Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты: Шлях Лукашэнку ў Бішкек перакрыў Бакіеў


Курманбек Бакіеў
Курманбек Бакіеў

28 траўня ў Бішкеку адбыўся нефармальны саміт кіраўнікоў краін Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). У ім ня ўдзельнічае беларускі лідэр Аляксандар Лукашэнка. А яшчэ тыдзень таму афіцыйныя асобы ў Маскве называлі саміт у Бішкеку як месца сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі.

Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Мечыслаў Грыб упэўнены: беларускі лідэр адсутнічае ў Бішкеку выключна з-за былога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева:

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб
«Тут ёсьць толькі адзін адказ — гэта адназначна зьвязана з Бакіевым. Кіргіскі суд завочна асудзіў былога прэзыдэнта на доўгі тэрмін пазбаўленьня волі і патрабуе ад Лукашэнкі яго выдачы. А той яго не выдае.

Я разумею, што Лукашэнка тут не самастойная фігура і што гэтыя паводзіны (прытулак, дакумэнтацыя, нявыдача) неафіцыйна ўзгодненыя з Масквой. І атрымліваецца, што Крэмль у цені, а на віду — Лукашэнка. Ён аказаўся крайнім. І сёньня ехаць у Бішкек, калі супраць цябе настроеныя і ўлада, і апазыцыя, і калі будуць мітынгаваць і патрабаваць, — навошта гэта Лукашэнку трэба?»

Валер Костка, былы падпалкоўнік КДБ, таксама зьвязвае адсутнасьць Лукашэнкі ў сталіцы Кіргізстану з праблемай Бакіева, які мае палітычны прытулак у Беларусі:

«Бакіеў хаваецца ў Беларусі. Атрымліваецца, што сябра АДКБ хавае ў сябе злачынцу. І калі б Лукашэнка зьявіўся ў Бішкеку, то да яго там былі б пытаньні, патрабаваньні выдаць. А дамоўленасьці ў рамках АДКБ павінны выконвацца.

Таму мы і бачым такую палітыку, умоўную, як кажуць, віламі па вадзе пісаную. Таму і адбываюцца такія хітрыя гульні — туды паехаў, туды не паехаў. Гэта ўсё вонкава і для народу. А ў іх там сутнасьць іншая, свая — сутнасьць адносін».

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Фармат саміту ў Бішкеку ўсё ж перайгралі, — адзначае палітоляг Аляксандар Класкоўскі: «Таму што папярэдне саміт анансаваўся як паўнавартасны. Паводле змаўчаньня мелася на ўвазе і тое, што ў ім будзе ўдзельнічаць Лукашэнка. Таму можна меркаваць, што ўзьніклі закулісныя сыгналы, „цёркі“, сымптомы, што там могуць узьнікнуць нейкія хваляваньні. Я думаю, што ў гаспадароў сустрэчы хапіла б сіл і сродкаў, каб агарадзіць у фізычным сэнсе ўсіх гасьцей ад непажаданых эксцэсаў. Але тое, што піяраўскі розгалас мог быць вельмі нэгатыўны для афіцыйнага беларускага лідэра, гэта відавочна. Таму, узважыўшы ўсё, ён, відаць, вырашыў усё ж не рызыкаваць.

Таму Лукашэнка трапіў у няўдзячную сытуацыю. Бо, як цяпер высьвятляецца, была, па сутнасьці, адмашка Масквы і Вашынгтона, каб схаваць у Беларусі Курманбека Бакіева. А цяпер вялікія дзяржавы ўмылі рукі, і крайнім аказаўся Лукашэнка, які ў свой час шмат разважаў пра салідарнасьць са зрынутым калегам».

Удзельнікі саміту АДКБ пераяжджаюць зь Бішкеку ў Астану. Там заплянаванае паседжаньне Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG