Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея «адточаць» ядзерны ўдар па Варшаве


Аляксандар Лукашэнка на вайсковым парадзе ў ліпені 2011 году
Аляксандар Лукашэнка на вайсковым парадзе ў ліпені 2011 году

Ужо ўвосені мы адчуем сябе як у часы халоднай вайны, – піша газэта Polska The Times. Войскі НАТО будуць у Польшчы адпрацоўваць сцэнар абароны Эстоніі, а Беларусь і Расея – адбіваць атаку з тэрыторыі Польшчы: каля польскай мяжы адточаць варыянт прэвэнтыўнага ядзернага ўдару па Варшаве.

З пачатку году расьце напружанасьць у адносінах паміж Расеяй і НАТО. Альянс рыхтуецца да правядзеньня манэўраў Steadfast Jazz 2013, якія пройдуць на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Латвіі, у той час як беларусы і расейцы распачнуць вучэньні «Захад-2013». Адначасова Менск і Масква ахвотна зьвяртаюцца да ваеннай рыторыкі. – Мы не зьбіраемся нікому пагражаць. Мы не разглядаем ніякую дзяржаву як свайго праціўніка. Мы дзейнічаем адкрыта і пасьлядоўна, робячы акцэнт на калектыўнай абароне. Гаворка ідзе пра здольнасьць да абароны, так бы мовіць, супольнай арміі Беларусі і Расеі, а таксама рэгіянальнай групоўкі войскаў на заходнім участку – тлумачыў спэцыфіку манэўраў Аляксандар Лукашэнка, прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь.

У сваю чаргу расейскае міністэрства абароны дало зразумець, што яму не падабаецца ўсё большы ўдзел Польшчы ў НАТО.

Мы павінны прыняць да ўвагі патэнцыял НАТО. Мы бачым, што многія яго інфраструктурныя праекты ажыцьцяўляюцца ў Польшчы. Гэта турбуе нас з многіх прычынаў, у прыватнасьці таму, што НАТО спрабуе пераканаць нас у тым, што пагрозу трэба бачыць на поўдні, у Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Але ў той жа час мы бачым, што вайсковыя падрыхтоўкі вядуцца ва ўсходняй частцы НАТО, на тэрыторыі новых чальцоў. Мы павінны гэта ўлічваць у нашай ваеннай дактрыне – цытуе партал Defense24.pl словы Аляксандра Грушко, намесьніка міністра абароны Расеі.

Ніхто гэтага афіцыйна не пацьвярджае, але цяжка не прызнаць манэўраў «Захад 2013» за спробу канкураваць з НАТО. Што праўда, супольныя вучэньні беларускія і расейскія войскі праводзяць з 2004 году, тады як арміі краін паўночнаатлянтычнага альянсу не праводзілі сумесных манэўраў ад 1993 году. Але ж гэта Менск і Масква часьцей параўноўваюць сябе з НАТО, а не наадварот. Не выпадкова Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы СНГ самі заснавальнікі АДКБ называюць «расейскім НАТО».

Сцэнар «Захаду-2013» невядомы. Паводле неафіцыйных каналаў інфармацыі, у іх возьмуць удзел каля 20 тысяч вайскоўцаў (у манэўрах НАТО іх будзе каля 3 тысяч). Сярод варыянтаў вучэньняў разглядаецца прэвэнтыўны ядзерны ўдар па Варшаве. Спэцыялісты не выключаюць таксама спробаў парушэньня польскай кібэрпрасторы. У мінулым мы таксама былі сьведкамі пагрозаў Польшчы расейскімі ракетамі Іскандэр, якія знаходзяцца ў Калінінградзкай вобласьці.

У Расеі ёсьць прычыны для неспакою ў тым сэнсе, што поле НАТО знаходзіцца ўсё бліжэй да яе межаў. А месца арганізацыі манэўраў – гэта заўсёды форма палітычнай дэклярацыі, – прызнае Станіслаў Казей, кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі.

Формаў удзелу НАТО ў Польшчы робіцца ўсё больш. Тут разьмешчаныя ракетныя сыстэмы Patriot, сюды пераводзяцца амэрыканскія зьнішчальнікі F-16 і гелікоптэры Геркулес. Па-ранейшаму актуальныя пляны збудаваньня ў Польшчы антыракетнага шчыта ПРА – да 2018 году.

Разам з тым, падкрэсьлівае Polska The Times, НАТО – арганізацыя, якая марудна рэагуе на розныя канфліктныя сытуацыі. І рашэньне дапамагчы адной са сваіх краін на мяжы з СНД прымалася б складана і доўга. Таму заплянаваныя манэўры Steadfast Jazz 2013 трэба разглядаць як вельмі пазытыўны для Польшчы знак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG