Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым можа скончыцца «справа фатографаў»?


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Апублікавана поўная экспэртыза альбома «Прэс-фота Беларусі», зробленая ідэолягамі і выкладчыкамі на замову КДБ. Афіцыйныя экспэрты прызналі, што падборка матэрыялаў у альбоме «прыніжае нацыянальны гонар і годнасьць грамадзян Рэспублікі Беларусь, прымяншае аўтарытэт дзяржаўнай улады, падрывае давер да органаў улады». Што кажа гэтая экспэртыза пра дзейнасьць дзяржаўнай рэпрэсіўнай і прапагандысцкай машыны? Чым можа скончыцца «справа фатографаў»? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

— Нібыта на фоне спыненьня спраў супраць часопіса «Архэ» і Анджэя Пачобута, на фоне перамоў з Эўропай уладам зараз зусім не патрэбны чарговы гучны працэс супраць журналістаў. Але чаму экспэрты знайшлі экстрэмізм? Ці азначае гэта, што дзяржаўная рэпрэсіўная і прапагандысцкая машына ня можа ўжо працаваць іначай, выдае такія выпадкі ўжо «на аўтамаце»?

— Я перакананы, што гэта так званы «эксцэс выканаўцы». Спрацаваў фатальны бюракратычны ланцуг. Калі б мытня не затрымала наклад альбому, то ён бы сёньня спакойна разыходзіўся па Беларусі і не выклікаў бы ніякага ажыятажу ў ідэалягічных цэрбэраў. Бо штодня ў незалежнай прэсе публікуюцца нашмат вастрэйшыя рэчы.

А так закруціліся шасьцерні бюракратычнай машыны, якая ў нас заточаная пад рэпрэсіі. І працуе такая перастрахоўка чыноўнікаў, што лепей перагнуць кій рэпрэсіяў, а не «недагнуць». Бо за «перагін» не пакараюць, а калі раптам гнілы лібэралізм выявіш, то атрымаеш па шапцы.

— Экспэрты выдалі такія фармулёўкі, якія адразу былі разабраныя на цытаты ў інтэрнэце. Чытаючы гэтае экспэртнае заключэньне, ці не ствараецца ўражаньне, што гэта нейкі абсурд, што гэта не ўсур’ёз? Паводле такіх прыкметаў любы фотаздымак жыцьця можна назваць экстрэмізмам.

— Так, узьнікае пытаньне «а судзьдзі хто?». Бо экспэртыза мусіць быць незалежнай. А калі яе ладзяць штатныя ідэалягічныя супрацоўнікі (прынамсі, яны вядуць рэй у камісіі), то ім сьвярбіць найперш жаданьне даказаць, што яны нездарма хлеб ядуць плюс паказаць сваю пільнасьць.

Прыцягнулі таксама экспэртаў з навуковага асяродзьдзя. Але тут трэба ўлічыць, які дамоклаў меч над імі вісіць. Некаторыя проста мусілі пад страхам паставіць свае подпісы. Тым больш калі ўзяць менавіта Гарадзенскі ўнівэрсытэт і выкіданьне там усіх неляяльных кадраў — то, натуральна, чыньнік страху вялікі і там. Таму вялікая праблема ўвогуле — ці можа цяпер існаваць у Беларусі незалежная экспэртыза.

Законы, якія нібыта і патрэбныя (бо з экстрэмізмам увесь сьвет змагаецца), ва ўмовах рэпрэсіўнага рэжыму становяцца сякерай, якая ў любы момант можа апусьціцца на галаву людзей, якія робяць цалкам бяскрыўдныя рэчы, як аўтары альбому «Прэс-фота Беларусі».

— Суд прызначаны на 17 красавіка. Чым можа скончыцца справа фатографаў?

— Я думаю, што 50 на 50. Бо аб’ектыўна гэта зараз шкодзіць уладам, якія раскручваюць трэнд на пацяпленьне з Эўропай. Але зь іншага боку, у беларускіх уладаў ёсьць пункцік — яны баяцца падацца слабымі. Таму яны ня любяць адкручваць назад. Мне падаецца, што найхутчэй гэтая справа будзе спушчаная на тармазах. Бо надта анэкдатычнай і недарэчнай у сэнсе замежнапалітычных задач выглядае.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG