Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зноў Сула пайшла ўздоўж сяла


Завялі танка
Завялі танка

11 траўня ў Маркавіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе зладзілі найстаражытнейшы беларускі абрад — «Ваджэньне Сулы».

Адзін з арганізатараў сьвята, настаўнік сьпеваў і харэаграфіі Рыгор Басаў тлумачыць, што ў старажытнаславянскай мове «Сула» азначала «велічэзны рух людзей»:

«Звычайна было так. На другі дзень Вялікадня, калі ў царкве адслужаць ўрачыстую літургію, усе ідуць на канец вёскі. Там кабеты й маладзіцы заводзілі танка. Паставяць трох дзяўчатак, бяруцца за рукі й водзяць вакол іх зь песьнямі карагод. Як паводзяць, то падхопяць дзяўчо пад рукі, падымуць уверх і ўсе разам зычаць: „Высокая расьці“. У гэтым — пажаданьне дзецям расьці здаровымі й дужымі, а зямлі — даць добры ўраджай. Абрадавыя песьні ведалі мая маці й бабуля. Яны зьбіраліся гуртам у Гадзічаве ды ішлі да ўскрайку Маркавічаў, і тут вадзілі танка й славілі Ўваскрасеньне Хрыстова».

Акурат з танка й пачаўся абрад у Маркавічах, галоўнымі дзейнымі асобамі якога сталі школьнікі:

Як ішла Сула, дай уздоўж сяла,
Ой, і я велю, дай уздоўж сяла.
І ўстрэла яна добра моладца,
Забрала сула добра моладца.


Праз абрадавыя песьні ўслаўляюцца жыватворныя сілы прыроды, гучыць просьба да нябёсаў: «Што б у нас усё радзіла, і маланка нас ня біла».

Расьці Вялікая!
Расьці Вялікая!


Пасьля танца ўсе ўдзельнікі абраду, а за імі гледачы й госьці з Цярускай, Глыбоцкай, Цярэшкавіцкай школак, ідуць зь песьнямі ў школьны двор. Тут накрыты ўжо стол з пафарбаванымі яйкамі, сокам і велікоднымі пірагамі. Грамаду сустракаюць караваем з радаснай весткай: «Хрыстос Уваскрос!»

Хрыстос Уваскрос! К табе, о Божа,
І я ў дзень гэты просьбу шлю.
Хай Беларусь, мая старонка,
Уваскрэсьне к вольнаму жыцьцю!


Пасьля пачастунку й канцэрту дзеці выпраўляюцца «качаць велікодныя яйкі». Па драўляным жалабку яйка коціцца ўніз на зямлю. Калі патрапіць у якое, то «выбітае» яйка дастаецца ў дадатак таму, хто ўдала спусьціў па жалабку сваё яйка.

Яйка па жалабку
Яйка па жалабку


Дзесяціклясьніца Ксеня Марціненка апавяла, што абрад «Сулы», які раней мясцовыя жыхары ладзілі з году ў год, — гэта таксама надзвычай сьветлае сьвята, як і Вялікдзень: «Мы заводзім танок, каб Вясна нас пачула, каб усё наўкола абудзілася й расквітнела. Чалавек з прыродай зьвязаныя! І гэтае сьвята для душы чалавека, ягонага ўнутранага абнаўленьня».

Расьці Вялікая!
Расьці Вялікая!


Маркавіцкая школа зьяўляецца захавальніцай народных фальклёрных традыцый ў Гомельскім раёне. Дырэктар школы Мікалай Пашчанка кажа, што сіламі настаўнікаў і школьнікаў адроджаны шмат якія нацыянальныя сьвяты й традыцыі — «Гуканьне вясны», «Калядкі», «Беларускія вячоркі». Школа стварае свой краязнаўчы музэй, дзе сабраны нацыянальныя строі, ручнікі, прадметы абыходу вяскоўцаў паўднёва-ўсходняй часткі Беларусі.

Дзятва з Маркавічаў наведвала й паказвала адроджаныя мясцовыя сьвяты й абрады ў Беларускім музэі народнай архітэктуры й побыту ў Строчыцах.

І толькі прадстаўнікі Гомельскай праваслаўнай эпархіі застаюцца незадаволеныя тым, што адраджаюць у Маркавічах школьнікі. У прыватнасьці, яны выступаюць супраць «Ваджэньня Сулы» — згледзелі ў абрадзе багата элемэнтаў паганства. Таму ў апошні час школа ладзіць абрад ня ў вёсцы, а толькі на сваёй тэрыторыі.

Гледачы і ўдзельнікі абраду
Гледачы і ўдзельнікі абраду


Прыхільніца народных традыцыяў, настаўніца Марыя Герасенка прыгадала, што акурат такім чынам ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя паводзілі сябе ранейшыя кіраўнікі мясцовага калгасу — забаранялілі абрад «Сулы», прымушаючы людзей ісьці ў поле на працу.

Пачастунак
Пачастунак
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG