Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нафтавае перамір’е» заканчваецца

абноўлена

Урад Расеі падрыхтаваў ліст афіцыйнаму Менску пра нежаданьне ўзгадняць павелічэньне паставак нафты на беларускія НПЗ у другім паўгодзьдзі.

«Сярод прэтэнзіяў расейскага ўраду — невыкананьне беларусамі ўмоў па вяртаньні ўзгодненага аб’ёму нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты. Акрамя гэтага, беларусы зацягваюць рэалізацыю сумесных інтэграцыйных праектаў, у тым ліку стварэньне СП паміж расейскім вытворцам грузавікоў КамАЗам і беларускім МАЗам», — паведамляе расейская газэта «Известия».

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч настойваюць на павелічэньні паставак расейскай нафты на беларускія НПЗ да 23 млн т. Аднак дамагчыся гэтага будзе вельмі складана.

Перамовы па нафтавым пытаньні вядуцца з восені мінулага году. Расейскі бок ня раз заяўляў пра сваю гатоўнасьць накіраваць толькі 18,5 млн т нафты ў абмен на вырабленыя зь яе 2,1 млн т нафтапрадуктаў стандарту «Эўра-3».

У мінулым годзе Расея злавіла Беларусь на тым, што тая экспартуе нафтапрадукты ў Эўропу пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў. У выніку расейскі бюджэт недаатрымаў каля 1,5–2 млрд даляраў.

Акрамя гэтага, да восені мінулага году не было абяцаных зваротных паставак нафтапрадуктаў. 300 тыс. т нафтапрадуктаў удалося вярнуць у IV квартале толькі пасьля таго, як Расея скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь.

Аднак у 2013 годзе афіцыйны Менск двойчы здолеў дамагчыся ад расейскага ўраду працягу паставак нафты ў ранейшым аб’ёме цягам першага паўгодзьдзя.

Масква ўжо не аднойчы пагражала зьняць Менск з «нафтавай іглы», але затым выконвала ўсе патрабаваньні партнэра. Наколькі сур’ёзныя расейскія захады гэтым разам? — спытаў карэспандэнт «Свабоды» намесьніка дэкана факультэту ўсясьветнай эканомікі і ўсясьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве Андрэя Суздальцава:

Андрэй Суздальцаў
Андрэй Суздальцаў
«Менск будзе скарыстоўваць гэтую зьдзелку па МАЗУ-КамАЗу для таго, каб атрымаць найбольшую колькасьць нафты. Гэта такі аргумэнт — мы ідзем на стварэньне аўтамабільнага холдынгу толькі пры ўмове, што Расея паставіць 23 мільёны тон нафты. Таму я лічу артыкул у „Известиях“ абсалютна правільным.

І другое, расейскі бок не ўспрымае тлумачэньні беларускага боку пра тое, што ён пастаўляе на расейскі рынак нафтапрадукты, якія там не каціруюцца. Вядома, калі прадаваць іх па цане, якая ўдвая перавышае кошты на расейскім рынку, дык яны, зразумела, ня будуць каціравацца.

І трэці момант. Можна прагназаваць, што чацьвёрты квартал будзе пустым для беларускай нафтахіміі. Гэта ўсё — рэальна».

Беларусь настойвае, каб сёлета Расея паставіла ёй 23 мільёны тон нафты. І пакуль атрымлівае столькі, колькі ёй патрэбна. «Цяжка паверыць, што Масква пойдзе на значанае скарачэньне паставак», — лічыць эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак:

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак
«Прыкладна палову нафты, якая імпартуецца з Расеі, перапрацоўваюць не беларускія, а менавіта расейскія нафтавыя кампаніі на давальніцкіх умовах. І калі праводзіць сэквэстар, то трэба нейкім чынам абмяжоўваць і расейскія нафтавыя кампаніі. Але ў кожнай такой кампаніі ёсьць свае пляны, дамовы, стратэгіі разьвіцьця на гэты год. І таму абмежаваць расейскія кампаніі будзе ня так проста».

Калі Расея ўсё ж пойдзе на абмежаваньні і скарачэньні паставак нафты, якія страты панясе ад гэтага Беларусь? Маскоўскі эканаміст Дзьмітры Балкунец, які вывучае дачыненьні дзьвюх краін, тлумачыць:

«У мінулыя гады чысты прыбытак Беларусі як дзяржавы складаў 90 даляраў
Гэта азначае, што і сальда адмоўнае Беларусі будзе вышэйшым
на адной тоне. І калі ўявіць, што Расея скароціць пастаўкі на адзін мільён тон, то Беларусь страціць 90 мільёнаў даляраў. Гэта азначае, што і сальда адмоўнае Беларусі будзе вышэйшым.

Тут вельмі цяжка ўсё палічыць. Бо колькасьць патэнцыяльна страчаных Беларусьсю грошай залежыць ад цэнаў на зьнешніх рынках наагул, ад цэнаў на нафтавым рынку, ад таго, на якіх умовах атрымлівае нафту Беларусь... А тут пэрыядычна шмат што зьмяняецца. І памеры стратаў могуць вагацца».

Тацьцяна Манёнак лічыць, што Беларусь можа панесьці значна большыя страты на ўкраінскім напрамку, чым на расейскім:

«Калі Ўкраіна увядзе мыта для беларускіх нафтапрадуктаў, то гэта будзе вялікая для нас праблема. Эўрапейскі рынак — адзін з асноўных, дзе прадаюцца беларускія нафтапрадукты. Там кошты падаюць, і там таксама дывідэнды будуць зьмяншацца. Так, Расея можа на некаторы час зьнізіць свае пастаўкі нафты ў Беларусь. Але я ня думаю, што гэтыя дзеяньні зойдуць вельмі далёка».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG