Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туга па Уга: Канцэрты адмяняюць, карпаратывы — не


У сувязі зь сьмерцю прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса ў Беларусі на 3 дні рэкамэндавана адмяніць усе забаўляльныя мерапрыемствы, скарэктаваць праграму тэлеперадач. 6 сакавіка, да прыкладу, у эфіры АНТ ня выйшла заплянаваная гумарыстычная праграма «Вячэрні Ургант». Між тым, 7 сакавіка на працы, а 8-га дома ў Беларусі традыцыйна сьвяткуюць жаночы дзень. Ці зьбіраюцца менчукі адмяніць сьвяткаваньне 8 сакавіка?

У артыстаў Тэатру сатыры і гумару «Хрыстафор» звычайна ў сьвяточныя дні шмат працы — канцэрты, карпаратывы. А на 8 сакавіка заплянаваны вялікі канцэрт у клюбе Дзяржынскага. Мастацкі кіраўнік Яўген Крыжаноўскі кажа, што 6 і 7 сакавіка выступы «Хрыстафора» адмененыя, а што да канцэрту 8 сакавіка — пакуль пэўнасьці няма:

Яўген Крыжаноўскі
Яўген Крыжаноўскі
«Пакуль ня ведаем, але ж мы знаходзімся ў клюбе Дзяржынскага, таму — як скажа кіраўніцтва Камітэту дзяржбясьпекі, гэта яно вырашае. Пакуль ціха, і мы баімся спалохаць, як кажуць. Таму што сёньня 7 чысло, выступаў на ўчора і сёньня было заплянавана шмат, але частку адмянілі — афіцыйных, у палацах культуры. А на фірмах, у офісах выступаем. Так бы мовіць, усе ўсё разумеюць, але што рабіць…»

Ва ўнівэрсаме «Сталічны», што на плошчы Якуба Коласа, гандаль ідзе бойка. Размаўляю з касіркай:

Карэспандэнтка: «Сёньня народу ў вас больш?»

«Так, вельмі шмат людзей, як ніколі. Купляюць у вялікай колькасьці шампанскае, торцікі, пірожныя, наборы цукерак. Ну, як на Новы год! Каб павіншаваць жанчын на працы».

На вуліцах гораду таксама вельмі шмат людзей з кветкамі, прыгожымі пакетамі, тартамі.

Карэспандэнтка: «Я гляджу, што вы зьбіраецеся кагосьці віншаваць са сьвятам…»

Галасы: «Так, любімую матулю, а таксама цёцю».

Карэспандэнтка: «А сьвяткаваць зьбіраецеся?»

«Так, безумоўна».
Ведаем, але мы сьціпленька: гарбату з торцікам

Карэспандэнтка: «А ведаеце, што ў краіне жалоба і ўсе забаўляльныя мерапрыемствы адмененыя?»

«Ведаем, але мы сьціпленька: гарбату з торцікам».

Карэспандэнтка: «Малады чалавек, у вас столькі прыгожых каробачак цукерак, шампанскае. Будзеце кагосьці віншаваць?»

«Так, каханую дзяўчыну, сястру, калегаў».

Карэспандэнтка: «А ведаеце, што ў краіне на тры дні абвешчана жалоба?»

«Не. А што здарылася? Ня ведаю… Але ўсё ж такі сьвята ёсьць сьвята. Трэба дзяўчат павіншаваць».

«Будзем абавязкова віншаваць жанчын і сьвяткаваць. Гэта вялікае сьвята».

«Ведаем пра жалобу. Але гэта зусім не перашкаджае нам сьвяткаваць!»

Карэспандэнтка: «Бачу, торцік і шампанскае вы купілі. А ў сувязі з жалобнымі падзеямі ўсё адно будзеце сьвяткаваць?»

«А я не мясцовы, я не мянчук. І лічу, што сьвята ня трэба адмяняць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG