніцу пайшоў на працу і зьнік — ад яго не было ніякіх навінаў, ніякіх. Я тэлефанавала ўсім ягоным сябрам і знаёмым, каб даведацца хоць штосьці, але ніхто нічога ня ведаў. Толькі сёньня мне паведамілі, і я спадзявалася, што яго адпусьцяць. Ня думала, што пакінуць у турме і надалей».

Адміністрацыйны пратакол на Ільлю Дабратвора склалі паводле адміністрацыйнага кодэксу — аб дробным хуліганстве. За тое, што ён нібыта брыдкасловіў у грамадзкім месцы. У судзе гэта яшчэ раз пацьвердзіў міліцыянт, які браў удзел у затрыманьні. У выніку судзьдзя Сяргей Бандарэнка пакараў актывіста пяцідзённым арыштам. Паплечнік Ільлі ў грамадзкім руху, прадпрымальнік Аляксандр Макаеў гэтак пракамэнтаваў судовае рашэньне:

«Зразумела, што прысуд несправядлівы. За бел-чырвона-белы сьцяг — ня першы прысуд за нацыянальную сымболіку. Ганебны прысуд, бо Ільля яшчэ і бацька пецярых дзяцей. Але, на жаль, сёньняшняя рэчаіснасьць такая, што нашая нацыянальная сымболіка — падстава для ганебных паводзінаў міліцыі і судоў. Добра, што яго яшчэ ня зьбілі пры затрыманьні».

Як паведаміў адвакат Ільлі Дабратвора, ягоны падабаронны мае намер абскардзіць судовае рашэньне.


Радыё Свабода сачыла за працэсам у рэальным часе


Прадпрымальнік Ільля Дабратвор, які быў затрыманы 30 жніўня, асуджаны на 5 сутак арышту. Судовае паседжаньне завершана.


15:00 Абвешчаны перапынак на 20 хвілін.


Справу разглядае суддзя Сяргей Бандарэнка, які судзіў палітвязьня Алеся Бяляцкага. Жонку Ігара з 4-месячным дзіцёнкам выдалілі з залі.

14:35. Пачаўся працэс. Ільлю Дабратвора вінавацяць, што ён нібыта брыдкасловіў, быў у нецьвярозым стане, парушаў грамадзкі парадак. Пра нацыянальны сьцяг у ягонай справе няма і згадкі.

Сам жа Ільля заявіў Свабодзе, што ён правёў у менскім мэтро акцыю зь бела-чырвона-белым сьцягам 30 жніўня, на дзень нараджэньня Лукашэнкі, каб паказаць, што не ўсе ў краіне згодныя зь яго палітыкай.

14:25. Ільлю Дабратвора прывезьлі ў суд Першамайскага раёна Менска. Яму інкрымінуецца артыкул 17.1 Адміністратыўнага кодэкса (хуліганства), у Ільлі ёсьць адвакат, пра сьцяг у матэрыялах справы нічога не пазначана. Працэс мае пачацца праз 10 хвілін.


Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», прычынай затрыманьня актывіста зьяўляецца эпізод, калі ў 20 гадзінаў вечара Ільля праехаў у мэтро з разгорнутым бел-чырвона-белым сьцягам у гонар вызваленьня лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча.

На станцыі мэтро «Уручча» Ільлю Дабратвора затрымалі супрацоўнікі міліцыі. У той жа дзень яго адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на вуліцу Акрэсьціна.

2 верасьня ў Першамайскім раённым судзе Менска адбудзецца суд над Дабратворам.

Ільля Дабратвор зьяўляецца актывістам Руху салідарнасьці «Разам». За ўдзел у акцыях апазыцыі яго падвяргалі штрафам і арыштам.

Фота з фэйсбуку Севярына Квяткоўскага
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG