Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднавіўся праз суд — і сам звольніўся


Віктар Марчык
Віктар Марчык

Слонімскі актывіст Віктар Марчык, звольнены дырэктарам Слонімскай птушкафабрыкі нібыта за парушэньне працоўнай дысцыпліны, аднавіўся на працы праз суд, каб паказаць астатнім рабочым, што з начальствам можна змагацца. Але неўзабаве сам вымушаны быў звольніцца.

Згодна з рашэньнем суду, Марчык аднавіўся на працы ў якасьці ахоўніка Слонімскай птушкафабрыкі некалькі тыдняў таму. Паводле ягоных слоў, дырэктару Дзьмітрыю Зайкоўскаму гэта вельмі не спадабалася і для Марчыка стварылі на фабрыцы адмысловыя ўмовы працы.

Як кажа Марчык, згодна з загадам дырэктара фабрыкі ён акрамя непасрэдных абавязкаў павінен быў касіць траву, сячы дровы і нават мусіў у адзіночку разгружаць вялікі прычэп бярвеньня, што ня ўпісвалася ані ў якія правілы аховы працы.

Марчык: «Загадам дырэктара робіцца нават адмысловы маршрут для мяне: ад прахадной да прахадной, і ня дай Бог дзе-небудзь крок улева ці ўправа. Гэта рабілася дзеля таго, каб я там нічога не выглядваў, якая ў іх пануе безгаспадарчасьць, бо ведалі, што я гэта фатаграфую і адсылаю ў Дзяржкантроль».

Марчык адмаўляўся выконваць гэтыя загады, бо гэта не ўваходзіла ў ягоныя службовыя абавязкі. Ён дамагаўся ад дырэктара, каб у пісьмовых загадах той пазначаў, што гэтая праца будзе абавязкова дадаткова аплочвацца, але пацьверджаньня ад кіраўніцтва не атрымаў.

Дырэктар прыгразіў звальненьнем паводле артыкула, але Марчык напісаў заяву па ўласным жаданьні. Так яго і звольнілі. Я пацікавіўся ў яго — чаму так лёгка ён адмовіўся ад працяглай барацьбы з адміністрацыяй фабрыкі?

Марчык: «Не, ад барацьбы я не адмовіўся, бо фактычна на працы аднаўляўся толькі дзеля таго, каб паказаць астатнім рабочым, што можна вырашаць праблему праз суд. Ня трэба іх баяцца, а трэба адстойваць свае правы. А працаваць там няма сэнсу, бо калі ён мне паздымаў усе даплаты, то мой заробак складаў толькі мільён 300 тысяч рублёў, а за гэта сям’ю не ўтрымаеш».

З дырэктарам Зайкоўскім паразмаўляць не ўдалося з прычыны ягонай занятасьці. Я запытаўся ў старшыні прафсаюзу фабрыкі Валянціны Кудаш — чаму ў спрэчках паміж Марчыкам і дырэктарам прафсаюз заўсёды займаў бок адміністрацыі, нягледзячы на тое, што нават суд аднавіў Марчыка на працы?

Кудаш: «Ну, чалавека звольнілі, але што я тут магу, я такі самы чалавек, як і ён, разумееце? Я ж ня тое што займаю тут нейкую пазыцыю альбо камандную ролю. Я — звычайны чалавек, загадчыца складу, а ня тое што пры нейкай там пасадзе...»

Паводле Марчыка, адносіны з адміністрацыяй птушкафабрыкі ў яго яшчэ ня скончыліся, бо дырэктар абскарджвае ў вышэйшай інстанцыі рашэньне суду аб яго аднаўленьні на працы.

Я яшчэ запытаў яго — як рабочыя на фабрыцы ўспрынялі ягонае звальненьне, ці ня лічаць, што зламаўся пад ціскам начальства?

Марчык: «Знаёмыя і незнаёмыя сустракаюць, хваляць — маўляў, маладзец, хоць адзін пастаяў за сябе і падаў добры прыклад. Некаторыя клічуць да сябе на працу: маўляў, трэба наводзіць парадак. Знаёмыя казалі, што на прадпрыемствах людзі абмяркоўваюць мой учынак з энтузіязмам».

Віктар Марчык — актыўны сябра БНФ у Слоніме. Неаднойчы адкрыта адстойваў правы рабочых фабрыкі, публічна крытыкаваў адміністрацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG