Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква патрабуе МАЗ і «Гродна-Азот»


Расея хоча ў якасьці кампэнсацыі за афэру з растваральнікамі долю ў буйнейшых беларускіх прадпрыемствах.

Пра гэта паведамляе агенцтва Інтэрфакс са спасылкай на неназваную крыніцу, знаёмую з ходам перамоваў аб пастаўках нафты ў Беларусь у 2013 годзе.

Чарговы раўнд гэтых перамоваў з удзелам беларускага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі і прадстаўніка ўраду Расеі Аркадзя Дварковіча прайшоў на гэтым тыдні. Паводле прэсавага сакратара Дварковіча Аліі Самігулінай, бакі дамовіліся аб пастаўках у Беларусь у 2-м квартале 5,75 мільёнаў тон нафты, а таксама абмеркавалі інтэграцыйныя праекты з удзелам «Інтэгралу», «Гродна-Азот», МАЗа.

«Расея ў выніку праблемы з растваральнікамі панесла істотную шкоду. Расейскі бок разумее, што грошай ад Беларусі ён не атрымае, таму гаворка ідзе пра тое, каб беларускі бок стаў больш падатлівым у перамовах па стварэньні сумесных прадпрыемстваў», — цытуе «Інтэрфакс» сваю крыніцу. Паводле расейскага боку, ягоныя страты ад бязмытнага продажу за межы Мытнага саюза растваральнікаў, вырабленых у Беларусі з расейскай сыравіны, дасягнулі $ 1,5-2 млрд.

15 сакавіка ў Санкт-Пецярбурзе пройдзе сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі ў рамках так званага Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы, на якім чакаецца абмеркаваньне гэтай праблемы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG