Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зводзіць канцы з канцамі, сточваць канцы


Юрась Бушлякоў, Менск

Зводзіць канцы з канцамі – ужываная кожным, даволі частая ў маўленьні фразэма. Пераадольваючы перашкоды, знаходзячы выйсьце зь цяжкага матэрыяльнага становішча, нехта тым самым зводзіць канцы з канцамі. Гэтая фразэма – недакладная калька францускага спалучэньня jouindre les deux bouts (даслоўна – ‘зводзіць два канцы’). Два канцы – выдаткі й прыходы – зводзілі й зводзяць рахункаводы, бухгальтэры – зь іхнай мовы й разьвілося ўстойлівае спалучэньне зводзіць канцы з канцамі.

У гэтай фразэмы ёсьць колькі сынонімаў. На ўзор спалучэньня зводзіць канцы з канцамі ўтвораны фразэмы сточваць канцы з канцамі й зьвязваць канцы з канцамі. У першасным значэньні сточваць – значыць, злучаць, сшываючы, зьвязваючы або зварваючы. Злучаючы канец з канцом, сточваюць, скажам, кавалкі матэрыі, дроту, сточваюць трубы. Фразэма сточваць канцы з канцамі мае акурат тыя самыя значэньні, што й зводзіць канцы з канцамі. Поруч ёсьць яшчэ адзін карацейшы й, відавочна, бліжэйшы да францускай першакрыніцы беларускі фразэалягізм – проста сточваць канцы. Мы ўзгадняем розныя бакі нечага, дапасоўваем іх адзін да аднаго – тым самым сточваем канцы; здавальняем жыцьцёвыя патрэбы, выбіраемся зь фінансавай нявыкруткі – таксама сточваем канцы.

Фразэмы сточваць канцы й сточваць канцы з канцамі характэрныя толькі для нашай мове – стараймася, каб яны й надалей заставаліся ў ужытку. Гаворым па-беларуску: зводзіць канцы з канцамі, сточваць канцы з канцамі, сточваць канцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG