Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасада — турма — ордэн — пэнсія


На працягу мінулых гадоў у Беларусі было нямала гучных карупцыйных скандалаў. Як склаліся лёсы былых вядомых карупцыянэраў пасьля выхаду на волю?

Дзе цяпер Ягор Рыбакоў, які ў сярэдзіне 1990-х як журналіст шмат дапамагаў Аляксандру Лукашэнку, а ў 2004-м быў зьняты з пасады старшыні Белтэлерадыёкампаніі ды асуджаны на 11 гадоў за хабарніцтва?

Са Шклоўскай калёніі, дзе Ягор Рыбакоў адбываў пакараньне і дзе вязьнем узначальваў турэмнае тэлебачаньне, ён выйшаў праз амністыю ў сакавіку 2010 году. Паводле прысуду яму цягам 5 гадоў пасьля вызваленьня забаранялася займаць кіраўнічыя пасады, але ўжо праз 2 гады жыцьця на волі, летась у красавіку, былы журналіст паспрабаваў заняць пасаду дырэктара «Альфа-радыё».

Пра гэта ўжо казалі на «Альфа-радыё» як пра вырашанае пытаньне, але здарылася нечаканае: супроць Ягора Рыбакова выказалася большасьць калектыву, і прызначэньне не адбылося. З таго часу дакладных зьвестак пра месцазнаходжаньне Ягора Рыбакова атрымаць не ўдалося.

Пэўныя крыніцы сьцьвярджалі, што былы вязень атрымаў-такі працу па журналісцкай лініі — у тыднёвым дадатку да «Советской Белоруссии», які выходзіць на ангельскай мове і называецца Minsk Times. Супрацоўнік гэтай рэдакцыі сказаў адносна гэтых зьвестак:

«Ён ужо...Зараз я ня ведаю. Былі чуткі, што ўжо ў Маскве».

«То бок быў у вас, але ўжо не працуе?»

«Адкажу, што не працуе».

У мэдыях пісалі, што ў справе Ягора Рыбакова фігураваў хабар ледзь не ў мільён даляраў. Між тым паводле суду былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў мусіў вярнуць кампаніі 98 тысяч даляраў. Знаёмыя сям’і былога старшыні кажуць, што нерухомасьць, якая належала сям’і, не канфіскоўвалася.

У пачатку студзеня 2002 году дырэктара МТЗ Міхаіла Лявонава «органы» зьнялі зь цягніка, на якім ён ехаў у Маскву на апэрацыю хрыбетніка. Праз год Міхаіла Лявонава, пра якога мэдыі пісалі, што ён можа ўдзельнічаць у будучых прэзыдэнцкіх выбарах, аддалі пад суд. Паводле сьледзтва, Міхаіл Лявонаў браў грошы ад пастаўшчыкоў за выгадныя зьдзелкі і гэтак назьбіраў на асабістым замежным рахунку шмат тысяч даляраў.

Аднак пэўных доказаў гэтаму ў судзе не прагучала, а сам Лявонаў сваёй віны не прызнаў. Тым ня менш былому дырэктару давялося адправіцца за краты на 10 гадоў, зь якіх ён адбыў дакладна 8. Пэўны час Міхаіл Лявонаў адбываў тэрмін у 1-й калёніі, што месьцілася ў Менску на Кальварыйскай вуліцы. У калёніі была разнастайная вытворчасьць — там выраблялі мэблю, сувэніры, займаліся кабінамі для трактароў МТЗ. Кіраўніцтва гэтым адказным участкам, дзе рабілі зьняволеныя, даверылі былому дырэктару МТЗ Міхаілу Лявонаву.

Вядома, што працаваў ён сумленна, а вось у прызнаньні віны на саступкі не ішоў і нават адмовіўся пісаць хадайніцтва аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля вызваленьня ў 2010 годзе Міхаіл Лявонаў больш за год ня меў працы, але потым уладкаваўся — цяпер працуе галоўным інжынэрам магілёўскага вагонабудаўнічага заводу. «Жыцьцё ў нас наладзілася, ужо ёсьць унучка. Вось толькі здароўе Міхаіла непакоіць», — сказала карэспандэнту Свабоды жонка былога вязьня Алена.

«Сьпіна ў яго баліць, і ня лепш, а горш становіцца. У яго ж хвароба, якая ня лечыцца, а становіцца толькі горш. Тым больш праца нэрвовая, напружаная. Але ў гэтым жыцьці нічога лёгкага не бывае».

Яшчэ адзін вядомы беларускі дырэктар, які раней сядзеў за карупцыю, нядаўна звольніўся і пайшоў на пэнсію. Гаворка пра Аляксандра Бароўскага, які да арышту ў 2008 годзе кіраваў «Белнафтахімам», быў асуджаны на 5 гадоў за карупцыю, выйшаў на волю ўжо ў сьнежні 2008 году. Былыя вязьні, якія сядзелі з Бароўскім у бабруйскай калёніі, казалі: калі таго памілаваў Аляксандар Лукашэнка, сам начальнік калёніі выйшаў праводзіць былога вязьня да чорнага аўтамабіля.

Ужо праз год Аляксандар Бароўскі быў прызначаны дырэктарам Менскага аўтамабільнага заводу. Як яму працавалася? Дакладны факт: у красавіку 2012 году Аляксандар Бароўскі быў узнагароджаны ордэнам Пашаны. Яшчэ ў сьнежні на адной з сустрэч з замежнымі інвэстарамі Аляксандар Лукашэнка хваліўся, што МАЗам у яго кіруе чалавек, які адседзеў, а цяпер добра працуе. Аднак у канцы сьнежня 2012 году Бароўскага з пасады зьнялі. Дзе ён цяпер?

Сакратарка ў прыёмнай цяперашняга гендырэктара МАЗу Віктара Асноўскага кажа: «Ад нас ён пайшоў на пэнсію, а дзе цяпер — ня ведаем. Ён тут зьяўляўся два разы, больш я яго ня бачыла. Яго шмат хто шукае, але не магу дапамагчы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG