Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвірко: Для ўкраінцаў на поўначы Расея, а не Беларусь


Юры Сьвірко
Юры Сьвірко

Афіцыйныя крыніцы паведамілі, што Аляксандар Лукашэнка правёў тэлефонную размову з прэзыдэнтам Украіны Віктарам Януковічам і дамовіўся пра хуткую сустрэчу на ўкраінскай тэрыторыі.

Якія праблемы дагэтуль пераважаюць у беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях, ці магчымы прарыў у двухбаковых стасунках? Ці могуць Менск і Кіеў пачаць у пэўных пытаньнях «сябраваць супраць» Масквы? На гэтыя пытаньні адказвае з Кіеву беларускі журналіст Юры Сьвірко.

Цыганкоў: Хаця Беларусь і Ўкраіна – дзяржавы-суседзі, з даволі вялікімі аб'ёмамі ўзаемнага гандлю. Аднак надзіва кіраўнікі гэтых краінаў амаль не абменьваюцца паўнацэннымі дзяржаўнымі візытамі. Паведамленьне пра тое, што Лукашэнка, магчыма, прыедзе ў Кіеў – ці выклікала нейкі розгалас сярод палітыкаў і прэсы?

Сьвірко: Адразу адкажу – не. Было паведамленьне, што паразмаўлялі два кіраўнікі дзяржаваў, і на гэтым усё. Ніхто ня ведае даты прыезду Лукашэнкі, ці прыедзе ён у Кіеў – бо раней прэзыдэнты Ўкраіны прымалі Лукашэнку ў іншых месцах, напрыклад, у Чарнобылі. Апошні раз Лукашэнка быў у гасьцях у Віктара Юшчанкі, шмат пра што нібыта дамовіліся, аднак пра гэта даўно ўсе забіліся.

У Кіеве тыя, хто займаецца беларускай праблематыкай, ведаюць, што дагэтуль няма афіцыйна аформленай мяжы паміж Украінай і Беларусьсю, што Лукашэнка хоча атрымаць даўгі ўкраінскіх прадпрыемстваў яшчэ з савецкіх часоў, а Кіеў іх не зьбіраецца вяртаць, бо не прызнае іх дзяржаўнымі. Ёсьць і больш дробная праблематыка, пастаўкі нафтапрадуктаў зь Беларусі, пастаўкі ўкраінскіх цукерак у Беларусь.

Цыганкоў: На фоне недахопу дакладнай інфармацыі зьяўляюцца вэрсіі і спэкуляцыі. Адна зь іх – пра тое, што Кіеў і Менск могуць задумацца пра тое, як ім зноў сябраваць супраць Масквы. Ці рэальна гэта?

Сьвірко: Тэарэтычна гэта рэальна заўсёды. Але для гэтага трэба, каб у Менску і Кіеве пачалі думаць у каардынатах Поўдзень-Поўнач, а не Захад-Усход. Дагэтуль тут «паўночным суседам» называюць Расею, пра Беларусь асабліва ніхто не ўзгадвае.

Калі б Беларусь, Украіна і Турэччына стварылі б нейкае нефармальнае аб'яднаньне, якое рабілі б нейкія супольныя дзеяньні наконт нафтаправодаў, каардынацыі транзытнай палітыкі ды іншае, было б лягчэй размаўляць і з Захадам і з Усходам. Пакуль жа ў Кіеве ўсе разважаюць толькі пра тое, ці далучыцца Ўкраіна да Эўрапейскага Зьвязу, і пры гэтым адначасова ідзе размова пра Мытны Саюз Беларусі, Расеі і Казахстану.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG