Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь: Што не дазволена — забаронена


Amnesty International апублікавала справаздачу аб рэпрэсіях і парушэньні правоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

На 54 старонках справаздачы «Што не дазволена — забаронена. Затыканьне рота грамадзянскай супольнасьці Беларусі» — шмат прыкладаў таго, як беларускія ўлады дзень за днём парушаюць свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў, свабоду слова, забараняюць праводзіць дэманстрацыі і засноўваць грамадзкія арганізацыі.

«За апошнія 20 гадоў урад Беларусі ўзмацніў ціск на ўсе аспэкты грамадзянскай супольнасьці, пазбавіў свой народ магчымасьці выказваць свае думкі, удзельнічаць у публічных дэбатах, кантраляваць уладу», — заявіла адна з аўтараў дакладу Хэзэр Мак-Гіл (Heather McGill), дасьледчыца сытуацыі ў Беларусі ад Amnesty International.

У справаздачы дасьледуецца беларускае заканадаўства ў галіне свабоды слова і сходаў, а таксама практыка яго выкананьня, дакумэнты, якія сьведчаць пра парушэньне правоў праваабаронцаў, прафсаюзаў, экалягічных рухаў, ЛГБТ-супольнасьці.

У справаздачы згадваецца, што з 2000 году ў Беларусі не была зарэгістраваная ніводная палітычная партыя, бо ўлады ўзмацнілі свае патрабаваньні, а сябры незалежных прафсаюзаў церпяць ад дыскрымінацыі на працоўных месцах.

Справаздача нагадвае пра лёс вязьня сумленьня Алеся Бяляцкага, які быў засуджаны за тое, што, дзейнічаючы ад імя пазбаўленага рэгістрацыі Праваабарончага цэнтру «Вясна», зьбіраў грошы для ахвяраў рэпрэсіяў праз свае пэрсанальныя рахункі ў Польшчы і Літве.

Справаздача згадвае пра падзеі 19 сьнежня 2010 году ў Менску і пра хвалю рэпрэсіяў, якая прайшла пасьля іх, а таксама пра тое, што ў беларускіх турмах застаюцца палітвязьні, у тым ліку вязьні сумленьня Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Эдуард Лобаў, Зьміцер Дашкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG