Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 сутак у штрафным ізалятары


Аляксандар Францкевіч
Аляксандар Францкевіч

11 сакавіка мае выйсьці са штрафнога ізалятара пасьля 20-дзённага пакараньня палітвязень Аляксандар Францкевіч, які адбывае 3 гады зьняволеньня ў івацэвіцкай калёніі.

Прычыну пакараньня сына 20 суткамі штрафнога ізалятара маці палітвязьня Тацяна Францкевіч ня ведае. «Магчымае нейкае парушэньне рэжыму, як ужо было раней», — кажа яна.

За мінулы год Аляксандар Францкевіч некалькі разоў трапляў у штрафны ізалятар, але гэтым разам упершыню на такі працяглы тэрмін. Ці выйшаў Аляксандар Францкевіч сёньня ў атрад, на волі невядома. У калёніі праз тэлефон зьвестак не даюць. Тацяна Франкевіч спадзяецца на званок ад сына:

«Спадзяюся, што калі гэтак доўга сядзеў, то, можа, дазволяць пазваніць. Але на гэтым тыдні я абавязкова да яго паеду з адвакатам. Трэба і перадачу адвезьці, і даведацца, як у яго са здароўем».

У Аляксандра Францкевіча адна нырка. З такім здароўем трэба дадаткова берагчыся ад холаду. Між тым ёсьць меркаваньне, што ў штрафных ізалятарах паляць горш, чым у іншых будынках калёніі. Раней, калі Тацяна Францкевіч наведвала івацэвіцкую калёнію, прадстаўнікі адміністрацыі пераконвалі яе, што ў мясцовым штрафным ізалятары тэмпэратура гэткая ж, як і ў атрадзе, і ёй ня трэба хвалявацца. Чым адрозьніваюцца ўмовы ў штрафным ізалятары? — цікаўлюся ў былога палітвязьня Мікіты Ліхавіда, якога некалькі разоў каралі штрафным ізалятарам, у тым ліку на 25 сутак. Мікіта Ліхавід кажа, што ў наваполацкай калёніі, куды ён трапіў, тэмпэратура ў ШЫЗА была ніжэйшая за норму, і гэта магло адбіцца на стане здароўя:

Мікіта Ліхавід
Мікіта Ліхавід
«Там было нават пры сьпякоце даволі прахалодна, і плюс вялікая вільгаць. Нават за суткі знаходжаньня там прастываеш. Бывае, вязьні застуджваюць вушы, вочы. Сам бачыў такога чалавека, у якога гной цёк, бо быў запалёны вочны яблык. Для людзей сталага веку ШЫЗА больш небясьпечнае, а моладзь лепш трымаецца, тым больш калі ня першы раз».

Харчаваньне ў штрафным ізалятары, згадаў Мікіта Ліхавід, нічым не адрозьніваецца ад харчаваньня ў атрадзе. Але нельга падсілкавацца з турэмнай крамы, ды яшчэ вязень пазбаўлены дадатковых харчоў зь перадачаў, калі такія ў яго ёсьць, кажа Мікіта Ліхавід.

Паводле былога палітвязьня, штрафным ізалятарам часьцей караюць за парушэньне правілаў распарадку, за парушэньне месца знаходжаньня на тэрыторыі калёніі ды за зьнешні выгляд:

«Увечары да любога могуць прычапіцца, што не паголены. Вось табе і ШЫЗА. Праблемы „закрыць“ непажаданага вязьня ў ШЫЗА для супрацоўнікаў адміністрацыі няма, калі ёсьць жаданьне».

Ці магчыма аспрэчыць і дамагчыся адмены пакараньня ў выглядзе штрафнога ізалятара? Былому палітвязьню Андрэю Бандарэнку, які адбыў больш за год у Бабруйскай калёніі, гэта ўдалося. Але толькі аднойчы і на самым пачатку адседкі:

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
«Гэта стандартная працэдура: праз пракуратуру альбо праз суд. Можна напісаць заяву на сустрэчу з пракурорам па наглядзе. А па-другое, можна накіраваць яму заяву. У першы раз, калі мяне зьмясьцілі на 15 сутак у штрафны ізалятар, скаргу на гэта ў суд падаваў мой адвакат. І потым пакараньне зь мяне зьнялі. Усе наступныя спробы аспрэчыць пакараньне ў ШЫЗА былі марныя».

Паводле праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, вязень ШЫЗА таксама мае правы дамагацца сустрэчы з пракурорам па наглядзе, каб паскардзіцца на незаконнае, як ён лічыць, пакараньне. Пракуроры па наглядзе ў пэўныя дні абавязаныя наведваць калёнію, і ім мусяць паведамляць пра такія заявы вязьняў. Вельмі рэдка пасьля такіх візытаў пакаранага вязьня выпускаюць з ШЫЗА адразу, але бывае, што яму хаця б не паўтараюць тэрмін пакараньня, кажа праваабаронца Андрэй Бандарэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG