Алесь Сечка, 24 гады, нарадзіўся ў горадзе Масты на Гарадзеншчыне, вучыўся ў Менску ў Палітэхнічнай акадэміі, цяпер жыве ў ЗША.
(Сечка: ) "Жыву я ў штаце Мінэсота – гэта на Поўначы ЗША, недалёка ад мяжы з Канадаю. У Амэрыцы я з чэрвеня 2000 году, прыехаў сюды па студэнцкай праграме і застаўся.
Вучуся і працую. Вучуся ў каледжы, вывучаю кампутарныя тэхналёгіі, праграмаваньне, кампутарныя мовы, архітэктуру кампутарную. За вучобу ў маім каледжы трэба плаціць, сваімі грашыма я плачу палову, а на другую палову я бяру крэдыт. Я мяркую, што далей буду працягваць навучаньне ва Ўнівэрсытэце Мінэсоты.
Я працую на дзьвюх працах. Адна праца – гэта працую вартаўніком, другая – разгружаем трэйлеры з чыпсамі. Вядома ж, усё па начах, бо ўдзень мне трэба хадзіць у каледж. Жыцьцё ня вельмі лёгкае, але калі працуеш, то не заўважаеш. Неяк прызвычаіўся, паставіў перад сабою нейкія мэты і працую дзеля іх дасягненьня.
Я ўсё ж такі думаю, што выбар мой – застацца тут, быў правільным. Я пакуль што не пляную заставацца тут на ўсё жыцьцё, але зрабіць сабе нейкі падмурак, нейкую базу тут усё ж можна, а потым паглядзім. Вядома ж, хачу вярнуцца дахаты.
Найбольшая праблема ў маім жыцьці зараз – гэта адчуваньне сябе чужым у гэтай краіне, недахоп сяброў, недахоп асяродзьдзя беларускага. Я занадта сябе самотным адчуваю. Да гэтага, калі я жыў у Нью-Джэрсы, я наведваў сходы БАЗА і ў царкву беларускую хадзіў. Там было ня вельмі добра з працаю, таму я пераехаў у Мінэсоту. Але тут прадстаўніцтва БАЗА няма. Я выбраў Мінэсоту з банальнай прычыны, таму што тут мне прапанавалі працу. Асабліва тут нічога выдатнага няма, холадна ўзімку, горача ўлетку. Прырода падобная да беларускай, раўніна, ніякіх гораў.
Я жыву ў мястэчку– гэта прыгарад Мінэапаліса. Людзі тут на 88-89% адсоткаў белыя, у асноўным выхадцы з Нарвэгіі, Швэцыі, Нямеччыны.
Я не жанаты і ня ведаю яшчэ, калі буду. Дзяўчаты амэрыканскія для мяне ня вельмі. Спрабаваў некалькі разоў знаёміцца, занадта мы розныя.
У сваім жыцьці, вядома, я думаю пра тое, каб нешта зьмяніць, але гэта ня будзе хутчэй, чым празь некалькі гадоў. І адно з самых першых маіх жаданьняў – калі заставацца тут, то пераехаць у Агаё. Штат нармалёвы і там даволі моцная беларуская суполка ў Кліўлендзе. Я езьдзіў туды на зьезд беларусаў Паўночнай Амэрыкі, мне там спадабалася.
Беларусьсю, вядома, цікаўлюся, сачу за навінамі ў Беларусі і вельмі перажываю, канечне, боль...”