Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аблава на нацболаў пад Менскам


Міліцыя і КДБ затрымалі нацыянал-бальшавікоў з ужываньнем сьлезацечнага газу.

Як паведамілі актывісты сайту charter97.org, яны праводзілі спартова-палявыя зборы ў раёне Волкавіцкага вадасховішча ў Менскім раёне 10 жніўня.

Не пасьпелі актывісты раскласьці палаткі, як іх лягер быў акружаны шасьцю аўтамабілямі, зь якіх выскачылі людзі ў міліцэйскай форме і ў цывільным. Яны не прадставіліся і з выкарыстаньнем фізычнай сілы паклалі ўсіх прысутных на зямлю тварам долу. Пры гэтым да Дзяніса Сахара і непаўналетняга Аляксандра Палякова былі ўжытыя спэцсродкі – сьлезацечны газ і кайданкі. Затым супрацоўнікі міліцыі зрабілі ператрус пляцакоў.

Былі канфіскаваныя газэты і атрыбутыка. Падчас ператрусу, міліцыянты і супрацоўнікі КДБ размаўлялі выключна матам, пагражалі, запалохвалі, ужывалі фізычную сілу. Пасьля гэтага 11 нацболаў былі дастаўленыя ў Ждановіцкім АУС, дзе на іх былі складзеныя пратаколы і на месцы вынесеныя пастановы за «расьпіцьцё сьпіртных напояў у грамадзкім месцы», хоць дзеяньне адбывалася ў глухім лесе і сьпіртныя напоі ўдзельнікамі паходу не ўжываліся, бо ён насіў спартыўны характар.

Там жа на месцы, намесьнікам начальніка аддзяленьня маёрам Пяткевічам былі вынесеныя і пастановы аб прыцягненьні ўдзельнікаў мерапрыемства да адміністрацыйнай адказнасьці на сумы штрафаў ад 100 да 800 тысяч рублёў.

Дзяніс Сахар быў этапаваны ў ізалятар Менскага раёну да суду, паколькі на яго быў складзены пратакол за супраціў дзеяньням супрацоўнікаў міліцыі.

Актывісты арганізацыі лічаць аблаву помстай КДБ за нядаўна праведзеную акцыю супраць прызыўнога рабства, па выніках якой практычна нікога з нацболаў не ўдалося прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці, таму што пратаколы на іх былі складзеныя са шматлікімі парушэньнямі заканадаўства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG