Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворша: хакейны даўгабуд вымалёўваецца ў контурах


У Воршы ідзе да завяршэньня даўгабуд, які гараджанам ужо набіў аскоміну. Лядовую арэну, якую мусілі здаць яшчэ да «Дажынак» 2008 году, рыхтуюць да ўрачыстага адкрыцьця.

Меркавалася, што ўлазіны супадуць з адлікам старту хакейнага чэмпіянату сьвету ў Менску, які пачнецца праз год 9 траўня. Аднак дата аднесена чарговым разам — цяпер нібыта на сёлетні чэрвень. Адказныя за будаўніцтва спасылаюцца на складанасьць шматфункцыянальнага аб’екта — усё ж трэці паводле зьмяшчальнасьці ў краіне.

Больш за пяць гадоў будуюць у Воршы лядовую арэну. Падмурак пад яе заклалі яшчэ ў 2007-м, але сьвята ўраджаю наступнага году «зьела» ўсе мэтавыя сродкі. Зрэшты, праблемы зь фінансаваньнем з парадку дня не здымаліся цягам усяго наступнага часу, а апошнія 20 мільёнаў даляраў, якіх не хапала на завяршэньне будоўлі, выдзеліла Беларуская чыгунка. Аршанцы наракаюць, што дагэтуль плятуцца ў хвасьце масавай «хакеізацыі» краіны:

«Такога даўгабуду ў Беларусі, мабыць, нідзе няма. І вельмі крыўдна: ува ўсіх райцэнтрах, дзе „Дажынкі“ былі, там будаваліся і спартовыя арэны, і лядовыя палацы. А што да Воршы, то, пэўна, адзіны вялікі мінус нашаму гораду — гэты даўгабуд. Магчыма, і складана такі аб’ект узьвесьці, але ж маглі з кім скаапэравацца. Людзі ж чакаюць, спадзяюцца. У нас жа горад не маленькі — дзесьці ўжо пад 150 тысяч жыхароў. Нават дзеля таго, каб зламаць стэрэатып, што Ворша — горад трох турмаў і ніводнага тэатру. Адну турму зачынілі, да тэатру пакуль не дарасьлі, але культурны цэнтар хацелася б атрымаць. І сам Аляксандар Рыгоравіч яшчэ на „Дажынках“ гаварыў: для аршанцаў гэта будзе знакавае месца. Таму крыху крыўдна».

Як кажа прадстаўнік заказчыка, будучы дырэктар лядовай арэны Мікалай Шульгін, праца паступова выходзіць на фінішны этап і да лета ўвесь аб’ём будзе выкананы. Цяпер вядзецца добраўпарадкаваньне тэрыторыі і даводзіцца да ладу ўнутранае аздабленьне:

«Завяршаюцца аддзелачныя працы, устаноўка і наладка абсталяваньня. Сам па сабе гэты працэс працаёмкі, бо абсталяваньне найскладанейшае. Вельмі складаныя кампрэсарныя ўстаноўкі, вэнтыляцыйнае абсталяваньне. Мяркуецца, што ўвесь комплекс будзе ацяпляцца другасным цёплым паветрам, адмыслова падагрэтым, таксама новыя тэхналёгіі. Але асноўныя працы ўжо закончаныя, цалкам гатовыя да заліўкі лёду. Арэна, як вядома, шматфункцыянальная. Будзе вялікі забаўляльны комплекс, заля гульнявых аўтаматаў, фітнэс-цэнтар, трэнажорная і харэаграфічныя залі, боўлінг, більярд, рэстаран, буфэт, кавярня. Шмат аб’ектаў, таму шмат і працы».

Лядовая арэна ўжо паглынула вялізныя сродкі, але штомесяц на яе ўтрыманьне будзе пераарыентоўвацца немалая частка гарадзкога бюджэту. Усё ж аршанскі палац — трэці паводле зьмяшчальнасьці пасьля «Менск-Арэны» і арэны ў Бабруйску. Тут абсталявана 3,5 тысячы месцаў для заўзятараў. Мабільная арэна зможа пераўтварацца ў канцэртную пляцоўку і тады колькасьць гледачоў павялічыцца ўдвая.

Цяпер мясцовыя жыхары гадаюць: ці зьявіцца ў горадзе хакейная каманда? Прынамсі, які сэнс столькі ўкладаць, каб на выхадзе ня мець галоўны пасьлядажыначны атрыбут — дружыну прафэсіяналаў? А гэта значыць, трэба настройвацца на новыя выдаткі: сваіх хакеістаў у Воршы няма, а спартовыя «гастарбайтэры», перакананыя аршанцы, таннымі не бываюць:

«Хакею на лёдзе ў Воршы ніколі толкам не было. Гэта калі не лічыць, канечне, дваравыя каманды. Недзе пяць каробак па горадзе зімой заліваюць, але ж у нас і зімы такія: сёньня лёд, а заўтра — лужыны. Як тут падтрымліваць форму? А будзе палац — будзе і каманда, тут ужо не адкруцісься. Я не хачу сказаць, што яна зьявіцца адразу пад адкрыцьцё, але з часам — хутчэй за ўсё, будзе. Праўда, цяжка сказаць, калі палац увогуле адкрыецца, бо звычайна такія падзеі прымяркоўваюць ці да 7 лістапада, ці да Новага году. А тут усе тэрміны прайшлі, ды па пяць разоў. Невядома, што там ды як унутры, нам жа не паказваюць, але фасад нібыта гатовы, ідзе зьнешняе ўпарадкаваньне».

Мяркуецца, што пры арэне будзе працаваць хакейная школа — кузьня кадраў для будучай каманды. Дарэчы, пэўныя посьпехі ў дзіцячым хакеі рэгіён ужо мае — каманда аграгарадка Зубава, што побач з райцэнтрам, нечакана для спэцыялістаў выйграла рэспубліканскія спаборніцтвы ў сваёй узроставай катэгорыі. Цяпер аналягічных подзьвігаў будуць чакаць і ад дарослых.

Тым больш, мала хто сумняваецца, што і сам аб’ект, і новы калектыў «павесяць» на балянс Беларускай чыгункі, якая стала галоўным спонсарам аршанскай лядовай арэны. Як заўважае Мікалай Шульгін, у Беларусі няма ніводнага хакейнага клюба, які належыць менавіта чыгунцы. Таму цалкам лягічна, калі ў буйным транспартным вузьле, якім ёсьць Ворша, зьявіцца, прыкладам, каманда «Лякаматыў» — хоць і фінансава ёмісты, але адрасны брэнд транспартнікаў.

Згодна з праграмай хакеізацыі Беларусі, да чэмпіянату сьвету 2014 году па ўсёй краіне мусіць паўстаць паўсотні лядовых палацаў. Аднак пастаянны недахоп сродкаў гэтыя пляны, мяркуючы па ўсім, адкарэктуе — на пачатак 2013-га ў Беларусі ўзьведзена 31 арэна з штучным лёдам, аршанскі палац у гэтым шэрагу будзе 32-м. На астатнія два дзясяткі ні сіл, ні грошай, праўдападобна, ужо ня хопіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG