Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Сэрбіі ў Менску

абноўлена

Прэзыдэнт Сэрбіі Томіслаў Нікаліч прыбыў з двухдзённым афіцыйным візітам у Беларусь. Дадаюцца камэнтары.

На 12 сакавіка заплянаваны перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Томіслава Нікаліча ў вузкім і пашыраным складах, піша БелаТА.

На другі дзень візыту, 13 сакавіка, заплянаваныя сустрэчы сэрбскай дэлегацыі зь дзелавымі коламі Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка, сустракаючы Томіслава Нікаліча, заявіў пра наяўнасьць палітычнай волі для разьвіцьця адносінаў Беларусі і Сэрбіі:

«Так, у нашых адносінах быў пэўны перапынак, але ў эканоміцы, гандлі мы працавалі, і сёньня ёсьць пэўны вынік. Сёньня ёсьць палітычная воля працягнуць пачатае, нам ня трэба пачынаць спачатку, і калі будзе праяўлена палітычная воля, мы абавязкова даможамся посьпехаў. Беларусь гатовая ісьці настолькі далёка, наколькі гэта прымальна і пажадана для Сэрбіі. І ў нас, і ў вас, а ва ўсім сьвеце яшчэ больш праблем, але мы разам і павінны вырашыць гэтыя праблемы», — заявіў А.Лукашэнка.

Прэзыдэнт Сэрбіі падзякаваў уладам Беларусі за пазыцыю ў дачыненьні да Косава і Мятохіі, паведамляе БелТА:

«Дзякую вам за прынцыповую пазыцыю, якую Беларусь мае па адносінах да пытаньня Косава і Мятохіі. Нам вельмі каштоўная падтрымка ўсіх сяброў, якіх мы маем у сьвеце, каб шляхам перамоваў абараніць сваю дзяржаўнасьць і годнасьць. Вы ведаеце, што адносіны паміж нашымі дзяржавамі і народамі нішто не можа перапыніць. Мы ўсьвядомілі гэтую сваю памылку і будзем рабіць усё, каб яе выправіць. У Сэрбіі няма ворагаў, а Беларусь мы лічым сваім самым важным сябрам».

***

Прэзыдэнт Сэрбіі падпісаў 22 лютага указ аб узнагароджаньні Аляксандра Лукашэнкі «Ордэнам Рэспублікі Сэрбія» на стужцы (гэта найвышэйшая ступень найвышэйшага сэрбскага ордэна) «за заслугі ў разьвіцьці і ўмацаваньні міралюбівага супрацоўніцтва і сяброўскіх адносінаў». Пра гэта паведаміў сайт Амбасады Беларусі ў Сэрбіі.

___________________________________


Якаўлеўскі: «Магчыма, візыт арганізавалі эўрапейскія лабісты Лукашэнкі»

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі выказаў «Свабодзе» сваю вэрсію нечаканага візыту прэзыдэнта Сэрбіі ў Беларусь:

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі
«Я не выключаю, што гэтую паездку арганізавалі эўрапейскія лабісты Аляксандра Лукашэнкі. Магчыма, яны разыгрываюць такім чынам чарговую партыю пад назовам „Дыялёг зь Беларусьсю“. Я б гэтага не выключаў. Тым болей, што вядомая актыўнасьць некаторых лабістаў беларускага кіраўніка, якія выступаюць за скасаваньне санкцыяў. Можа, такі ход прыдумалі — праз братэрскую Сэрбію, якая імкнецца ў Эўразьвяз.

Тут самае галоўнае, што Сэрбія афіцыйна далучылася да візавых санкцыяў супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў. Для беларускага кіраўніцтва гэта быў балючы ўдар, як кажуць, пад дых. Бог зь імі — з Харватыяй, іншымі краінамі, якія таксама далучыліся. А вось Сэрбія!»


Дзіўная лёгіка сэрбскага візыту

На думку менскага палітоляга Андрэя Фёдарава, нечаканы візыт у Менск прэзыдэнта Сэрбіі Томіслава Нікаліча мае больш пытаньняў, чым адказаў на іх:

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
«Пачну з таго, што вельмі дзіўна выглядае сытуацыя, калі візыт такога рангу папярэдне не анансуецца. Звычайна яны рыхтуюцца загадзя, абмаўляюцца многія пытаньні. І пакуль я не магу знайсьці адказу на пытаньне, чаму пра гэта нам паведамілі так зьнянацку.

Пасьля таго, як Мілошавіч спыніў кіраваць краінай, нейкіх асаблівых дачыненьняў паміж нашымі дзяржавамі не было. За выключэньнем таго, што Сэрбія далучылася да санкцыяў Эўразьвязу супраць беларускіх чыноўнікаў, немагчыма ўзгадаць яшчэ нейкую важную падзею ні ў добрым, ні ў дрэнным сэнсе.

У Сэрбіі ёсьць моцнае жаданьне далучыцца да Эўразьвязу. І калі б не Косава, то, я думаю, яны значна прасунуліся бы ў гэтым кірунку. На гэтым тле візыт у Беларусь выглядае нелягічным. Сэрбія далучылася да санкцыяў. Далучылася чаму? Паводле афіцыйнай трактоўкі з-за парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. І ў той жа час ехаць з візытам да кіраўніка дзяржавы, якая парушае гэтыя правы. Дзіўна. Выглядае, што тут існуе нейкая напружанасьць з лёгікай».

______________________________________

Томіслаў Нікаліч — сэрбскі нацыяналіст, адкрыта прарасейскі палітык. Да 7 верасьня 2008 года быў намесьнікам старшыні ультра-нацыяналістычнай Сэрбскай радыкальнай партыі, якую фактычна узначальваў, бо яе старшыня Воіслаў Шэшаль знаходзіцца пад трыбуналам у Гаазе. У 2008 годзе Нікаліч стварыў і ўзначаліў Сэрбскую прагрэсіўную партыю. 20 траўня 2012 года ён перамог у другім туры выбараў прэзыдэнта Сэрбіі.

Нікаліч вядомы сваёй прарасейскай пазыцыяй. У 2007 годзе ён як намесьнік старшыні Сэрбскай радыкальнай партыі заявіў, што хацеў бы ўмацаваньня сувязі Сэрбіі з Саюзнай дзяржавай Беларусі і Расеі, каб у канчатковым выніку далучыцца да яе.

Адразу пасьля перамогі на выбарах Нікаліч заявіў: «У любым выпадку я ўпэўнены, што супрацоўніцтва з Расеяй дапаможа Сэрбіі». Ніколіча нават называюць стаўленікам Масквы за ягоную арыентацыю на Расею ў зьнешняй палітыцы. Ён крытыкаваў свайго папярэдніка Борыса Тадзіча, які «паступіўся прынцыпамі» і сеў за стол перамоваў з косаўскімі чыноўнікамі. Паводле ягоных словаў, Сэрбія ніколі не прызнае незалежнасьць Косава. Пры гэтым Нікаліч заяўляе, што мае намер разьвіваць адносіны з Эўразьвязам.

Нікаліч неяк прызнаўся, што доўгія гады ў яго ў мабільным тэлефоне рынгтонам быў гімн Савецкага Саюзу:

«Я гэтага не хаваю: пасьля Сэрбіі больш за ўсё я люблю Расею»,— сказаў ён у інтэрвію маскоўскаму выданьню «Эхо планеты»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG