Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяніс Тушынскі



Дзянісу Тушынскаму 24 гады. Ён выпускнік Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, а цяпер ёсьць асьпірантам катэдры псыхалёгіі пэдунівэрсытэту імя Максіма Танка. Акрамя таго Дзяніс Тушынскі працуе ў Таварыстве беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Кажа, што ў жыцьці трымаецца некалькіх асноўных накірункаў: навукі, грамадзкай дзейнасьці й бізнэсу.

(Тушынскі: ) “Некалькі гадоў таму я ня ведаў, што дакладна мне рабіць. Але потым сеў, падумаў, асэнсаваў свае жыцьцёвыя мэты й у гэтым накірунку рухаюся. Лепш за ўсё ўдаецца навуковая праца, бо яна залежыць толькі ад мяне. А цяжэй за ўсё – бізнэс, бо ў нас ёсьць пэўныя перашкоды. Бізнэс – гэта інтэрнэт-крама. Хачу гандляваць беларускай літаратурай праз інтэрнэт. На беларускую літаратуру, безумоўна, існуе попыт. Да прыкладу, да нас часта заходзяць людзі, асабліва з рэгіёнаў, і кажуць, што там становішча зь літаратурай вельмі цяжкае. У бібліятэках усё старое й новага туды ніхто нічога не прывозіць, а таму я думаю, што попыт будзе. Ну, а грамадзкая праца добра ідзе, бо ў нас нармалёвы калектыў і мы досыць эфэктыўна працуем.

Калі казаць пра дзяржаву, то трэба ўдасканальваць працэс дэмакратызацыі, усталёўваць нацыянальную дзяржаву, падвышаць рэальны статус беларускай мовы. Паляпшаць трэба ўсё, бо працэс разьвіцьця – ён бясконцы, і дасканаласьці дасягнуць, фактычна, немагчыма. То бок, трэба проста ўдасканальвацца. Ёсьць сфэры жыцьця, якія абсалютна занядбаныя. Да прыкладу, тая ж грамадзкая праца па дапамозе дзецям-інвалідам, праца з састарэлымі людзьмі й гэтак далей. Безумоўна, паколькі я працую ў ТБМ, мяне ня могуць не хваляваць пытаньні беларускай мовы й беларускай культуры. Ёсьць яшчэ экалягічная тэматыка, над якой гэтаксама трэба працаваць. Мае пляны – завершыць дысэртацыю, абараніць яе, а таксама займацца бізнэсам і далей працаваць у ТБМ. Людзям свайго веку я б пажадаў вызначаць свае мэты як мага раней. Бо вельмі шмат ёсьць людзей, я такіх гэтаксама ведаю, якія ў сярэдзіне жыцьця пачынаюць разумець, што яны жывуць ня так, як хацелі бы жыць. Таму вызначайцеся раней”.
XS
SM
MD
LG