Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка скарыстае досьвед Кітаю для кантролю кібэрпрасторы


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў пра жаданьне ўзмацніць супрацоўніцтва з Кітаем, каб абараняць кібэрпрастору Беларусі.

Лукашэнка абвінаваціў ЗША ў спробах усталяваць татальнае сачэньне ва ўсясьветным маштабе і назваў гэта «прыкметай дыктатарскіх і таталітарных замашак».

«Беларусь у садружнасьці зь іншымі краінамі, нашымі сябрамі і хаўрусьнікамі павінна навучыцца супрацьстаяць спробам заснаваць усясьветную электронную дыктатуру», — заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе з нагоды афіцыйнага сьвята Дзень Рэспублікі.

«Нашы сеткі, базы дадзеных, каналы камунікацый, дзяржаўныя сакрэты, а таксама прыватная жыцьцё нашых грамадзянаў павінны быць надзейна абаронены ад любога замежнага замаху», — адзначыў Лукашэнка.

«Плянэта ўжо ўступіла ў эпоху неавешчаных кібэрвойнаў, і прайграць тут мы ня маем права. Вядома, у адзіночку мы ня здольныя супрацьстаяць у поўным аб’ёме глябальным тэхналёгіям. Таму ў гэтай сфэры мы павінны рэзка нарасьціць супрацоўніцтва з нашымі хаўрусьнікамі, найперш з Кітаем, краінай, якая здолела стварыць эфэктыўную сыстэму абароны нацыянальнай кібэрпрасторы».

Лукашэнка мяркуе ў бліжэйшыя дні «сур’ёзна абмеркаваць гэтую праблему з прэзыдэнтам Кітаю».

Паводле кіраўніка Беларусі, «сярод усіх новых выклікаў і пагрозаў інфармацыйная бясьпека ў самым шырокім сэнсе гэтага слова зьяўляецца галоўнай».

Кітайскія ўлады стала падвяргаюцца крытыцы за жорсткую цэнзуру ў інтэрнэце, нагадвае БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG