Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ільга, iмша, iржа; iмшара й амшара; Амсьцiслаў


Юрась Бушлякоў, Менск

У нашай мове два прыстаўныя галосныя – [i] ды [а]. Выступаюць яны звычайна перад зьбегамi зычных, першы зь якiх [л], [м] або [р]: iлгаць, iльгота, iльняны, iмжа, iмша, iржа; амшара, аржаны. Прыстаўны [а] перад названымi зьбегамi – у адрозьненьне ад [i] – здараецца нячаста: маем яго ў шэрагу словаў з каранямi -мх- (-мш-) i -рж-, а таксама ў тапонiме Амсьцiслаў. Прычым – зьвярнеце ўвагу – поруч з формамi на прыстаўны [а] у мове ўжываюцца й варыянты з [i]: амшарына, аржышча ды iмшарына, iржышча. У пасьляваенную пару ў БССР заканамерныя (з прыстаўным галосным) беларускiя формы назову места – Амсьцiслаў ды Імсьцiслаў – у пiсьмовай мове практычна не выкарыстоўвалiся – дамiнавала, як вядома, афiцыйная форма Мсьцiслаў. Дамiнуе яна й сёньня, аднак пры гэтым вiдаць i тэндэнцыя на пашырэньне як у вусным лiтаратурным маўленьнi, так i на пiсьме варыянту Амсьцiслаў – з прыстаўным галосным [а].

Цяпер – пра зьмены ў моўнай плынi. Калi папярэдняе слова канчаецца на галосны, прыстаўны гук перад групаю зычных, першы зь якiх [л] або [р], як правiла, зьнiкае: iльготановая льгота, iльняны на льняным абрусе, iрваць – пайсьцi рваць, iржа – бюракратычная ржа. (У Купалы, напрыклад, чытаем: “Не чакай, што ржа з гадамi паесьць ланцугi, што мiнуцца сабой самi нагайкi, штыхi”.)

У сваю чаргу калi першым у зьбегу зычных гук [м], прыстаўны пасьля слова на галосны часта захоўваецца: па iмшарыне, на iмшу, у iмгле, яна iмчала (формы без прыстаўнога – па мшарыне, на мшу, у мгле, яна мчала – вiдавочна, радзейшыя ў сёньняшнiм маўленьнi).

У словах з прыстаўкаю на галосны прыстаўны [i] утваральнага слова звычайна зьнiкае: iльга – нельга, iльсьнiццазальсьнiцца, iмглiцьзамглiць, iмчацьзамчаць, памчаць, iмкнуццапамкнуцца, iржавецьзаржавець.

Размова аб прыстаўных галосных будзе няпоўнаю, як ня ўспомнiм пра выпадкi iх разьвiцьця i перад спалучэньнямi зычных, у якiх няма першых [л], [м], [р], i проста перад адзiночнымi зычнымi. Маю на ўвазе формы агульных назоўнiкаў iстужка, iскрыпка, арабiна, уласнага iмя Адар’я, а таксама формы дзеяслова iсьцiiшоў, iшла, iшло, iшлi. (напр.: Пальцы смыка i струн iскрыпкi ня краталi здаўна (А. Салавей); За парканам сьпелi яблыкi i арабiны (К. Чорны)). Згаданыя дзеяслоўныя формы без прыстаўнога гуку, як вядома, не ўжываюцца, усе ж памянёныя назоўнiкавыя формы суiснуюць з рэгулярнейшымi ў лiтаратурным маўленьнi варыянтамi без прыстаўных [i] ды [а]: стужка, скрыпка, рабiна, Дар’я.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG