У гэтым выпуску нашай перадачы мы прапануем вам знаёмства з чалавекам, які доўгія гады водзіць параплавы на Лене, але сапраўднае ягонае захапленьне - іншая справа, да якой цягнецца душа.
(Баркоўскі: ) “Адразу прыму беларускае грамадзянства, паміраць то ўжо ў Беларусі трэба”.
Алесь нарадзіўся пад Іркуцкам. Амаль кожнае лета бацькі прывозілі яго ў сваю родную вёску Міханавічы пад Менскам. Потым бацьку накіравалі на працу ў Беларусь, і Алесь пасьпеў скончыць школу ў Дзяржынску. Далей сям’я пераехала ў Якуцк, цяперашняя Рэспубліка Саха.Там Алесь скончыў вучэльню і атрымаў прафэсію судавадзіцеля.
Можа таму, што плаваць па сібірскіх рэках даводзіцца толькі кароткі летні сэзон, у вольныя пад час доўгай зімы дні Алесь пачаў шукаць зьвесткі пра беларусаў у Якуціі.
(Баркоўскі: ) “Як вядома, у 1953 годзе памёр Сталін, тады патроху пачалі выпускаць людзей з лягераў. 19 травеня 1956 году ў газэце “Северная заря”, якая выдавалася ў паселішчы Усьць-Нэра, была ўпершыню зьмешчаная літаратурная старонка з падборкаю твораў мясцовых літаратараў, сярод якіх былі рабочы саўгаса “Багаланяк” Варанецкі і рабочы Кругляк, работнік паліклінікі Сяргей Новік. Адзначым, што Сяргей Новік – гэта вядомы беларускі паэт-песеньнік Сяргей Новік-Пяюн, аўтар знакамітай песьні “Зорачкі”.
На пачатку 90-х гадоў Алесь Баркоўскі быў адным з арганізатараў стварэньня беларускай суполкі ў Якуцку разам з пісьменьнікам Іванам Ласковым.
Беларус з Гомельшчыны Іван Ласкоў пасьля заканчэньня ў Маскве вучобы на літаратурных курсах паехаў у 1971 г. у далёкі Якуцк за сваёй жонкаю – якуцкаю пісьменьніцаю, зь якой разам вучыліся. На жаль, пісьменьнік трагічна загінуў у 1994 годзе.
Алесь Баркоўскі ўспамінае.
(Баркоўскі: ) “Ён быў вядомым, працаваў у рэдакцыі. Зайшоў да яго, і пачалі ствараць. Далі аб’яву, адгукнулася шмат, на першым пасяджэньні пачаліся разнагалосьсі. Тады і ў Беларусі, і там ішлі спрэчкі – хто за “Пагоню”, за бел-чырвона-белы шлях, хто супраць”.
Беларуская суполка “Суродзіч” працуе ў Якуцку і цяпер.
Аднак, многія з беларусаў пакідаюць суровы край і вяртаюцца на Радзіму. Пацягнула дахаты і Алеся Баркоўскага. Ён купіў кватэру ў Менску і перавёз туды жонку і траіх дзяцей. Але, сам яшчэ працуе сэзонна ў Якуціі.
Аўтар “Зорачак” Сяргей Новік-Пяюн, зьвесткі пра якога знайшоў у Якуцку Алесь Баркоўскі, добра вядомы ў Беларусі, бо свае апошнія гады ён пражыў на Радзіме.
А вось пра ўспомненага тут іншага беларуса - паэта Міколу Варанецкага на Бацькаўшчыне было амаль нічога невядома.
(Баркоўскі: ) “З асабістай справы, што захоўваецца пад скляпеньнямі архіва МУС Рэспублікі Саха –Якуція бачна, што Варанецкі, ён жа Варона-Варанецкі, Мікалай Аляксеевіч нарадзіўся у вёсцы Пясочнае Капыльскага раёну ў 1909 г., беларус. Да выгнаньня жыў у Моўчадзі Баранавіцкай вобл., дзе працаваў завучам сярэдняй школы. У 1938 годзе скончыў Менскі пэдінстытут.
30 кастрычніка 1946 года ваенны трыбунал Менскага гарнізона разгледзеў справу абінавачаньня былога ваеннаслужачага Чырвонай арміі Вароны-Варанецкага ды выявіў наступнае. Варона-Варанецкі ў студзені 1940 г. агентам польскай выведкі Ільлічовым быў завербаваны ў шпіёнскую тэрарыстычную арганізацыю, за што 22 чэрвеня 1941 г. быў арыштаваны, але з-за вайсковых ваенных дзеяньняў з турмы быў вызвалены. У ліпені 1941 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. У верасьні 41 г. трапіў у акружэньне і вярнуўся ў Менск. Жывучы на часова акупаванай тэрыторыі, Варона-Варанецкі у 1941 г. дабраахвотна паступіў на службу да нямецкіх уладаў на пасаду настаўніка 29–й школы, а потым – нарыхтоўшчыкам прадуктаў для сталоўкі пры БНС (Беларуская Народная Самапомач).
Ваенны трыбунал прыгаварыў пазбавіць яго волі на 10 гадоў.
Гэтак Варанецкі трапіў у пасёлак Усць-Нэра. 30 сакавіка 1956 года быў вызвалены.”
Аднак вярнуцца ў Беларусь Міколу Варанецкаму не давялося. Беларускія патрыятычныя арганізацыі ваеннага часу агулам былі залічаныя да ліку здрадніцкіх і ворагамі народа аб’яўляліся нават тыя, хто мусіў вучыць дзяцей у школах, працаваць у шпіталях ды сталоўках.
Алесь Баркоўскі працягвае.
(Баркоўскі: ) “Варанецкі застаецца ва Ўсьць-Нэры і ўладкоўваецца на працу выхавацеля ў школу-інтэрнат. Пачынае выпісваць “Полымя”, “Беларусь”, “Літаратуру і мастацтва”, адкуль тое-сёе перакладае для мяйсцовага друку. Дасылае Варанецкі свае зацемкі і ў Беларусь.
На схіле гадоў Мікола Варанецкі пакінуў Усьць-Нэру і пасяліўся ў Сяміпалацінску.
Напэўна, у Варанецкага былі і беларускія матэрыялы, якія пісаліся ў шуфляду, але яны пакуль невядомыя”.
Невядомы таксама і далейшы лёс Міколы Варанецкага, магчыма яшчэ нехта памятае яго на Бацькаўшчыне. Варта дадаць, што ў Якуціі наш суродзіч быў вядомым, як паэт-песеньнік”.
Мікола Варанецкі не адзіны з тых шматлікіх ахвяраў сталінізму, якія трапілі ў Якуцію.
Алесь Баркоўскі знайшоў унікальныя архіўныя дакумэнты пра аднаго з удзельнікаў паўстаньня Каліноўскага, які разам з паплечнікамі спрабаваў вырвацца з імпэрыі праз пецярбургскі порт, але ўратавацца ад перасьледу не ўдалася.
(Баркоўскі: ) “У 1863 годзе ў Ельні дабраахвотна прышоў да царскіх уладаў камандзір паўстанцкага атрада з Меншчыны Мельхіёр Чыжык. Яго адразу завезлі ў Менск. Выявілася, што ён адыгрываў вельмі важную ролю ў паўстаньні. Былы выхаванец кадэцкага корпуса ў Полацку, ён узначаліў паўстанцкі атрад на Барысаўшчыне і сама больш змог пратрымацца ў вядомай бітве пры Ўладыках, калі шмат паўстанцаў патанула ў рацэ. Ён адзін толькі змог выратаваць людзей і з імі адышоў у чэрвеньскія лясы.
Адразу яму прызначылі сьмяротнае пакараньне, а потым замянілі на 25 гадоў ссылкі.
Пасьля адбыцьця ссылкі на Катуі, Мельхіёр Чыжык падаўся на Лену, асяліўся ў паселішчы Мача і стаў працаваць на залатых капальнях. Потым ён стаў нават упраўляючым гэтых капальняў. Туды прыехала ягоная нявеста Гедройц Станіслава.
На гэтую Мачу пачалі прыяжджаць паўстанцы, каб зарабіць грошай. Калі іх выпускалі са ссылкі, грошай у іх не было на дарогу, яны і зараблялі. Там працаваў і Вярыга-Дарэўскі, беларускі пісьменьнік”.
З лёсамі ссыльных паўстанцаў аказалася зьвязанаю дзейнасьць яшчэ аднаго адметнага чалавека, неспакойнае жыцьцё якога часта перапляталася з падзеямі беларускай гісторыі.
Ізноў гаворыць Алесь Баркоўскі.
(Баркоўскі: ) “З дакумэнтаў, якія захаваліся ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Саха –Якуціі, бачна, што ў 1908 годзе да якуцкага губэрнатара зьвярнуўся вікарый Іркуцкага касьцёла Жыскар з просьбаю падаць зьвесткі пра сасаланых у Якуцію паўстанцаў 1863-64 году, якія жадалі б паехаць на Радзіму і там спакойна правесьці апошнія гады свайго жыцьця і якім ён адразу вышле грошы на дарогу
А хто ж такі быў ксёндз Жыскар з францускім прозьвішчам?
Ксёндз Жыскар вядомы як аўтар кнігі пра гісторыю Магілеўскай дыяцэзыі, якая выйшла ў 1913 у сэрыі “Нашы касьцёлы”.
Варта нагадаць, што менавіта Іркуцкі дэканат Магілеўскай архідыяцэзыі апекаваўся ссыльнымі паўстанцамі-каталікамі ў Якуціі.
Пра далучанасьць ксяндза Жыскара да беларускіх справаў яскрава сьведчыць ўрывак з прадмовы да кнігі.
(Баркоўскі: ) “Краіна Беларусь, да апісаньня якой прыступаем, асабліва дарагая нашаму сэрцу, бо не адзіная сьляза ды боль тыя вузы ўтварыла. Нашая мэта даць чытачам не навуковае дасьледаваньне, сухія старонкі этнографа, а абразкі, якія дадуць нам уяўленьне пра гэтую мясцовасьць. Часта апісваемую краіну называем Літвою. Ды і вялікі наш вяшчун Міцкевіч, калі апісваў у вершах наваградзкую старонку, гэтую самую назву ўжывае: “О Літва, Айчына мая”...
Пісаць буду аб краі, пераважна населеным беларусамі. Такім чынам, няхай мне вольна будзе яго Беларусью назваць замест Паўночна-заходнягя краю”.
Жыцьцёвы шлях ксяндза Жыскара быў прыкладам адданасьці ў служэньні сваёй веры..
(Баркоўскі: ) “Ксёндз Юзэфат-Фрэдэрык Жыскар нарадзіўся ў 1868 г. Ягоны бацька – француз каталіцкага веравызнаньня, а маці – немка-пратэстантка. Пасьля заканчэньня Пецярбургскага кадэцкага корпуса ў 1886 г., ён паступіў у пецярбургскую каталіцкую сэмінарыю. Пасьля заканчэньня сэмінарыі Жыскар з 1891 пачынае служыць пры касьцёле сьв. Кацярыны у Пецярбурзе. Неўзабаве за актыўную на карысьць каталіцкай веры сярод расейцаў ен быў высланы з Пецярбурга.
Але у правінцыі ён доўга не затрымаўся, бо здолеў перабрацца ў Ватыкан. Атрымаўшы там дапамогу і дабраславеньне, ізноў нелегальна вярнуўся ў Пецярбург, дзе стаў патаемна праводзіць катэхізацыю расейцаў”.
У 1896 г. у сувязі з маніфэстам Мікалая 11, які абвяшчаў амністыю тым, хто правініўся перад пануючай вераю, ксёндз Жыскар быў амніставаны і накіраваны пробашчам у Дэрпт, там ён знаходзіў час, каб патаемна прыязджаць на Меншчыну ды Падляшша дзеля рэлігійных паслугаў былым уніятам. Аднойчы пад час службы ў лесьнічоўцы яго захапіў паліцыянт, але вернікі адбілі яго ды схавалі. Потым Жыскар паехаў у Вільню да сваёй маці, якая жыла з дачкою, што была замужам за праваслаўным афіцэрам. Негледзячы на гэта, ён паведаміў сваім крэўным, што ў Вільні будзе нелегальна аказваць рэлігійныя паслугі былым уніятам. Тыя паставіліся з разуменьнем да гэткіх намераў.
(Баркоўскі: ) “У хуткім часе ксёндз Жыскар быў высачаны паліцыяй, але яму ізноў пашчасьціла зьбегчы ў Італію. Там паблізу Рыму ён заснаваў таварыства сьв. Юзафата, каб рыхтаваць мэсіянераў для Расеі, але хутка яны былі зачыненыя з-за недахопу сродкаў.
Ксёндз ізноў нелегальна вярнуўся ў Расейскую імпэрыю і зноў працягнуў місійную справу сярод былых уніятаў. Але быў схоплены паліцыяй і зьняволены ў Дзьвінску, а потым пераведзены ў Варшаўскую цытадэль. У выніку быў асуджаны на 5 гадоў выгнаньня ў аддаленыя губерніі Расеі.
Пасьля памілаваньня служыў пробашчам у іркуцкім касьцёле. Па абавязках службы неаднаразова бываў у Якуцкай губэрніі дзеля аказаньня дапамогі ў духоўных патрэбах каталікоў”.
Стагодзьдзямі вольналюбівыя (і за гэта сасланыя) беларусы абжывалі
для Расеі Сыбір. Цяпер пачынае адкрывацца нам беларуская частка сыбірскай гісторыі, гісторыі, якую мала хто дасьледваў і ніхто не напісаў, гісторыю, якая павінна была б увайсьці ў школьныя падручнікі.