Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна: вынікі на будучыню


Ці адбылося на сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Санкт-Пецярбургу аддзяленьне «мух ад катлетаў», што Пуцін абяцаў пасьля сустрэчы з Лукашэнкам на берагах Нявы 11 гадоў таму? Ці дасьць Расея Беларусі 2 мільярды даляраў на мадэрнізацыю? Ці часта Пуцін думае пра Беларусь?

Над гэтымі тэмамі ў «Праскім акцэнце» разважаюць кіраўнік аналітычных праграмаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і карэспандэнт часопісу «Русский репортер» Віктар Дзятліковіч.

Сухая рэшта сустрэчы ў Санкт-Пёцярбургу


Дракахруст: Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў Стрэльні пад Санкт-Пецярбургам прымушае прыгадаць іх жа сустрэчу ўжо 11-гадовай даўніны таксама на неўскіх берагах. Неўзабаве пасьля той сустрэчы прагучалі сакрамэнтальныя словы Пуціна пра аддзяленьне мух ад катлетаў. З цяперашняй сустрэчы запомніцца, магчыма, інтэграцыйная рыторыка, тое, што Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Пуціна ордэнам Дружбы народаў, падпісаньне пэўнага кола пагадненьняў. А што за гэтым, чаго дасягнулі бакі з таго, што хацелі дасягнуць і ці спраўдзілася тое самае аддзяленьне мух ад катлетаў, пра якое 11 гадоў таму казаў прэзыдэнт Расеі? Аляксандр, як вы мяркуеце?

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Класкоўскі: Калі праводзіць паралелі паміж той сустрэчай на Няве і цяперашняй, то розьніца вялікая. Ужо засталася ззаду цэлая эпоха войнаў – і нафтавых, і мэдыйных, эпоха сэрыялу «Хросны бацька». Усё было і, я думаю, што больш мудрымі сталі абодва партнэры, хаця інтарэсы, па вялікім рахунку, засталіся, як і раней, вельмі рознымі, а найчасьцей нават процілеглымі. Разам з тым, мне здаецца, што Пуцін вырашыў, відаць, усё ж такі з гэтым цьвёрдым беларускім арэшкам лепей дамаўляцца. Іншая рэч, што Масква навучылася даволі спрытна падвешваць беларускага партнэра.

Тады, 11 гадоў таму, Лукашэнка зь Піцеру вярнуўся, быццам у неўскую ваду апушчаны. А цяпер скакаць ад шчасьця няма нагоды, але і правальным гэты саміт не назавеш. Калі зыходзіць з таго, што беларускае кіраўніцтва цікавяць толькі грошы, то Пуцін сказаў, што мы ўдарна будуем атамную станцыю і расейскія інвэстыцыі складуць 10 мільярдаў, аднак жа разам з тым гэта грошы, якія Расея з кішэні ў кішэню перакладае, гэта яе «Атамбудэкспарт» працуе, гэта расейскае абсталяваньне і, у прынцыпе, гэта праца для сваіх жа людзей.

А гэтыя 2 мільярды на мадэрнізацыю, пра якія Лукашэнка яшчэ ў сьнежні спрабаваў дамовіцца – тут пытаньне пакуль што падвешанае і, сыходзячы са слоў расейскага міністра фінансаў, яно яшчэ толькі разглядаецца. То бок, кажучы наўпрост, торг будзе працягвацца.

Дракахруст: Віктар, усё ж такі, да аддзяленьня мух ад катлетаў – якая сухая рэшта гэтага саміту?

Віктар Дзятліковіч
Віктар Дзятліковіч
Дзятліковіч: Я думаю, што няма ніякага значнага выніку, прынамсі, я яго ня бачу. Сур’ёзным вынікам гэтай сустрэчы магло быць нават не рашэньне, а проста заява таго ж Пуціна пра тое, што Беларусі дадуць 2 мільярды. Тады б мы сказалі, што хоць і мухі ёсьць, але і катлеты мы вам даем. Але такога няма. Ну прынялі бюджэт саюзнай дзяржавы чарговы раз, яго прымаюць раз на год і я не бачу тут ніякага станоўчага выніку, гэта вынік, які мусіў быць.

Узнагарода – гэта я таксама не лічу нейкім сур’ёзным вынікам сустрэчы. Вынік адзін: сустрэліся, пагаварылі, абмеркавалі.

Ці крытычныя 2 мільярды даляраў?


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
Дракахруст: А зараз давайце пагаворым пра тыя 2 мільярды, пра якія Аляксандр прыгадаў. Яшчэ напрыканцы мінулага году Лукашэнка публічна агучыў, што просіць 2 мільярды ў Расеі. Шмат хто казаў, пісаў пра тое, што гэтыя два мільярды – гэта фактычна галоўная тэма яго візыту ў Санкт-Пецярбург. На ваш погляд, якая цана гэтага пытаньня? Расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў якраз у дзень саміту напісаў камэнтар, дзе заявіў, што калі Беларусь не атрымае гэтых двух мільярдаў, гэта будзе шок, абвал і іншыя такога кшталту словы ён ужываў. Але вот такія лічбы: ВУП Беларусі за 2012 год – 60$ мільярдаў. Размова ідзе пра 2 мільярды, гэта прыкладна 3% ад ВУП. Няўжо 2 мільярды, калі іх не дадуць, спародзяць абвал? Віктар, як вы мяркуеце?

Дзятліковіч: Зьнешнія пазыкі выплочваюцца ўсё ж ня ВУП, а жывымі грашыма. Грашыма, якіх, як я разумею, зараз у беларускага ўраду ня вельмі шмат, а дакладней амаль што і няма. Калі ў гэтым годзе ўрад мусіць выплаціць прынамсі тры мільярды даляраў крэдыторам, то дзе ўзяць гэтыя грошы, незразумела – у залатавалютных рэзэрвах ці дзе яшчэ? Ад зьнешняга гандлю іх узяць цяжка, здаецца, там ня так усё добра, каб браць адтуль нейкія грошы. Наадварот, здаецца, што балянс ня вельмі добры, балянс адмоўны. Такім чынам гэтыя грошы беларускаму ўраду патрэбныя менавіта для таго, каб проста разьлічыцца зь іншымі крэдытамі, і таму, калі мы з гэтымі крэдытамі не разьлічымся, магчыма, адбудзецца тое, пра што гавораць экспэрты – пра абвал, чарговую дэвальвацыю і гэтак далей. Гэта такая спроба перакрэдытаваньня і гэтае перакрэдытаваньне трэба для таго, каб проста падтрымліваць пэўную эканамічную стабільнасьць. Ня будзе гэтых грошай – будзе эканамічная нестабільнасьць. Канечне, краху, якога ўсе чакаюць 15-20 гадоў, ня будзе. Але, безумоўна, ураду ня хочацца, каб узьнікла чарговая эканамічная нестабільнасьць, таму грошы, тым больш 2 мільярды, ніколі лішнімі ня будуць.

Дракахруст: Ну так, тое, што лішнімі ня будуць, то гэта праўда. Аляксандар, а вось да якіх высноваў вы прыйшлі на падставе ацэнак беларускіх эканамістаў? Гэтыя 2 мільярды – яны крытычны ці тут той выпадак, калі грошы ніколі не перашкодзяць, як сказаў Віктар, але пражыве Беларусь і бяз гэтых грошай.

Класкоўскі: Тут тая сытуацыя, калі можна сказаць: дзе тонка, там і рвецца. Летась была добрая каньюнктура, калі паваліў экспарт, дарэчы, у тым ліку і за кошт таго, што хімічылі з гэтымі растваральнікамі. Растваральны бізнэс Масква перакрыла, але і ўвогуле каньюнктура на замежных рынках пагоршылася, то бок такога шалёнага экспарту ня будзе. І зараз ёсьць разрыў бягучага рахунку плацёжнага балянсу. Пра гэта і Лукашэнка кажа. Так што, груба кажучы, будзе не ставаць грошай каб утрымаць на плыву беларускую эканоміку. І ў гэтай сытуацыі кожны лішні даляр на вагу золата, таму калі казаць наўпрост, тут я зь Віктарам цалкам згодны.

Мадэрнізацыя – гэта проста шырма, прыкрыцьцё. Таму што беларускае кіраўніцтва ўжо зразумела, я думаю, у душы, што гэтыя напалеонаўскія пляны невыканальныя, таму што да халеры патрэбна грошай, каб кожнае прадпрыемства сапраўды мадэрнізаваць. І вялікая рызыка, што гэтыя «мадэрнізацыйныя» крэдыты будуць проста праедзеныя.

Кладучы руку на сэрца, чым меней грошай на гэтую саўковую нібыта мадэрнізацыю будзе, тым лепш. Гэта фактычна такі эўрарамонт, калі дом сайдынгам абшылі, а прыбіральня ўсё роўна ў двары. Таму такая псэўдамадэрнізацыя не патрэбная. Я думаю, што беларускае кіраўніцтва цынічна разьлічвае, што пад выбары скарыстае гэтыя грошы на падтрымку штаноў электарату, а мадэрнізацыя – гэта проста прыгожы лёзунг, бо так зьняць шапку і прасіць грошай, як жабрак, няёмка, а на мадэрнізацыю – гучыць прыгожа.
Ці дасьць Расея Беларусі 2 мільярды?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:37:02 0:00
Наўпроставы лінк


Ці зьменяцца пацалункі сваркай?


Дракахруст: Як вы ацэньваеце наагул цяперашні стан беларуска-расейскіх адносінаў? Варта сказаць, што і пасьля нечаканага замірэньня ў сьнежні 2010 году, і пасьля пераабраньня Пуціна прэзыдэнтам Расеі многія экспэрты чакалі абвастрэньня стасункаў паміж Менскам і Масквой. Пры гэтым яны сыходзілі не ў апошнюю чаргу з тактаў, цыкляў двухбаковых стасункаў, якія гадамі нагадвалі расейскую дзявочую варажбу на рамонку: «плюнет-поцелует, к сердцу прижмет – к черту пошлет». Ці можна сказаць, што зараз стасункі перайшлі у фазу «плюне і к чорту пашле»? Ці гэтая шматгадовая заканамернасьць ужо наагул не працуе?

Класкоўскі: Наконт «прыцісьне да сэрца» – я думаю, што гэтага ўжо ня было пасьля Ельцына, які мог, асабліва пасьля чаркі, шчыра абдымацца. А зараз былы чэкіст, што ў Крамлі, і былы дырэктар саўгасу, каторы ў Менску, пралічваюць свае варыянты. І абодва прыйшлі да высновы, што ня трэба даводзіць справу да крайнасьцяў, бо, груба кажучы, няма куды падзецца: з Захадам пасьля сьнежня 2010 году пасабачыўся, грошы на падтрымку гэтай мадэлі ўсё болей трэба, перад выбарамі яшчэ болей трэба. Але, разам з тым, ня трэба думаць, што ў яго няма ніякіх козыраў, таму што Пуцін раскручваў гэтую антыамэрыканскую рыторыку перад выбарамі. Зараз яна ідзе па інэрцыі, але ёсьць супрацьракетная абарона, ад якой Абама не адмаўляецца, таму беларускі пляцдарм патрэбны. Так што свае козыры ёсьць таксама.
А самае галоўнае – амбіцыйны праект Пуціна – Эўразійскі зьвяз. І пад гэта Лукашэнка будзе старацца выбіць максымальную перадаплату. А зь іншага боку Пуцін пастараецца не рабіць рэзкіх рухаў. Іншая рэч, што Масква навучылася падвешваць беларускага партнэра. Калі вяртацца да нафтавага пытаньня, то дамовы заключаюцца толькі на квартал. Бо калі на год даць, як летась, напрыклад, то тут і растваральнікі пайшлі, а потым беларускі бок «прадынаміў» Маскву з экспартам нафтапрадуктаў. На сёлета было заплянавана 2 мільёны нафтапрадуктаў на расейскі рынак, а потым далічылі да 3,5 таму, што павысілася патрэба ў Расеі. Там зачыняюцца на капітальны рамонт нафтаперапрацоўчыя заводы і плюс Расея перайшла на стандарт бэнзіну не ніжэй за эўра-3. А вышэйшая ступень перапрацоўкі бэнзіну якраз у Беларусі.
Пакуль што даюць столькі, колькі Менск просіць, але даюць порцыямі, дамагаючыся проста выкананьня другой часткі гэтага балянсу. Так што нічога страшнага не адбываецца. Хітрага беларускага партнэра стараюцца трымаць у рамках. У гэтым сэнсе, я думаю, што Лукашэнка можа і атрымаць гэтыя 2 мільярды. Іншае пытаньне, ці хопіць яму гэтых 2 мільярдаў падчас выбараў 2015 году.

Дракахруст: Віктар, а якія зараз настроі прэвалююць у Расеі адносна Беларусі? Ці ёсьць раздражненьне парушэньнем нейкіх правілаў і дамоўленасьцяў? Ці ёсьць думка, што трэба пакараць, нарэшце атрымаць плату за нейкія даброты, дадзеныя раней? Ці пануюць іншыя настроі – ай, ну ладна, ну дамо мільярды…

Дзятліковіч: У параўнаньні з тым, што ўжо патрацілі на алімпіяду ў Сочы – што такое два мільярды?

Дракахруст: А колькі патрацілі, дарэчы?

Дзятліковіч: Здаецца, трыццаць мільярдаў. Гэта проста іншы парадак лічбаў. Такім чынам, калі нейкая крытыка і ёсьць, калі нейкае раздражненьне і ёсьць у расейскай эліты, то гэта больш кулюарнае раздражненьне, якое не выплюхваецца на публіку. Таму, што б не заяўляў Аркадзь Дварковіч, калі быў у Менску, гэта ўсё ж такі не падобна на колішнія заявы ў Менску расейскага міністра фінансаў Аляксея Кудрына, які казаў, што ніякіх грошай не атрымаеце. А зараз Расея паводзіць сябе больш дыпляматычна – ніякіх «мух і катлетаў».

Я думаю, што расейскі бок схіляецца да таго, што мы будзем ціснуць-ціснуць, і калі-небудзь, нарэшце, прыцісьнем. У тым сэнсе, што калі зусім-зусім беларускаму бюджэту спатрэбяцца грошы, то прададуць яны усе прадпрыемствы. Паціху, патроху, але прададуць. Вось Белтрансгаз: колькі часу Лукашэнка трымаўся, колькі часу не прадаваў, але ж усё ж такі склалася нарэшце такая сытуацыя, калі не прадаць было немагчыма. Таму прыйдзе такая сытуацыя, калі не прадаць чарговае прадпрыемства будзе немагчыма. І расейскія інвэстары яго атрымаюць.

Таму, я думаю, зараз уся гэта кулюарная палітыка мае на мэце схіліць Лукашэнку да таго, каб у той момант, калі зьявіцца патрэба прадаваць прадпрыемствы, каб прадавалі менавіта расейскім інвэстарам, а не якім-небудзь кітайцам, аўстрыйцам ці, барані Бог, украінцам.

Ці думае Пуцін пра Беларусь?


Дракахруст: Віктар, я памятаю, пару гадоў таму вы напісалі даволі зьедлівы блог на наш сайт, дзе сказалі, што аналітыкі беларускія – як праўладныя, так і антыўладныя – хварэюць на адну і тую ж хваробу, маюць пэўную абэрацыю зроку: і адны, і іншыя лічаць, што Масква ня сьпіць, ня есьць, а ўвесь час думае пра Беларусь. Адны кажуць, што думае каб зьесьці, зьнішчыць, захапіць, а іншыя – каб дабро даць, ад ворагаў, ад Амэрыкі абараніць. А вы тады напісалі, што насамрэч ісьціна палягае ў тым, што яна ня думае, ці можа раз на год думае, пра тую Беларусь, а так у яе – Сочы, свае эканамічныя праблемы, стасункі з той жа Амэрыкай. Але з такой абыякавасьці, калі яна сапраўды мае месца, могуць быць дзьве рэакцыі. З аднаго боку, такое стаўленьне можа спараджаць жорсткую рэакцыю – «Ды нам ня важна, што там у Беларусі будзе, плаціце грошы і ніякіх». А можа наадварот, як вы зараз пра Сочы, куды ўхнула ў 15 разоў болей, чым Беларусь просіць: «Капейка туды, капейка сюды. Россия – щедрая душа»? Дык як яно – так ці гэтак?

Дзятліковіч: Я думаю – па другім варыянце. За два гады мала што зьмянілася і, безумоўна, у расейскага кіраўніцтва ёсьць значна больш важныя праекты, якія ім самім больш цікавыя нават з боку іміджу. Я не кажу тут нават пра Сочы, хаця пра гэта ўся Расея гаворыць кожны дзень, было б 25 гадзінаў у сутках – і 25 гадзін бы гаварылі. Але, напрыклад, далучэньне Ўкраіны да расейска-беларуска-казахстанскага саюзу Маскву і Крэмль хвалююць значна больш, чым нейкія наступныя крокі ў беларуска-расейскай інтэграцыі, у беларуска-расейскіх адносінах. Купіць нейкія беларускія прадпрыемствы для Крамля, менавіта для расійскага кіраўніцтва, я не кажу зараз пра расейскі бізнэс – гэта ня так важна, як дамагчыся ад Кіева, ад Януковіча саступак у інтэграцыйных пытаньнях. Там ідзе больш складаная гульня, больш жорсткая гульня.

Гэта тое, пра што Пуцін можа думае, нават кладучыся спаць. Я ня ўпэўнены, што Лукашэнка, ці Беларусь, ці «Беларуськалій» – гэта тыя пытаньні, якія хвалююць Пуціна ці Мядзьведзева, калі яны кладуцца спаць ці п’юць гарбату перад сном.

Дракахруст: Аляксандар, вы прымаеце крытыку Віктара? Можа, на ваш адрас, можа і на мой таксама.

Класкоўскі: Канечне, думаць, што Пуцін прачынаецца і кладзецца з думай пра Беларусь – гэта, мякка кажучы, перабольшаньне. Але разам з тым я некалькі момантаў хацеў бы адзначыць. Па-першае, Віктар узгадаў пра Пуціна і Мядзьведзева, але яны могуць па-рознаму думаць і, між іншым, Лукашэнка таксама імкнецца скарыстаць момант супярэчнасьцяў паміж гэтымі двума кланамі. Наколькі я ведаю, ва ўсякім разе гэта вынікае з публікацыяў расейскага друку, менавіта з атачэньня Мядзьведзева ідуць асноўныя інтэнцыі наконт таго, каб прыхапіць «Беларуськалій», а ў Пуціна іншыя прыярытэты.

Там у алігархаў могуць быць свае нейкія жаданьні і яны, магчыма, ужо паклалі вока на нейкія беларускія актывы, але, разам з тым, Пуцін у пэўны момант можа сказаць: «Хлопцы, супакойцеся, трэба будаваць Эўразійскі саюз, Вялікая Расея ўстае з каленяў» – у расейскім грамадзтве гэта працуе. Аўтарытэт Пуціна ў значнай ступені трымаецца на такім вялікадзяржаўным, імпэрскім падыходзе. Дык вось, я думаю, што напярэдадні 2015 году менавіта гэтыя палітычныя і вялікадзяржаўныя меркаваньні будуць пераважваць. У гэтым сэнсе Лукашэнку зноў шанцуе.

Калі ён будзе ўмела выкручвацца, а дзе трэба – упірацца рогам, то, сапраўды, Пуцін можа вырашыць: «Ай, ня буду я перагінаць кій, у маштабах сочынскай алімпіяды, «у маштабах сусьветнай рэвалюцыі», так бы мовіць, два мільярды – гэта такія катовыя сьлёзы. Бог зь ім, дамо ім гэтыя грошы, хай падпіша паперы, а потым куды ён падзенецца з падводнай лодкі?» Хоць і тут ня так усё проста. Мы бачым, што Менск пачынае на ўсялякі выпадак спрабаваць разгойдаць геапалітычныя арэлі, а гэта, у сваю чаргу, таксама ўзьдзейнічае на імпэрскія комплексы Масквы.

«Расейскаму электарату патрэбная Ўкраіна, а не Беларусь»


Дракахруст: У красавіку летась Пуцін у статусе прэзыдэнта-электа агучыў 5 прыярытэтаў свайго новага тэрміну кіраваньня. Адным зь іх было стварэньне Эўразійскага саюзу. Пры гэтым відавочна, што посьпех гэтага праекту не ў апошнюю чаргу залежыць ад пазыцыі Беларусі. Дык хіба не гатовая будзе Масква праяўляць шчодрасьць яшчэ і яшчэ, каб Беларусь пагадзілася на рэалізацыю гэтага прыярытэту Пуціна?

Дзятліковіч: Безумоўна, хаця я думаю, што ў Маскве нават не разглядаюць усур’ёз сытуацыю, у якой Лукашэнка мог бы адмовіцца ад падпісаньня такіх папер. Хаця, безумоўна, гэта прымаецца ў разьлік і гэта ўплывае на палітыку Расеі, таму што калі казаць, напрыклад, пра рэакцыю на тыя скандалы з растваральнікамі, якія Беларусь экспартавала і нагрэла на гэтым Расію на пару мільярдаў, то мы бачылі, што ніякай сур’ёзнай рэакцыі на публіку не было. Магчыма, была нейкая дыпляматычная рэакцыя, магчыма, нехта па нейкіх каналах Лукашэнку даводзіў, але, відаць, вельмі доўга даводзіў, таму што калі б хацелі спыніць – спынілі б адразу. Гэтая справа цягнулася амаль што год і ніхто публічна Беларусь за гэта, ня тое што не пакараў, нават не пасварыліся. Чаму з Украінай за чатыры мільярды сварымся, а зь Беларусьсю за два мільярды не пасварыліся?

Адна з прычын таго, што расейская палітыка такая асьцярожная – менавіта намер залагодзіць Лукашэнку, каб ён не спужаўся і падпісаў тады, калі прыйдзе час, гэты дакумэнт. Хаця, зь іншага боку, гэта настолькі далёкая пэрспэктыва – хутчэй за ўсё, ня двух і ня трох гадоў.

Дракахруст: У 2015-м павінны падпісаць, было сказана.

Дзятліковіч: Я думаю, што тут усё залежыць ад пазыцыі Ўкраіны, а гледзячы па тым, як разьвіваюцца адносіны паміж Масквой і Кіевам, я ня бачу нейкіх рэальных пэрспэктыў, каб у 2015 годзе былі падпісаныя гэтыя дакумэнты. Крэмль і Пуцін зараз больш думаюць пра пазыцыю Ўкраіны, чым пра пазыцыю Беларусі.

Дракахруст: Віктар, я вас правільна зразумеў – калі Ўкраіна не пагодзіцца, то Пуціну саюз трох, ператвораны ў Эўразійскі саюз, не патрэбны?

Дзятліковіч: Не патрэбны, безумоўна. Ва ўяўленьні ягонага электарату, на які і разьлічваюцца гэтыя ідэі, гэты саюз ужо існуе. Электарат не разьбіраецца ў гэтых тонкасьцях: эўразійскі саюз, мытны саюз, адзіная эканамічная прастора, саюз трох і гэтак далей. У яго ўяўленьнях ужо ўсё ёсьць: ёсьць зона вольнага гандлю, ёсьць пэўныя посьпехі, павялічваецца гандлёвы абарот і гэтак далей. Усё гэта даводзіцца расейскаму электарату, як посьпехі ў інтэграцыі, таму гэты саюз трох ва ўяўленьні электарату існуе. Патрэбны, як наступны крок, саюз чатырох і чацьвёртым можа быць толькі Украіна – больш ніхто. І нават калі застанецца саюз трох, але будзе плюс Украіна і мінус Беларусь, я думаю, што гэта ўсё адно разглядалася б электаратам, як крок наперад, таму што Ўкраіна – больш ласы кавалак для расейскага электарату, калі мы гаворым пра яго геапалітычнае мысьленьне. Прыяднаньне Ўкраіны да гэтага саюзу для расейскага грамадзяніна – значна больш сур’ёзнае пытаньне, чым утрымаем ці не утрымаем мы Беларусь.

Бізнэс на геапалітыцы


Дракахруст: Апошнім часам шмат фактаў сьведчаць пра тое, што афіцыйны Менск упарта спрабуе нармалізаваць адносіны з Захадам, з Эўропай: візыты, перамовы, заявы, намёкі. Больш пакуль нічога няма. Некаторыя экспэрты кажуць, што Масква ужо на гэты шантаж не паддасца, маўляў, пагражае Лукашэнка, што зьбяжыць на Захад, калі яго Крэмль будзе крыўдзіць – ну і хай паспрабуе, паглядзім, ці далёка ўцячэ. Але варта сказаць, што ніводны з аўтараў гэтых прагнозаў ня носіць прозьвішча Пуцін. Дык ці ўплываюць гэтыя рухі афіцыйнага Менску ў заходнім накірунку на стасункі Беларусі і Расеі ці не уплываюць?

Дзятліковіч: Я выкажу сваю думку, можа яна спрэчная. Я лічу, што гэта Крэмль не палохае. Не палохае таму, што палітыкі ў сваіх дзеяньнях, у сваіх прагнозах кіруюцца і гістарычнай памяцьцю, хай гэта гістарычная памяць не пра 100 ці 200, а пра апошнія 10-20 гадоў. Як вы правільна сказалі, яны, зьвяртаючыся да гістарычнай памяці, разумеюць, што любы крок на Захад з боку Лукашэнкі потым ператвараецца ў крок на Ўсход. Гэта проста такая ўжо ісьціна, што не зразумела, як можа быць па-іншаму. Таму гэта непрыемна будзе, безумоўна. Прыйдзецца, магчыма, Маскве пайсьці на нейкія саступкі, сказаць «добра, не два мільярды, а тры дамо», але ўсё адно ўсё скончыцца замірэньнем. І гэта, як магніт, паверне Лукашэнку ад Варшавы да Масквы. Вось таму і не палохае, што заўсёды ў расейскай кішэні ёсьць лішні мільярд-два, які можна прапанаваць у пэўны момант Беларусі без усялякіх умоваў, без вызваленьня палітвязьняў, проста так: «Нават не прадавайце нам гэтыя заводы, ня трэба, проста вазьміце і ўсё». «Газпром» можа паабяцаць 5 мільярдаў на нейкі чэмпіянат па футболе з Украінай. У іх проста ёсьць 5 мільярдаў, відаць. Чаму гэтыя 5 мільярдаў у пэўны момант не аддаць Беларусі?

Дракахруст: Аляксандар, мне здаецца, што менавіта са слоў Віктара вынікае, што нармалізацыя стасункаў з Эўропай ці нават толькі абазначэньне гэтай нармалізацыі – гэта для Лукашэнкі надзвычай выдатны бізнэс у Расеі. Калі, фактычна, проста за жэсты, за продаж паветра Брусэлю могуць проста так даць мільярд – дык якая гэта рэнтабэльнасьць камбінацыі?

Класкоўскі: Так, сапраўды. Канечне, з аднаго боку Лукашэнку трывожыць тое, што ён «ляціць на адным крыле» і, у прынцыпе, аб’ектыўна яму б не шкодзіла трошкі разблякаваць заходні вэктар, хоць зразумела, што далёка ён ісьці не гатовы. Днямі Надзея Ермакова – старшыня Нацбанку – паведаміла, што прыехала чарговая місія МВФ і мы зноў будзем прасіць у іх крэдыт, але ж яны, мусіць, не дадуць. Сядзіць, усё ж такі у галаве гэтая думка – раптам атрымаецца «бабла скасіць» пад выбары і ў заходнікаў. Зразумела, афіцыйны Менск бы не адмовіўся. У любым выпадку гэта разгойдваньне гэтых геапалітычных арэляў – гэта бяспройгрышны варыянт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG