Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Чарнобыльскай АЭС ад сьнегу абвалілася сьцяна

абноўлена

Будаўніцтва новага даху над 4-м энэргаблёкам Чарнобыльскай АЭС
Будаўніцтва новага даху над 4-м энэргаблёкам Чарнобыльскай АЭС

На Чарнобыльскай АЭС абвалілася частка даху машыннай залі і сьцяна энэргаблёку № 4.

Пра гэта паведаміла прэсавая служба ЧАЭС. У паведамленьні падкрэсьліваецца, што ў выніку аварыі ніхто не пацярпеў, і пагрозы жыцьцю і здароўю насельніцтва няма.

Аварыя на чацьвёртым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС адбылася 26 красавіка 1986 года.

Пазьней над аварыйным блёкам станцыі быў пабудаваны саркафаг, які ў апошнія гады паступова развальваецца, нагадвае BBC.


Начальнік прэсавай службы Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі Віталь Навіцкі сказаў карэспандэнту Свабоды, што радыяцыйны фон у Беларусі не памяняўся.

«Усюды ўсё ў норме», — запэўніў ён.

«Там будуюць новы саркафаг, і частка даху не была надзейна замацаваная — яна і абвалілася ад мокрага сьнегу», — паведаміла «Свабодзе» асоба, знаёмая з сытуацыяй на ЧАЭС.

«Аб’ект „Сховішча“ не пашкоджаны. У машыннай залі, якая раней абслугоўвала энергаблёкі, з боку 4-га блёку каля 7-га турбагенэратара абрынулася некалькі падвесных бэтонных панэляў. На радыяцыйны фон гэта ніяк ня можа паўплываць. Сытуацыя нават не клясыфікуецца як надзвычайная», — заявіў першы намесьнік Дзяржаўнага агенцтва па кіраваньні зонай адчужэньня Ўкраіны Дзьмітры Баброў.


«Нават калі не памяняўся радыяцыйны фон, гэта трывожны сыгнал», — заявіў Інтэрфаксу кіраўнік энэргетычнай праграмы «Грынпіс Расея» Ўладзімер Чупроў.

«Калі паваліліся панэлі ў машыннай залі, то ў прынцыпе няма гарантыі, што ў бліжэйшы час не пачне разбурацца саркафаг, пабудаваны ў 1986 годзе. Самая вялікая праблема саркафага — дробнадыспэрсны пыл, які зьбіраецца ўнутры канструкцыі. Гэты пыл адпачатку радыеактыўны. У выпадку яго распаўсюджваньня ён будзе прадстаўляць небясьпеку, распаўсюджваючыся на дзясяткі кілямэтраў. Магчыма лякальнае забруджваньне», — адзначыў Чупроў.


«Няма нейкай інфармацыі, якая б нас пужала»

Прадстаўніца ўпраўленьня радыяцыйнай бясьпекі беларускага МНС Жана Кронава сказала карэспандэнту Свабоды, што ў беларускага боку няма падстаў для занепакоенасьці:

«Афіцыйнай інфармацыі адносна гэтага інцыдэнту ў нас няма,таму я не магу яго пракамэнтаваць.Таму на гэты момант усе гэтыя разбурэньні — гэта не пацьверджаная інфармацыя. Тое, што разбураецца будынак — гэта даволі агульная інфармацыя. Там у прынцыпе вельмі многа ахоўных сыстэм. Таму на сёньняшні дзень няма нейкай інфармацыі, якая б нас пужала. Таксама да нас не паступала якая-небудзь інфармацыя пра тое, што на тэрыторыі краіны памянялася радыяцыйная абстаноўка».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG