Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч пра памілаваньне: «Не характэрна для праваслаўных атэістаў»


Мікалай Статкевіч ў лісьце выказаўся пра магчымасьць датэрміновага вызваленьня палітвязьняў. Арцём Пракапенка атрымаў дазвол на адзін дзень спатканьня са сваякамі. Аляксандр Францкевіч застанецца адзін у камэры. Эдуард Лобаў сустракаецца ў калёніі з маці. Алеся Бяляцкага на паўгода пазбавілі харчовай перадачы.

Статкевіч тлумачыць, чаму яго не памілвалі на Вялідзень


У лісьце, які атрымала ад Мікалай Статкевіча ягонай жонка Марына Адамовіч палітвязень выказвае падзяку сябрам, якія перадалі яму ў турму тэлевізар і піша, што ўбачыў на экране «першае вясеньняе лісьце».

«Мікалай сапраўды ня бачыць ўжо трэцяй вясны», — зазначае Марына Адамовіч пра свайго мужа, якога трымаюць ў Магілёўскай турме.

Марына Адамовіч зачытала з ліста тлумачэньне Мікалая Статкевіча адносна таго, чаму ён не чакаў вызваленьня палітвязьняў на мінулы Вялікдзень.

Год таму на Вялікдзень былі памілаваныя былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў і ягоны паплечнік Зьміцер Бандарэнка.

Былы кандыдат на прэзыдэнта, палітвязень Мікалай Статкевіч у гэта ня верыў: «Андрэя і Дзіму вызвалілі на Вялікдзень выпадкова. Проста цягнулі з разглядам іх прашэньняў у спадзяваньні, што я і Зьміцер Дашкевіч далучымся. І дацягнулі да паседжаньня камісіі па памілаваньні, якая засядае двойчы ў год, у сярэдзіне вясны і сярэдзіне восені. І прычым тут Вялікдзень? Гэта ж гэтак не характэрна для праваслаўных атэістаў».

Марына Адамовіч
Марына Адамовіч
​Паводле Марыны Адамовіч, зноў не ўсе лісты яе мужа, якія ён дасылае адрасатам, да іх даходзяць.

Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў за арганізацыю мітынг пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны палітык не прызнаў.

У чэрвені Арцём Пракапенка ўбачыцца з маці

Арцём Пракапенка, якога трымаюць ў магілёўскай калёніі, атрымаў дазвол на кароткатэрміновае спатканьне са сваякамі.

Маці палітвязьня Віялета Пракапенка кажа, што спатканьне мусіць адбыцца ў чэрвені і ўжо да яго рыхтуецца: «Так, паедзем, плянуем. Адзінае, што невядома пакуль, ці дазволяць яму перадаць харчы і рэчы. Яму толькі мэдычныя перадачы дазволены, але могуць са спатканьня дазволіць некалькі кіляграмаў вынесьці. Паглядзім — гэта пакуль пад пытаньнем. А пра здароўе казаў, што быццам бы нічога, хаця зубы пакрыху крышацца. Зразумела, бо не хапае вітамінаў. Мы яму дасылалі вітаміны, але што гэта ? Гэтага мала».

У сакавіку Арцём Пракапенка за парушэньне рэжыму адбыў 5 дзён ў штрафным ізалятары, дзе адмаўляўся ад ежы. На палітвязьня ціснулі, каб ён падпісаў прашэньне аб памілаваньні, але Арцём адмовіўся.

Арцём Пракапенка асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня за напад на будынак КДБ ў Бабруйску.

Ці застаўся Аляксандр Францкевіч адзін ў камэры?


Палітвязень Аляксандр Францкевіч, якога трымаюць ў івацэвіцкай калёніі ў памяшканьні камэрнага тыпу, ужо больш за 2 тыдні не дасылае сваякам лістоў. Тэлефанаваньняў дамоў Францкевіч пазбаўлены, як пакараны на знаходжаньне ў ПКТ.

Маці Франкевіча Валянціна не выключае, што Аляксандр ужо сядзіць адзін ў камэры: «У апошнім лісьце Саша пісаў, што яны сядзелі ў камэры ўдвох і той вязень мусіць хатка выйсьці. То бок ён застанецца ў камэры сядзець адзін. Але, мяркуе, яму нават лепей будзе, бо прызвычаіўся і нават добра было б адпачыць ад некаторых вязьняў, якія там ёсьць. Тым больш што там некаторыя вязьні схільны да розных правакацый. Зараз можа лепш будзе яшчэ і таму, што памяняўся начальнік калёніі».

Актывіст анархісцкага руху Аляксандр Францкевіч быў асуджаны на 3 гады калёніі за ўдзел у нападах на адміністрацыйныя будынкі. Сваёй віны Францкевіч на судзе не прызнаў. Тэрмін пакараньня Аляксандра Францкевіча заканчваецца восеньню.

Лобаў на доўгатэрміновым спадканьні са сваякамі, а Бяляцкага пакінулі без перадачаў


Эдуард Лобаў
Эдуард Лобаў
У той жа калёніі ў івацэвіцкім раёне адбывае пакараньне 4 гадамі зьняволеньня палітвязень, маладафронтавец Эдуард Лобаў. Гэтымі днямі ў Лобава адбываецца доўгатэрміновае спатканьне са сваякамі.

Жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага, асуджанага на 4,5 гады зьняволеньня, пабывала ў бабруйскай калёніі, дзе даведалася, што яе мужа за парушэньне рэжыму на паўгода пазбавілі харчовых перадач.

У чым менавіта выявілася парушэньне, Натальля Пінчук ня ведае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG