Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскай пагражае да 12 гадоў турмы


Вольга Класкоўская
Вольга Класкоўская
15 красавіка, у панядзелак, пракурор будзе выбіраць далейшую меру стрыманьня для Вольгі Класкоўскай, якая падазраецца ў замаху на забойства мужа. Калі швэдзкі суд прызнае Вольгу вінаватай, ёй можа пагражаць да 12 гадоў турмы.

У той жа час яе старэйшая дачка, 11-гадовая Міраслава Навумовіч, вяртаецца з бабуляй у Беларусь.

«Дачка Вольгі Класкоўскай Міраслава будзе ў Беларусі сёньня ці заўтра, — паведаміў Радыё Свабода Алесь Ліцьвінчык, былы сустаршыня Саюзу беларусаў Швэцыі і сябар Вольгі Класкоўскай.

«Я ўчора іх пасадзіў на паром да Рыгі. Яны мне ўжо тэлефанавалі з парома, што ўсё нармальна».

Алесь Ліцьвінчык выказвае падзяку беларускім дыпляматам у Латвіі за шчырае стаўленьне і дапамогу, якую яны аказалі ў сытуацыі зь Міраславай Навумовіч.

Паводле Ліцьвінчыка, Вользіна маці Людміла Класкоўская прыехала ў Швэцыю і суправаджае дзіця, бо Вольга перадала з турмы адпаведны дазвол.

Ліцьвінчык кажа, што адвакат Класкоўскай Ханс Брэдбэрг прытрымліваецца пазыцыі, што нязначныя нажавыя раненьні Вольга нанесла мужу Гёкаю Безгіну ў выніку самаабароны.

«Муж трымаў Вольгу замкнёнай у кватэры, як закладніцу», — сьцьвярджае Алесь Ліцьвінчык. Ён кажа, што Вольга шмат разоў скардзілася на гвалт з боку мужа — зьдзекі і зьбіцьцё, — таму ён мяркуе, што здарэньне адбылося, калі Вольга ратавала сваё жыцьцё і жыцьцё дзіцяці.

Вядома таксама, што Вольга зьвярталася ў паліцыю з прычыны хатняга гвалту, а яе муж паводле яе абвінавачаньня нават быў зьмешчаны ў турму. Пэўны час Вольга прабыла ў прытулку для ахвяраў хатняга гвалту. Траўмы і пашкоджаньні, нанесеныя мужам, зафіксаваныя ў мэдычных дакумэнтах.

14 траўня адбудзецца суд у справе апекі над меншым сынам Вольгі Класкоўскай — Адэмам. Цяпер ён у родных свайго бацькі. Будзе вызначацца парадак апекі, бо цяпер паміж паміж Вольгай і яе мужам вядзецца справа аб разводзе. Аднак Ліцьвінчык не выключае, што суд не адбудзецца, бо Вольга ў турме.

На пачатку студзеня гэтага году стала вядома, што Швэцыя адмовіла Вользе ў праве знаходзіцца на швэдзкай тэрыторыі. У лютым службы апекі забралі ў Вольгі малодшага сына Адэма, які мае швэдзкае грамадзянства. Аднак пазьней выявілася, што яны адмовіліся ад сваіх заяваў, і Вольгу ўзнавілі ў правах на дзіця.

З 30 сакавіка Вольга ў турме паводле абвінавачаньня ў замаху на забойства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG