Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Хойніцкім раёне праводзілі Русалку

абноўлена

У вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёну да гэта часу захаваўся народны абрад — «Русальле» альбо, як яго яшчэ называюць, «Провады Русалкі».

З пляценьня вялікага абрадавага вянка, малых для кожнай удзельніцы, упрыгожваньня зёлкамі Русалкі і, вядома, песень пачынаецца абрад у Вялікім Бары.

«Правяду, правяду Русалачку да бору,
А сама, малада, пайду ў камору».

Праз усю вёску грамада вядзе Русалку да жытнёвага поля, дзе на ўзьмежку гарыць сакральнае вогнішча, над якім асьвячаюцца вянкі й сарваныя з Русалкі зёлкі, каб легчы потым у гародах і на загонах збажыны. Русалку выправадзяць зь вёскі — і ня будзе каму каласы сплятаць, ураджай марнаваць, сварыць суседзяў.

Прыгожы абрад з магіяй абярэгу ўраджаю, добрых людзкіх стасункаў і выхаваньня дзятвы.

Сталая жыхарка Вялікага Бору, знаўца народных русальных песьняў Галіна Харошка прыгадвае:

«Плялі ж вяночак — і нясем на капусту. Ідзеш — жыта з аднаго боку, жыта з другога. А Русалка ж у жыце! А маці ж папярэджвала: ідзіце хораша, а то выйдзе Русалка й смаловую цыцку дасьць. Дык ідзеш праз жыта і ўжо так трымціш — баяліся!»

Раней у вёсцы Русалку вялі адразу з двух бакоў. Цяпер жанчын-сьпявачак, носьбітаў фальклёрных традыцыяў паменела ў разы:

«О, ведаеце, якія сьпявачкі былі! Мая маці — я ад маці навучылася. Многія пайшлі ўжо з жыцьця. У каго дочкі былі — дык вучылі. Мая маці мяне ўсім песьням панавучвала. А колькі з жыцьця пайшлі — баба Жана як сьпявала! А сьвякруха мая — як хораша сьпявала! Ды зычны голас такі! А яшчэ ж у нас камічная баба была — Ганна, Лукашова на яе казалі. Яна каля агню хадзіла. Напіхае сабе за пазуху чаго-кольвечы — і за дзецьмі. „Ідзіце, мае дзетачкі, смаловую цыцачку дам“, — так казала. Дзеці так баяліся Ганны і ўцякалі хто куды».

Спадарыня Галіна ды іншыя вяскоўкі маркоцяцца, што моладзь цяпер ня хоча вучыць ні русальных, ні іншых абрадавых песень. І што наагул будзе з Русальлем, калі пойдуць на пэнсію тутэйшыя культработнікі і калі самі жанкі ня здолеюць вадзіць па вёсцы тую ж Русалку:

«Пакуль мы жывём, то наша вёска будзе праводзіць Русалку. А як нас ня будзе, то ня ведаем, што будзе».
Пакуль мы жывём, то наша вёска будзе праводзіць Русалку. А як нас ня будзе, то ня ведаем, што будзе

Жана Харошка: «Мы гэтага бачыць ня будзем».

Жанкі схіляюцца да думкі, што варта было б традыцыйную народную культуру вывучаць у школах. Цяпер яе там нямашака.

Актывістка гомельскай моладзевай краязнаўчай суполкі «Талака» Марыся Тульжанкова — адна з тых, хто адраджае ў вёсках купальскія сьвяты, «Ваджэньне стралы», — кажа, што варта сыстэмна й пасьлядоўна навучаць моладзь традыцыйным народным абрадам і ўвогуле беларускай культуры:

«Цяжка захаваць абрады яшчэ і з тае прычыны, што наша ўлада, хаця й патрабуе ад сельскіх клюбаў рэканструяваць тыя абрады, але робіцца гэта на такім аматарскім узроўні. Абрады ператвараюцца ў нейкія такія паказушныя мерапрыемствы. Да іх першапачатковага, архаічнага сэнсу такія абрады маюць вельмі ўскоснае дачыненьне. Некаторыя элемэнты старажытныя, канечне, можна выявіць, але гэта ўжо клюбная культура, новы тып культуры».

Прафэсар Менскага ўнівэрсытэту культуры й мастацтва Вячаслаў Рагуля лічыць, што «расьсяляньваньне вёскі» спрычынілася найбольш да разрыву культурнай памяці народу, бо, як казаў некалі Багушэвіч, «надта за хлебам народ гоніцца». Цяпер сытуацыя, вядома, крыху зьмянілася, але ненашмат.

«Устаноўка такая — спажывецкі падыход пераважае. І грамадзтва зьверху, пачынаючы ад бюракратыі, арыентуецца перш за ўсё на што — грошы, грошы, валюта, інвэстыцыі. Ідзе перадзел гэты. І праблема культурнай памяці тут пераходзіць ужо на другі й на трэці плян. Зь іншага боку, навукоўцы павінны былі ня толькі сабраць і захаваць, але й раскрыць сэнсы гэтых абрадаў і паказаць, як гэтыя сэнсы ў новых умовах павінны разгортвацца. Патрэба такая — акрэсьліць свой чалавечы лёкус перш за ўсё ў космасе, самасьцьвердзіць сябе тут, дзе мы жывём. Цяпер і тут!».

У Хойніцкім раёне праводзілі Русалку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:15 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG