Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт Эўразьвяз-Украіна: На шляху да асацыяцыі


Сёньня ў Брусэлі адбываецца саміт Эўразьвяз-Украіна, прысьвечаны абмеркаваньню прагрэсу Ўкраіны на шляху да падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам.

На мінулым тыдні міністры замежных справаў Эўразьвязу выказалі гатовасьць падпісаць дамову аб асацыяцыі з Украінай на саміце Ўсходняга партнэрства ў Вільні ў лістападзе сёлета, пры ўмове, што Кіеў ажыцьцявіць неабходныя дзеля гэтага рэформы.

У прыватнасьці, Брусэль патрабуе, каб Кіеў скончыў з практыкай «выбарачнага правасудзьдзя» (маюцца на ўвазе палітычна матываваныя працэсы супраць апанэнтаў улады), увёў зьмены ў выбарчае заканадаўства згодна зь міжнароднымі стандартамі ды прыняў пакет эканамічных рэформаў, узгоднены абодвума бакамі на папярэднім саміце ў Кіеве ў 2011 годзе.

Калі, як лічаць экспэрты, Кіеў да траўня здолее падаць сыгналы, што рухаецца ў пажаданым накірунку, падпісаньне дамовы аб асацыяцыі стане рэальным на згаданым саміце Ўсходняга партнэрства ў Вільні. Дамова аб асацыяцыі адначасова адкрывае Ўкраіне шлях да падпісаньня дамовы аб вольным гандлі з Эўразьвязам, якое таксама можа адбыцца на сустрэчы Ўсходняга партнэрства ў Вільні.

Паводле ўкраінскага экспэрта ў інтэграцыйных пытаньнях, Аляксандра Сушко, канкрэтным вынікам сёньняшняга саміту Эўразьвяз-Украіна можа стаць падпісаньне пратаколаў аб разблякаваньні Брусэлем макрафінансавай дапамогі Кіеву на суму больш за 600 мільёнаў эўра дзеля правядзеньня раней узгодненых рэформаў.

Сушко лічыць, што бакі сёньня таксама абмяркуюць прагрэс у лібэралізацыі візавага рэжыму.

«Для ўкраінскага боку саміт — гэта магчымасьць паказаць, што чуткі пра крызіс адносінаў з Эўразьвязам зьяўляюцца перабольшанымі, і што ёсьць пэўныя накірункі, на якіх можна дасягнуць прагрэсу», — сказаў Сушко Радыё Свабода.

Украіну на саміце прадстаўляе прэзыдэнт Віктар Януковіч і сябры ўкраінскага ўраду, ад імя Эўразьвязу выступаюць прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Герман ван Ромпэй, прэзыдэнт Эўракамісіі Жузэ Мануэл Барозу, эўракамісар у пытаньнях энэргетыкі Гюнтэр Этынгер і эўракамісар у пытаньнях пашырэньня і палітыкі суседзтва Штэфан Фюле.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG