Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы па справе Аўтуховіча эміграваў у ЗША


Мікалай Аліхвер
Мікалай Аліхвер

Мікалай Аліхвер, сьледчы, які вёў першую справу Мікалая Аўтуховіча і Юрыя Лявонава, эміграваў у ЗША.

Такую выснову зрабілі карыстальнікі сацыяльных сетак, пабачыўшы акаўнт Аліхвера на «Аднаклясьніках». Малады чалавек пазначыў сваё месцы жыхарства як «Атлянта, ЗША». На фотаздымках ён абдымае жонку і піша: «Я шчасьлівы».

«Удзел у справе Аўтуховіча можа пагражаць Аліхверу тым, што ён не атрымае грамадзянства ЗША», — папярэджвае юрыст Юры Зянковіч, — Калі вядома, што чалавек быў заангажаваны ў супрацьпраўную дзейнасьць, то гэта будзе перашкодай для атрыманьня грамадзянства ЗША. Калі можна давесьці, што чалавек не адпавядае якасьцям высокамаральнай асобы, то і грамадзянства не атрымаеш«.

Паводле інфармацыі Радыё Свабода, перабываньнем ў ЗША Мікалая Аліхвера занепакоіліся беларускія дыяспары ЗША і Канады. Яны маюць намэр зьвяртацца ў дэпартамэнт па міграцыі.

Ці можна «вярнуць» Аліхвера на радзіму? Ці можна прымусіць яго апавесьці праўду пра справу Аўтуховіча?


«Трэба нагадаць, што чалавек з-за яго сядзіць»


«У кабінэце Аліхвера 15 кастрычніка 2005 году арыштавалі Аўтуховіча», — кажа Юры Лявонаў.

«Сумленьне яго мусіць мучыць, — цьвердзіць Павал Сапелка, які абараняў Аўтуховіча ў другой справе. — Не было б першай справы, можа, і другой бы не было!»

Павал Сапелка
Павал Сапелка
Да другой справы Аўтуховіча далучылі частку пакараньня, якое яму належала па першым прысудзе. Да таго ж ён ужо лічыўся паўторна асуджаным, таму быў накіраваны ў калёнію строгага рэжыму.

«Пасьля Аліхвера быў яшчэ пракурор, судьдзя, але менавіта Аліхвер накіраваў у суд справу Аўтуховіча-Лявонава, па якой было відаць, што няма там складу злачынства, — тлумачыць Сапелка. — Трэба нагадаць яму, што з-за яго сядзіць чалавек».

Чуткі пра тое, што Аліхвер выйграў грын-карту хадзілі даўно. Грамадзкасьць занепакоіла, як чалавек, датычны да справы палітычных зьняволеных, мог трапіць у ЗША. Фотаздымкі Аліхвера хутка трапілі ў прэсу, і акаўнт на «Адняклясьніках» ён выдаліў.


«Хай раскажа, што ведае»


«Я б задаў яму адно пытаньне: хто замовіў Аўтуховіча? — кажа Юры Лявонаў. — Навошта яму сюды вяртацца? Лепш прымусіць яго гаварыць. Хай бы ён апавёў тое, што ведае».

Паводле матэрыялаў сьледзтва, якое вялося ў 2003-2005 гадах, Аўтуховіча асудзілі да трох з паловай гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці, а Лявонава — да трох гадоў і пяці месяцаў. Было шмат сьведчаньняў пра тое, што справа Аўтуховіча-Лявонава сфабрыкаваная. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала абодвух вязьнямі сумленьня.

Юры Лявонаў
Юры Лявонаў
Юры кажа, што Аліхвер не сьпяшаўся нічога рабіць па справе:

«Імпэту ён ніякага не праяўляў. То хварэў, то ў адпачынку. У мяне было ўражаньне, што ён увогуле не хацеў гэтай справай займацца».

Усяго Аліхвер правёў некалькі допытаў Лявонава, калі той яшчэ праходзіў па справе як сьведка.

Аліхвер прызначаў судова-эканаміную экспэртызу па гэтай справе. Паводле першай пяць з шасьці рэспубліканскіх арганізацый (Міністэрства эканомікі, кафэдра эканомікі БДУ, Міністэрства транспарту, Міністэрства юстыцыі) вырашылі, што парушэньняў няма. Толькі Міністэрства па падатках і зборах настойвала на парушэньнях.

«Аліхвер прызначыў нам з Аўтуховічам сустрэчу, каб азнаёміцца з гэтым актам, — распавядае Лявонаў, — мы яго падпісалі. Потым нас разьвялі па розных кабінэтах і пасьля гэтага я ўжо ня бачыў у тым годзе ані Аўтуховіча, ані Аліхвера».

Аліхвер заставаўся кіраўніком сьледчай групы. Ён жа прызначыў яшчэ адну экспэртызу. Яна праводзілася гарадзенскімі спэцыялістамі, і яе выснова: Аўтуховіч незаконна займаўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю.

«Гэта і стала падставай для рашэньня суду, — кажа Юры Лявонаў. — Гэта была замова. Там элемэнтарныя эканамічныя паказьнікі не прымаліся пад увагу. Даходы Аўтуховіча ўлічылі, а расходы проста адмялі. Экспэртыза была перадузятая».


У ЗША супраць Аліхвера можна завесьці справу


Знайсьці самога Мікалая Аліхвера нам пакуль не ўдалося. Невядома таксама, якім менавіта чынам ён атрымаў грын-карту. Гэтая інфармацыя закрытая.

Юрась Зянковіч
Юрась Зянковіч
«Калі ён выйграў грын-карту, то ануляваць яе магчымасьцяў фактычна няма, — кажа спэцыяліст у амэрканскім праве Юрась Зянковіч. — Амэрыканскае заканадаўства накладае абмежаваньні на ўезд толькі на супрацоўнікаў праваахоўных органаў таталітарных дзяржаў, камуністчных ці фашыстоўскіх».

Таксама забароненая выдача візаў асобам, якія займаліся перасьледам вернікаў.

Ці можна прымусіць Аліхвера апавесьці пра справу Аўтуховіча? Так, тэарэтычна амэрыканскае заканадаўства дае магчымасьць узбудзіць справу супраць чалавека, які быў заангажаваны ў парушэньне правоў чалавека ў іншай краіне. Знаходзіцца ў ЗША не абвязкова. Дастаткова мець адваката, які будзе прадстаўляць ягоныя інтарэсы.

Юры Лявонаў цяпер жыве ў Расеі. Кажа, што Аліхвера ў тым ліку лічыць вінаватым у тым, што давялося перажыць:

«Усе вінаватыя, хто падпісваў дакумэнты. У чалавека быў выбар: падпісваць ці не падпісваць, выконваць загад ці не выконваць. Гэты выбар ёсьць заўжды. І тое, што ён зьехаў у Амэрыку, толькі пацьвярджае, што ён зрабіў няправільны выбар».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG