Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для i дзеля


Юрась Бушлякоў, Менск

Слова дзеля заўсёды дарэчы, калi гаворым, што робiм нешта для дабра, у iмя некага або нечага. Напрыклад: дзеля цябе пастараюся, прыйду дзеля вас, дзеля справы гатовы на ўсё. Скарыстаць слова дзеля можам таксама, называючы мэту дзеяньня: сказалi дзеля сьмеху, працуюць дзеля славы. У гэтым значэньнi, праўда, паралельна зь дзеля й, вiдавочна, часьцей за дзеля ўжываецца прыназоўнiк для. Як правiла, гаворым, што сабралiся для работы, але, паўтаруся, сабрацца можна й дзеля работы, то бо з мэтаю яе выканаць.

Яшчэ слова дзеля магчымае ў прычынным значэньнi: да прыкладу, дзеля сьпёкi не расьце, дзеля транспарту спазьнiўся. Такiя фразы часьцей можна пачуць сёньня ў дыялектнай мове, перш за ўсё ў цэнтральнай i паўночна-заходняй Беларусi, тады як у цяперашнiм лiтаратурным маўленьнi дзеля з прычынным значэньнем – даволi рэдкая зьява. Напомню й пра слова дзеля ў складзе адметнага беларускага злучэньня. Можам сказаць: дзеля ўсяго дзеля мы забралi iх з сабою. Дзеля ўсяго дзеля значыць ‘на ўсякi выпадак’.

А зараз – пра пару выпадкаў, калi слова дзеля нам не падыходзiць. Называючы прызначэньне рэчы, прылады, карыстаемся словамi для або на: па-беларуску вядро на ваду або для вады. Прыназоўнiк для ўжываем таксама, кажучы пра тое, што мае для некага цi нечага значэньне, сiлу: прыкладам, для мяне гэта важнае пытаньне, для яго гэта малы клопат.

Ёсьць у мове – мы гэта ўбачылi – дзялянка толькi для слова дзеля, ёсьць выпадкi, калi ўжыць можна толькi для, ёсьць, нарэшце, i супольная абодвум словам прастора. Завяршаючы, як заўжды, паўторым: працаваць дзеля сябе, партнэрства дзеля мiру, пайсьцi дзеля ўсяго дзеля, не пасьпець дзеля дажджу, сустрэцца для перамоваў, месца для стаянкi, добра выглядаць для свайго ўзросту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG