Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску змагаюцца за Альгерда


У сеціве ўзьнікла ініцыятыва ў падтрымку рашэньня Віцебскага гарвыканкаму ўсталяваць помнік вялікаму князю Альгерду.

Ініцыятыва стала рэакцыяй на нядаўні пратэст ананімнай «расейскай грамадзкасьці Віцебску» супраць плянаванага ўсталяваньня помніка князю Альгерду.

У чэрвені 2013 года ў Віцебску павінны паставіць помнік вялікаму князю ВКЛ Альгерду. Пастамэнт для яго ўжо стаіць насупраць Уваскрасенскай царквы ў гістарычным цэнтры гораду — на тэрыторыі былога Ўзгорскага замка.

Рашэньне аб усталяваньні помніка было прынятае кіраўніцтвам Віцебску і вобласьці, падрыхтоўчыя працы вяліся некалькі гадоў. Праводзіліся грамадзкія слуханьні, конкурс на лепшы макет. Перамог варыянт віцебскага скульптара Валера Магучага.

«Нядаўна ў інтэрнэце невядомымі людзьмі і ад імя непадпісаных арганізацый (што ставіць пад сумнеў іх наяўнасьць) зьявіўся „пратэст“ супраць усталяваньня помніка. Абураныя гэтым „пратэстам“, мы хочам давесьці да ўладаў, што абсалютная большасьць нашых гараджан выступае за ўзьвядзеньне помніка.

Заклікаем кожнага неабыякавага жыхара Віцебску, які любіць свой горад і шануе яго мінулае, адправіць ліст падтрымкі ў Віцебскі гарвыканкам», — кажуць у звароце ініцыятары новай кампаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG