Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўталаўка прыяжджае са скіслым малаком


У вёсцы Ветка, што ў Маяцкім сельсавеце Слуцкага раёну, з год таму назад зьнесьлі будынкі крамы і клюбу. Цяпер больш за 200 веткаўцаў самыя неабходныя прадукты могуць набыць толькі два разы на тыдзень, калі прыяжджае аўталаўка.

Спачатку з крамы звольнілася прадавачка. У мясцовым сельпо замену ёй знайсьці ня здолелі, таму крама не працавала. Спасылаючыся на адсутнасьць попыту, мясцовае чынавенства вырашыла зруйнаваць клюб. Аднак будаўнікі, якія прыехалі выконваць працы, пераблыталі будынкі і памылкова зьнесьлі непрацуючую краму. Пасьля нарады са сваім кіраўніцтвам, зруйнавалі і клюб.

Аляксандар Солап
Аляксандар Солап
Мясцовы дэпутат «Грамадзянскай дамовы» Аляксандр Солап распавёў, што мясцовыя жыхары зьвярнуліся са скаргаю ў Адміністрацыю прэзыдэнта і ў Слуцкі райвыканкам. Таму 15 траўня камісія са Слуцку наведала Ветку для таго, каб разабрацца з сытуацыяй на месцы і сустрэцца зь мясцовымі жыхарамі.

Грамадзкі актывіст з Салігорску Ігар Міхнавец прысутнічаў на сустрэчы і паведаміў Свабодзе, што чыноўнікі не зьбіраюцца вырашаць пытаньне жыхароў вёскі:

«Веткаўцы прыйшлі вельмі абураныя, запытвалі, чаму зьнесьлі краму і клюб, патрабавалі, каб пабудавалі новую краму. Чынавенства нічога на гэта не адказала. Адзінае – сказалі, што прыбяруць звалку сьмецьця, якая больш за год знаходзіцца на месцы разбураных крамы і клюбу. Аўталаўка, якую так заўзята хвалілі слуцкія чыноўнікі, не вырашае праблему належным чынам. Таму што, па-першае, амаль усё насельніцтва вёскі – людзі сталага веку, якім складана ісьці і чакаць прывозу прадуктаў, а па-другое, машына з харчамі аб'яжджае за дзень больш за дзесятак вёсак і ў Ветку прыяжджае са скіслым малаком і іншымі папсаванымі прадуктамі».

Старшыня Маяцкага сельсавету Леанід Русаковіч і начальнік аддзелу гандлю і паслуг Слуцкага раёну Кракасевіч Ніна, якія былі на сустрэчы ў Ветцы, адмовілі вяскоўцам у будаўніцтве новай крамы з прычыны таго, што, паводле нормы, крама мусіць быць у населеным пункце з колькасьцю жыхароў больш за 200 чалавек. У Ветцы па сьпісе жыве 190, хоць фактычна людзей троху больш за 200.

Аляксандар Солап выказаў незадаволенасьць працаю чыноўнікаў:

«Прыехалі, накрычалі на бабулек, што тыя зараз стаяць і ледзь ня плачуць. Нам не дазволілі зьняць на відэа ці хаця б зрабіць аўдыёзапіс сустрэчы. Сказалі, што клюб зьнесьлі з-за незапатрабаванасьці, хаця тут заўсёды адзначалі вясельлі, праводзіны, памінкі. На пытаньні пра краму адказвалі расповедамі пра аўталаўку. Калі я пачаў задаваць пытаньні, то мяне сталі выганяць з памяшканьня, хаця ў гэтай вёсцы жыве мая маці і я маю права адстойваць яе правы. У выніку жыхарам вёскі нават нічога не паабяцалі. Сказалі: «Зьнесьлі ўсё слушна, будаваць нічога новага ня будзем» і зьехалі».

Паводле словаў Ігара Міхнаўца, мясцовыя жыхары маюць намер далей змагацца за тое, каб у вёсцы пабудавалі хаця б краму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG