Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму на акцыю салідарнасьці з Навальным у Менску прыйшло 3 чалавекі?


Андрэй Кім
Андрэй Кім
На акцыю салідарнасьці з Аляксеем Навальным, якая адбылася ў чацьвер каля расейскай амбасады ў Менску, прыйшло тры чалавекі. Ці азначае гэта, што падзеі ў Расеі перасталі ўспрымацца як нешта важнае і актуальнае для Беларусі? Чаму ў беларусаў апошнімі гадамі значна зьнізілася салідарнасьць зь іншымі краінамі і зацікаўленасьць тамтэйшымі падзеямі? На гэтыя пытаньні адказвае грамадзкі актывіст Андрэй Кім, адзін з трох удзельнікаў акцыі ў падтрымку Навальнага.

— Адразу пасьля зьяўленьня інфармацыі пра прысуд Аляксею Навальнаму ў сацыяльных сетках стыхійна зьявілася шмат паведамленьняў, што варта было б правесьці акцыю ў падтрымку Навальнага каля расейскай амбасады. Як вы ацэніце тое, што на гэтую акцыю прыйшло тры чалавекі? Ці азначае гэта, што беларусаў ня так хвалююць расейскія падзеі, ці гэта чарговае пацьверджаньне таго, што сёньняшняя палітычная актыўнасьць беларусаў праяўляецца пераважна ў інтэрнэце?

— Тут ёсьць два аспэкты. Па-першае, ня ўсе ўспрымаюць важнасьць таго, што адбываецца ў Расеі. Але — хоць мы і жывем у іншай краіне — мы жывем у вельмі блізкай палітычнай, інфармацыйнай прасторы. Тое, што адбываецца там, вельмі шчыльна тычыцца і нас.

Па-другое, варта ўзгадаць такі мэдычны панятак, як «талерантнасьць». То бок зьніжэньне альбо адсутнасьць рэакцыі арганізму на пэўныя рэчывы. Тое, што адбываецца зь беларускім грамадзтвам апошнія гады — людзі так шмат перажылі і бачылі, што нейкія прысуды і трагедыі іншых людзей не ўспрымаюцца як трагедыі, а толькі як шараговыя навіны.

— У тых самых сацыяльных сетках дыскутаваліся і палітычныя погляды Навальнага. Маўляў, ён па-вялікадзяржаўніцку ставіцца да Беларусі, выступае за інтэграцыю Беларусі і Расеі. Таму, маўляў, няма чаго яго падтрымліваць.

— З усіх расейскіх палітыкаў Навальны — самы пэрспэктыўны, пасьлядоўны, чалавек слова. Гэтага мне дастаткова. Але — чаму я выйшаў на акцыю? Не таму, што я гарачы прыхільнік Навальнага. А таму, што пасадзілі нявіннага чалавека. Гэта трагедыя ягонай сям’і, ягоных дзяцей.

— Калі вярнуцца да вашых словаў пра «талерантнасьць» беларусаў як неўспрымальнасьць да чужых трагедыяў. Мяркую, вы не ў захапленьні ад гэтай якасьці беларускага масавага характару. Што можна зрабіць, каб гэта зьмяніць?

— Гэта вельмі цяжкае пытаньне, бо пасьля разгрому 2010–11 году мы бачым крызіс актыўнасьці, крызіс ідэяў, арганізацыяў. Не выпадае казаць пра дзейнасьць хаця б у тым аб’ёме, як гэта было да выбараў, да рэпрэсіяў, якія адбыліся пасьля 19 сьнежня 2010 году. Фактычна цяпер працягваецца посттраўматычны шок. Ён зацягнуўся. Спадзяюся, што час гэта вылечыць.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG