Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Айцец Лазар праслужыў у Барысаве месяц і зьнік бяз знаку


Каля месяца таму быў арыштаваны і зьмешчаны ў СІЗА КДБ ксёндз Уладзіслаў Лазар, пробашч парафіі Спасланьня Сьвятога Духа ў Барысаве.

У КДБ інфармацыю пра затрыманьне супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі айца Лазара не пацьвярджаюць і не абвяргаюць. А прадстаўнік Рымска-каталіцкага касьцёлу ў Беларусі пацьвердзіў затрыманьне ксяндза Ўладзіслава Лазара, аднак ад падрабязных камэнтароў адмовіўся, спасылаючыся на адсутнасьць дакладнай інфармацыі.

Ксёндз Уладзіслаў Лазар служыў раней у Мар’інай Горцы і Рудзенску. 14 красавіка дэкрэтам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча быў прызначаны адміністратарам з правамі пробашча парафіі Спасланьня Сьвятога Духа ў Барысава. Касьцёл, дзе служыў айцец Лазар, зусім новы. Службы ў ім пачаліся прыкладна год таму.

Пра немагчымасьць здабыць хоць якую інфармацыю пра айца Лазара кажа праваабаронца з Барысава Марына Статкевіч. Яна актыўная парафіянка суседняга касьцёла Нараджэньня Сьвятой Дзевы Марыі, мае добрыя сяброўскія стасункі з барысаўскімі каталікамі і сьвятарамі. Марына Статкевіч спрабавала высьветліць, дзе цяпер айцец Лазар, каб перадаць яму неабходныя рэчы, аднак не змагла даведацца нават, у якім горадзе трымаюць сьвятара.

«Ён у нас зьявіўся зусім-зусім нядаўна. Пра яго вельмі мала што ведаюць людзі. Літаральна яшчэ на Вялікдзень на яго месцы быў айцец Адам. Калі айцец Уладзіслаў Лазар месяц знаходзіцца ў турме, то ён фактычна толькі месяц праслужыў у Барысаве. Вельмі сумна. Я спрабавала даведацца нешта ў ксяндзоў нашай парафіі, але яны валодаюць толькі той інфармацыяй, якая публікавалася ў СМІ», — кажа Марына Статкевіч.

Парафіянка кажа, што сытуацыя выглядае вельмі дзіўнай, бо ксяндзы і сёстры заўсёды ведаюць адны пра адных:

«Я спрабавала гаварыць пра гэтую сытуацыю з айцом Вячаславам Пялінкам, але ён нічога не сказаў. Гаварыла і зь іншымі сьвятарамі, але ўсе ведаюць толькі тое, што было ў СМІ. І гэта таксама вельмі дзіўна, бо вакол ксяндза абавязкова ёсьць і сёстры, і іншыя людзі, набліжаныя да касьцёла. Ён жа ня сам па сабе быў адзін. І як такое адбываецца, што чалавека няма месяц? Гэта выклікае вялікія сумневы. Асабліва дзіўна, што нічога ня ведаюць яго калегі з касьцёла, які знаходзіцца на адлегласьці аднаго кілямэтра. Мы спрабавалі высьветліць, ці ў Барысаве ён, каб перадаць перадачу. Верагодна ж і тое, што ён тут, і тады было б магчыма праз знаёмых неяк дастаць хоць нейкую інфармацыю. Але не атрымалася, ніхто нічога ня ведае».

Ксёндз касьцёла Нараджэньня Сьвятой Дзевы Марыі айцец Вячаслаў Пялінак вучыўся з Уладзіславам Лазарам у Гарадзенскай сэмінарыі. Аднак камэнтаваць арышт свайго калегі пакуль ня можа праз адсутнасьць афіцыйнай інфармацыі пра яго затрыманьне і абвінавачаньне.

«Ён вельмі мала праслужыў у Барысаве. Я ведаю айца Ўладзіслава Лазара з часоў сэмінарыі, калі мы вучыліся ў Гародні, але гэта было амаль 20 гадоў таму. І, па шчырасьці, мы мала сустракаліся, таму што ён толькі-толькі распачаў сваю працу тут. Нейкай дадатковай інфармацыі я ня ведаю, як і ўсе іншыя. Камэнтаваць дапушчэньні і домыслы я не магу. Калі будзе афіцыйнае абвінавачаньне, то адназначна будуць выказваньні. А калі камэнтаваць тое, пра што мы здагадваемся, гэта значыць узяць на сябе адказнасьць за тое, што ты ўпэўнены ў нейкіх фактах. А пакуль такіх фактаў няма».

У мінулую пятніцу Аляксандар Лукашэнка заявіў пра затрыманьне супрацоўніка беларускіх спэцслужбаў, які працаваў на замежныя дзяржавы праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы.

Лукашэнка адзначыў, што гэты чалавек «ня толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасьці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG