Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія сябры партыі БНФ патрабуюць аднаўленьня помнікаў у Смальянах


Леанід Аўтухоў
Леанід Аўтухоў
Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў зьвярнуўся да старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца са скаргай на дзеяньні адказных асобаў, якія дапусьцілі руйнаваньне гістарычнага будынку ў вёсцы Смальяны Аршанскага раёну.

У скарзе ёсьць і канкрэтныя прапановы, як зрабіць гэтую вёску «турыстычнай Мэкай усходняй Беларусі». Для гэтага ёсьць усе падставы, бо «колькасьць і каштоўнасьць помнікаў у Смальянах нават большая, чымсьці ў такіх турыстычных цэнтрах краіны, як Мір і Нясвіж», піша Леанід Аўтухоў.

Таму партыйцы просяць «неадкладна прыняць праграму па ахове і рэстаўрацыі ўсіх помнікаў, што знаходзяцца ў Смальянах і правесьці археалягічныя даследаваньні комплексу дамініканскага кляштара ў Смальянах з абавязковым прыцягненьнем адмыслоўцаў Акадэміі навук».

А што да інцыдэнту, які адбыўся ў Смальянах 17 красавіка, калі толькі пратэсты шырокай грамадзкасьці дапамаглі спыніць канчатковае зьнішчэньне кляштарнага будынка ля дамініканскага касьцёла Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, трэба ня толькі пакараць вінаватых, але і стварыць адпаведную службу ці ў складзе наяўных праваахоўных органаў, ці ў якасьці асобнай спэцслужбы, як, прыкладам, у Італіі або Эгіпце, каб аказваць супраціў нелегальнаму рабаваньню гісторыка-археалагічна-мастацкай спадчыны.

Бо ў Смальянах, у прыватнасьці, ужо былі выпадкі, калі «чорныя капальнікі» рабавалі старажытныя пахаваньні. Падобнае можа адбыцца і цяпер, калі не спыніць ахвотных да саматужных раскопак на тэрыторыі дамініканскага кляштара, дзе спэцтэхнікай ужо вырытыя 2 яміны, куды зьбіраліся скінуць парэшткі зруйнаванага кляштарнага будынка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG