Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль: трохкрокавая пэрспэктыва для Беларусі


З ініцыятывы Эўрапейскай народнай партыі, якая мае найбуйнейшую фракцыю ў Эўрапарлямэнце, 9 красавіка ў Брусэлі пройдзе вялікая канфэрэнцыя па Беларусі.

На яе зьбяруцца ня толькі эўрапейскія парлямэнтары, але і прадстаўнікі Эўракамісіі, дыпляматы, палітолягі. Ад імя беларускай апазыцыі даклад пра сытуацыю ў краіне зробіць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
Зь менскага аэрапорту лідэр АГП паведаміў карэспандэнту «Свабоды», што канфэрэнцыя па мадэрнізацыі Беларусі — добрая мажлівасьць даслаць вестку эўрапейскім дэпутатам і чыноўнікам:

«Я буду гаварыць пра трохкрокавую стратэгію. Першы крок — вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў. Другі — свабодныя і сумленныя выбары. Трэці — плян мадэрнізацыі для Беларусі.

Асобным файлам пойдзе інфармацыя пра заяву „Намэнклятурная прыватызацыя як пагроза эканамічнаму сувэрэнітэту Беларусі“ дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, прынятую 15 сакавіка бягучага году. Дакумэнт надзвычай важны, які закранае інтарэсы ўсіх жыхароў Беларусі. Таму патрэбна, каб пра гэта ведалі ня толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі».

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч таксама ўдзельнічае ў гэтай імпрэзе:

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч
«Для бальшыні эўрапейцаў, якія клапоцяцца аб незалежнасьці Беларусі, відавочна, што вельмі важным зьяўляецца аднаўленьне дыялёгу. Эўропа выступае за дыялёг, але пры гэтым ніхто ня ставіць пад сумнеў, што яго пачаткам павінна стаць вызваленьне палітвязьняў. Гэта нават не абмяркоўваецца.

На канфэрэнцыі будзе абмяркоўвацца і плян мадэрнізацыі для Беларусі. Некаторыя ставяцца да яго скептычна, некаторыя яго хваляць. Асабіста я лічу, што гэта вельмі важная магчымасьць паказаць, якой мае быць Беларусь».

Сярод тых, хто прадстаўляе Беларусь у Брусэлі ад імя грамадзянскай супольнасьці, — дырэктар Эўрапейскага цэнтру трансфармацыі Андрэй Ягораў. Ён таксама лічыць, што эўрапейскі плян мадэрнізацыі вельмі карысны для Беларусі:

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў
«Праблема тут у выкарыстаньні гэтага дакумэнту і ў тым, хто можа ім скарыстацца. На сёньняшні час беларуская дзяржава ўхіляецца ад кантактаў з Эўразьвязам. Яна фактычна ня ўдзельнічае ў дыялёгу па мадэрнізацыі і значна абмяжоўвае патэнцыял гэтага інструмэнту. З другога боку, удзел у гэтым палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці з розных прычынаў таксама ня вельмі інтэнсіўны.

І тут трэба памятаць, што „Ўсходняе партнэрства“ і эўрапейскі дыялёг па мадэрнізацыі — гэта адзіная палітычная сувязь Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам як наднацыянальнай структурай, якая яднае 27 краінаў Эўропы. І калі яе парваць, то гэта не паспрыяе разьвіцьцю Беларусі ні ў кароткачасовай, ні ў доўгатэрміновай пэрспэктыве».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG