Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці павінны партыі бараніць мову?


У Facebook адбылася дыскусія – ці павінна апазыцыя рэагаваць на такія зьявы, як ліквідацыя беларускага аддзелу Віцебскай абласной бібліятэкі (рэальна, быў зьнішчаны асяродак беларушчыны, дзе праходзілі сустрэчы зь пісьменьнікамі, мастакамі і г.д.).

Ці гэта прадмет увагі партыяў? Гэта – клопат Саюзу пісьменьнікаў, ТБМ, іншых грамадзкіх арганізацыяў. Мэта партыяў – палітыка, дасягненьне ўлады.

Але – што тады справа партыяў?

Партыі (паводле вызначэньня) выяўляюць інтарэсы пэўных палітычных ці сацыяльных (у рэдкіх выпадках – і прафэсійных) груповак. Прычым кожная партыя імкнецца пашырыць колы тых, каго яна здольная рэпрэзэнтаваць. У праграмах шэрагу партыяў, як вядома, запісаная абарона нацыянальных каштоўнасьцяў.

У Беларусі шмат людзей, якім баліць тое, што цяпер робіць улада з беларускай культурай і мовай. Перакананы – іх нашмат болей, чым колькасьць сяброў апазыцыйных партыяў, разам узятых.

Не праходзіць дня, каб на радыё Свабода мы не атрымоўвалі допісы (часьцей – у камэнтарах пад публікацыямі) пра татальнае, па усіх накірунках, зьнішчэньне нацыянальнай культуры (найперш – звужэньне кола ўжываньня мовы). Пішуць ня толькі з Менску, пішуць з рэгіёнаў, і часта скардзяцца, што змагацца даводзіцца ў адзіноце.

І змаганьне – пакуль што – у большасьці выпадкаў выйграе ўлада.

У некаторых сфэрах яна можа сьвяткаваць перамогу: многія сучасныя школьнікі проста не разумеюць значэньня беларускіх слоў. Ім, па-просту, няма дзе пачуць гэтыя словы. Такога не было нават у 1970-ыя гады, калі «радыёкропка» і БТ, як бы там не было з ідэйным зьместам праграмаў, вялі вяшчаньне па-беларуску.

І неразуменьне гэтае выяўляе ня толькі моладзь, але і людзі сталага веку – адвучыліся, забыліся. І нават апазыцыйныя дзеячы. Прычым – дзеячы вельмі высокага рангу. Ня буду называць прозьвішча палітыка «першага шэрагу», якога я запытаўся – «Што Вы думаеце пра карупцыю ў краіне?», а ў адказ пачуў разважаньні пра Цімашэнку ды «аранжавую рэвалюцыю» - суразмоўца прыняў «у краіне» за «ва Украіне», выглядае, слова «краіна» для яго ці малавядомае, ці не атаясамліваецца з Беларусьсю.

За апошнія паўтары дзесятка гадоў апазыцыя не дасягнула перамогі ні ў якіх сфэрах унутрыпалітычнай дзейнасьці (пры заўважальных прарывах на міжнародным накірунку, маю на ўвазе стаўленьне Захаду да рэжыму Лукашэнкі).

Апазыцыі (тым, хто сабе ёй называе) не ўдалося ўзяць прэзыдэнцкую пасаду альбо дэпутацкія мандаты (ня будзем ужываць фразу «перамагчы на выбарах» - выбараў няма). Не ўдалося перашкодзіць стварэньню Мытнага зьвязу, падвышэньню мытаў на аўтамабілі нерасейскай вытворчасьці, запазьбегчы будаўніцтва Астравецкай АЭС, разьмяшчэньня расейскай авіябазы, і г.д. -- схалястычна даю пералік ініцыятываў, якія запомніліся, але ня мелі посьпеху.

Няма патрэбы казаць пра вызначальную ролю нацыянальнай сьвядомасьці – менавіта нізкі яе ўзровень паўплываў на вынікі першых прэзыдэнцкіх выбараў.

Можа быць, беларускія клясы, беларускія школы, бібліятэкі, асьветніцтва, змаганьне супраць пераўтварэньня гістарычных цэнтраў гарадоў у спалучэньне бэтонных монстраў і парковак – гэта якраз тое, на чым варта было б засяродзіць увагу найперш?

Тут ня будзе імгненнага посьпеху, але, падаецца, без ўздыму нацыянальнай сьвядомасьці, без захаваньня культуры – посьпеху ня будзе ня ў чым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG