Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насустрач зьезду


Дзень быў сьпякотны. Шчэ ад раньня... Не, гэта крыху пра іншае. А тады абышліся без блінцоў: «У гутарках, у спрэчках прыйшлі на Прыстаньку... Усе сышліся на высокім і маляўнічым беразе Нёмана, дзе можна было прысесьці або проста пакачацца на зялёнай траўцы...»

Вось так 9 ліпеня 1906 году каля вёскі Мікалаеўшчына ва ўрочышчы Прыстанька пачаўся той самы знакаміты нелегальны настаўніцкі зьезд. Не Палац Культуры, вядома — затое ніхто не заснуў падчас паседжаньня. Ну, задрамаў хіба. На зялёнай траўцы качаліся ў той дзень сямнаццаць народных настаўнікаў: зь Меншчыны, Бабруйшчыны, з-пад Ігумену, Ашмянаў, Барысава, і сярод іх — самы вядомы ў Беларусі пэдагог з крымінальным мінулым: ён, Якуб Колас.

Качаліся, адганялі камароў, гаварылі пра настаўніцкае бяспраўе, пра рэформы асьветы, пісалі пратакол і адозву. «Свабода, дэмакратыя, дэцэнтралізацыя, Усерасійскі настаўніцкі саюз» — паўтараючы, як мантру, гэтыя важкія словы, засядзеліся да ночы. Ніхто не заўважыў, як да паляны з шашы пад’ехаў уазік з выключанымі фарамі.

Расьпіваем? — бадзёра спытаўся паліцыянт з шашкаю на баку і спрытна злавіў паперку, якая ўжо ляцела ў вогнішча. — Эге, ды тут змова супраць цара і ацечаства... Выхухалеў, афармляй! Пэдагогі, вашу маць!

Судовая справа супраць Коласа цягнулася доўга — у сучаснай Беларусі так не цырымоняцца. Толькі 15 верасьня 1908 году выязная сэсія Віленскай судовай палаты, выканаўшы ўсе фармальнасьці, асудзіла настаўніка Канстанціна Міцкевіча да трох гадоў зьняволеньня ў астрозе. Па вялікім рахунку, Віленская судовая палата заслужыла помнік ад удзячных чытачоў беларускай літаратуры. Апынуўшыся ў астрозе, Канстанцін Міцкевіч дастаў чарніліцу, узяў пяро і вывеў уверсе:

«Мой родны кут!...»

А мог бы і далей пэдагогікай займацца ды камароў ганяць.

Гісторыя паўтараецца. Час кінуць утульныя ДК, купляць рэпэленты і ехаць у Мікалаеўшчыну, на Прыстаньку. Па адзінства, перамогу і водар тайгі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG