Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Алесь Пушкін: «У мяне 25 сакавіка — вельмі жывое сьвята»


Алесь Пушкін, чалавек, які стварае ў вёсцы Горад Сонца
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:33 0:00
Наўпроставы лінк
«Мне цяпер сорак сем, а дзесьці ў дваццаць адзін я даведаўся пра Беларускую Народную Рэспубліку, пра бел-чырвона-белы сьцяг і ягонага стваральніка Клаўдзія Дуж-Душэўскага. 25 сакавіка 1989 году я зрабіў першую спробу публічнай мастацкай акцыі з нагоды сьвята БНР. І з тых пор кожны год у гэты дзень я раблю якія-небудзь творчыя акцыі. У 2011 годзе, напрыклад, я прадставіў у сельсавет праект рэканструкцыі цэнтральнай часткі нашага мястэчка Бобр да 500-годзьдзя з часу яго заснаваньня.

Чаму гэта робіцца 25 сакавіка? Мне здаецца, што БНР ні ў якім разе не павінна быць музэйнай рэччу. У мяне 25 сакавіка — вельмі жывое сьвята. Часам холадна ў гэты дзень, часам на мяне напраналі наручнікі, як было, калі я са шпакоўнямі пэрформанс рабіў, часам улада прымае мае прапановы, як здарылася з праектам рэканструкцыі майго мястэчка. Але заўсёды я хачу, каб у гэты дзень мае акцыі былі жывымі, і гэта — залог жыцьця цудоўнай ідэі Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожным разумным чалавекам БНР успрымаецца як пачатак нашай маладой дзяржавы.

Мы — маладая дзяржава і таму ня трэба прысьпешваць выбар грамадзян нейкімі экстрэмальнымі дзеямі. Мы пераможам толькі стварэньнем. Няхай гэта гучыць сьмешна, але першыя мае плякаты дэкляратыўнага мастацтва на акцыі 25 сакавіка 1989 году былі мірныя. Потым былі буслы з балёнікамі, шпакоўні — гэта ўсё былі стваральныя рэчы. Ня трэба прысьпешваць выбар усіх людзей. Эліта ўжо ўсьведамляе, што нармальны, гістарычна адукаваны чалавек абавязаны прызнаць гэтае сьвята.

Я зьбіраюся жыць доўга. Дзеткі мае любяць беларускую мову. Над хатай — бел-чырвона-белы сьцяг. Купальле, Каляды ладзім. Вось гэтымі стваральнымі рэчамі, сваімі творамі хачу як найдаўжэй і паболей проста парадаваць людзей. І гэта дазваляе быць упэўненым, што потым пасьля мяне нехта будзе сьвяткаваць БНР. Можа быць, вучні Бобрскай школы ўбачаць, як я малюю, і захочуць таксама маляваць, успомніўшы, чаму дзядзька Алесь менавіта 25 сакавіка рабіў выставы. Адзін раз на год у гэты дзень я раблю выставу для сваіх людзей у сваім мястэчку.

Сталкеры Свабоды

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»

Летась, калі я 25 сакавіка пісаў карціну Свабоды, прыехалі два хлопцы з Барысава і дапамагалі мне маляваць. Іхныя мамы гатавалі ежу нам, рабілі гарбату. А звычайна проста падыходзяць людзі, як да дзівака, які на пляцы малюе, і пытаюцца, што малюю. Я кажу, што сёньня ў 1918 годзе была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Памятаю і думаю пра гэта і ў творчым пляне нешта раблю. І яны адыходзяць. Ні дырэктар школы, якая ідзе на працу, ні эліта мястэчка не падыходзяць да мяне. Я ня ведаю, з-за чаго. Можа з-за таго, што побач са мной заўсёды дзяжурыць міліцэйская машына?

Веру і спадзяюся, што я цягам доўгіх такіх пазытыўных спраў гэтае сьвята напоўню канструктыўным зьместам. Апазыцыя павінна быць канструктыўная. Пакуль што я — апазыцыя, апазыцыя да афіцыйнай улады».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG