Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна баіцца афрыканскай чумы зь Беларусі


Украіна часова забараніла ўвоз зь Беларусі сьвініны, а таксама мяса іншых жывёл і мясапрадуктаў, схільных да рызыкі заражэньня афрыканскай чумой сьвіней (хваробай Мантгомэры).

Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце Дзяржаўнай вэтэрынарнай і фітасанітарнай службы Ўкраіны:

«У сувязі са зьяўленьнем у СМІ паведамленьняў пра гібель жывёл у Баранавіцкім раёне Рэспублікі Беларусь і падазрэньнямі ў распаўсюдзе афрыканскай чумы сьвіней, распараджэньнем намесьніка галоўнага дзяржаўнага інспэктара вэтэрынарнай мэдыцыны часова забараняецца ўвоз з гэтай краіны ва Ўкраіну жывёл, схільных да хваробы, прадукцыі і сыравіны зь мяса гэтых жывёл».

Афрыканская чума сьвіней (хвароба Мантгомэры) — заразнае віруснае захворваньне хатніх і дзікіх сьвіней. Захворваньне перадаецца пры непасрэдным кантакце хворых жывёл і здаровых, праз прадукты са сьвініны і праз транспартныя сродкі пры перамяшчэньні людзей і жывёл. Вакцыны ад гэтай хваробы няма. Амаль усё пагалоўе хворых сьвіней гіне.

Беларускія ўлады адмаўляюць, што ў Баранавіцкім раёне выяўленая ўспышка сьвіной чумы.

На сьвінакомплексе «Ўсходні», які належыць Баранавіцкаму камбінату хлебапрадуктаў, зафіксаваны вялікі падзеж жывёлы. Мясцовыя ўлады і кіраўніцтва катэгарычна абвяргаюць усякую інфармацыю пра надзвычайнае здарэньне, але пры гэтым раён сьвінакомплексу быў ачэплены міліцыяй, а мясцовыя жыхары пацьвярджалі, што адбываецца масавае пахаваньне жывёл.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG