Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыя для народа, а не народ для міліцыі»


Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб
4 сакавіка афіцыйна сьвяткуецца Дзень міліцыі. Чаму ў Беларусі міліцыянтаў на душу насельніцтва значна болей, чым у большасьці эўрапейскіх краін? Ці патрэбная краіне такая колькасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў? Які імідж беларускай міліцыі сярод насельніцтва і чаму часта здараюцца скандалы зь міліцыянтамі, якія парушаюць правы грамадзянаў? На гэтыя пытаньні адказвае генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб.

— Ці дае рады беларуская міліцыя той асноўнай задачы, якая стаіць перад ёй: змагацца з злачыннасьцю, прадухіляць яе?

— На мой погляд, у цэлым беларуская міліцыя выконвае свае абавязкі ў барацьбе з злачыннасьцю. Натуральна, ёсьць розныя нюансы, але ў цэлым — у сталіцы, іншых гарадах людзі могуць больш-менш спакойна хадзіць па вуліцах увечары і ўначы. І гэты спакой забясьпечвае міліцыя.

Было б, вядома, значна лепш, каб міліцыю не адрывалі ад выкананьня яе асноўных функцыяў барацьбы са злачыннасьцю на такія рэчы, як разгон палітычных акцыяў і гэтак далей.

— Экспэрты і палітыкі сьцьвярджаюць, што колькасьць міліцыі ў Беларусі занадта вялікая. Ці згодныя вы з гэтым, і якіх прадстаўнікоў МУС занадта шмат?

— Калі я працаваў у міліцыі, то ў нас у Беларусі колькасьць міліцыянтаў складала каля 40 тысяч чалавек. Насельніцтва Беларусі з таго часу зьменшылася, але міліцыі стала ў 2–3 разы больш. 40 тысяч выконвалі тыя задачы, якія сёньня выконваюць, магчыма, каля ста тысяч. Сказаць дакладна, які штат МУС, сёньня немагчыма, бо гэтыя зьвесткі ў Беларусі засакрэчаныя. Але дакладна вядома, што колькасьць міліцыянтаў на душу насельніцтва ў Беларусі большая, чым у Расеі. Я ўжо не кажу пра эўрапейскія краіны.
Сёньня здараецца так, што ім даручаюць парушаць закон, і яны парушаюць

— Рэгулярна ў СМІ зьяўляюцца публікацыі пра скандальныя выпадкі, калі супрацоўнікі міліцыі злоўжываюць сваімі паўнамоцтвамі, катуюць, парушаюць правы грамадзянаў. Што можна зрабіць, каб такіх выпадкаў не было?

— Гэтыя здарэньні проста жудасныя, у наш час гэта было немагчыма. Каб міліцыя нармальна працавала, трэба, каб усё базавалася на выкананьні закону, аднолькавага для ўсіх. І каб супрацоўнікі міліцыі выхоўваліся ў тым рэчышчы, што закон — гэта аснова іхняй дзейнасьці. А сёньня здараецца так, што ім даручаюць парушаць закон, і яны парушаюць.

Яны павінны зразумець, што міліцыя існуе для народу, а не народ для міліцыі. Тады будзе павага. Калі людзі ўбачаць, што міліцыя бароніць законныя правы чалавека, то і адносіны будуць зусім іншыя.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG