Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Солап пытаецца ў Ярмошынай пра яе маральныя прынцыпы


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Сябра грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» са Слуцку Аляксандар Солап зьвярнуўся з лістом да старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай. Нагодай для ліста выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, якія чакаюцца ў 2014 годзе.

Падчас парлямэнцкай выбарчай кампаніі 2012 года спадар Солап меў намер зарэгістравацца кандыдатам па Слуцкай выбарчай акрузе. Дзеля гэтага ім была праведзена доўгая падрыхтоўчая праца, зарэгістраваная ініцыятыўная група, сабраная неабходная колькасьць подпісаў. Аднак Слуцкая акруговая камісія рэгістраваць Аляксанадра Солапа ў якасьці кандыдата адмовілася, прызнаўшы несапраўднымі 62 подпісы з 360 правераных. Паўторная ж праверка ЦВК выявіла, што з 62 подпісаў, прызнаных акруговай камісіяй несапраўднымі, такіх насамрэч толькі 9, і падстаў для адмовы спадару Солапу ў рэгістрацыі з гэтай прычыны няма.

Нягледзячы на адсутнасьць юрыдычных падстаў, Цэнтрвыбаркам адмовіў Аляксандру Солапу ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдата «па маральна-этычных меркаваньнях». Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў тады ў прысутнасьці журналістаў, што ён кожны дзень атрымліваў лісты з просьбамі «не рэгістраваць Солапа, таму што ён злачынец». Сам Аляксандар Солап ніколі не хаваў таго факту, што раней прыцягваўся да адказнасьці. Аднак, адбыцьцё адмеранага пакараньня і адсутнасьць правапарушэньняў пасьля абумовілі пагашэньне судзімасьці і, адпаведна, не маглі быць перашкодай для рэгістрацыі ў якасьці кандыдата. Нават Слуцкая акруговая камісія не змагла «зачапіцца» за мінулае спадара Солапа, выпраўленае законам і ім самім.

Аляксандар Солап
Аляксандар Солап
На бліжэйшых выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў Аляксандр Солап вырашыў зноўку прыняць удзел у якасьці кандыдата. Аднак пачынаць кампанію, на яго думку, магчыма толькі пасьля вырашэньня шэрагу пытаньняў, якія ў сваім адкрытым лісьце ён і адрасуе «нязьменнай» кіраўніцы Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. У прыватнасьці, спадар Солап цікавіцца, дзе ў заканадаўстве прапісаныя крытэры маральна-этычных прынцыпаў, якімі кіравалася ЦВК пры адмове ў рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты падчас парлямэнцкай кампаніі, ды задае старшыні ЦВК наступныя пытаньні: «Як бы больш падрабязна азнаёміцца з гэтымі маральна-этычнымі прынцыпамі, ці яны не пісаны, а трактаваць і ўжываць іх — гэта ваша выключнае права? Як мне вызначыць, ці падыходжу я па вашых маральна-этычных прынцыпах для ўдзелу ў будучай выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдата ў мясцовыя дэпутаты, і калі не, то чаму?»

У адкрытым лісьце актывіст кампаніі «Гавары праўду!» нагадвае, што ў Беларусі на 100 тысяч чалавек насельніцтва прыпадае 440 зьняволеных. У той жа час па колькасьці асуджаных на 100 тысяч чалавек Беларусь займае другое месца ў Эўропе пасьля Расеі. У 2012 годзе былі асуджаныя большасьць кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама іх паплечнікі па партыях, грамадзкіх аб’яднаньнях або грамадзянскіх кампаніях. Магчыма, для многіх з іх, а таксама ўсіх тых, хто калі-небудзь прыцягваўся да адказнасьці, стаіць такое ж пытаньне — ці варта ім пачынаць падрыхтоўку да выбарчай кампаніі і ці падыдуць яны па маральна-этычных прынцыпах нашага ЦВК? Таму свае пытаньні Аляксандар Солап лічыць не прыватнай справай, а запытам тысяч грамадзян Беларусі,— зазначае Праваабарончы цэнтар «Вясна» .

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG